Лукашэнка баіцца беларусаў?


Польшча, NATO, ЗША кожны дзень пагражаюць нашай краіне. Такія словы можна было пачуць ад Лукашэнкі падчас сённяшняга паседжання гэтак званага Усебеларускага народнага сходу. Але больш за ўсіх Лукашэнка баіцца самых беларусаў. Узгадаў ён і полк Каліноўскага, і выбары ў Каардынацыйную раду.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Беларусы – галоўныя ворагі Лукашэнкі. Гэткую выснову можна зрабіць з выступу самаабвешчанага прэзідэнта на сённяшнім паседжанні так званага Усебеларускага народнага сходу. Іншыя пагрозы рэжыму – ЗША, NATO і Польшча. Гэта неаднаразова паўтарыў сам старшыня УНС, а таксама ягоныя сілавікі.

«Яны сапраўды вераць у тое, што Захад, NATO вядуць супраць іх нейкія аперацыі. Яны рэальна вераць у тое, што беларускім грамадствам кіруюць замежныя спецслужбы. Яны сапраўды вераць ва ўсе гэтыя байкі, што іх збіраецца нехта атакаваць. Яны, сыходзячы з гэтага плануюць свае рэальныя дзеянні. Менавіта таму яны заўжды і прайграюць», – зазначае вайсковы аналітык «Белсату» Зміцер Міцкевіч.

Міністр абароны Хрэнін, прадстаўляючы ваенную дактрыну, таксама казаў пра пагрозы з боку Польшчы і краінаў Балтыі. Кіраўнік Камітэту дзяржаўнай бяспекі Іван Церцель пайшоў яшчэ далей і заявіў, што КДБ перадухіліў удары з тэрыторыі Літвы баявымі дронамі па аб’ектах у Менску і яго прадмесцях. Міністэрства абароны Літвы адрэагавала рашуча. Гінтаўтас Цюніс, прадстаўнік стратэгічных камунікацыяў літоўскага войска, заявіў:

«На 100 % гэта дэзынфармацыя. І тое, што Літва нанясе беспілотны ўдар па Беларусі, – гэта глупства, я не магу знайсці іншага слова».

Адказваць на міфічныя пагрозы Лукашэнка вырашыў рэальнымі. Ён заявіў, што ваяры палка Каліноўскага падстаўляюць пад удар сваіх блізкіх, якія засталіся ў Беларусі. Прыгразіў і забраць маёмасць. Не забыўся Лукашэнка і пра ядравы шантаж.

Усебеларускі народны сход. Менск, Беларусь. 24 красавіка 2024 года.
Скрыншот: Беларусь 24 / YouTube

Сёння Лукашэнка ўпершыню назваў колькасць расейскай ядравай зброі, якую нібыта размясцілі ў Беларусі. Паводле ягоных словаў, гаворка пра некалькі дзясяткаў самых сучасных ракетаў «Іскандэр» з ядравымі боегалоўкамі. У новай Ваеннай дактрыне ядравая зброя займае не апошняе месца.

«Гэта яшчэ адна памылка Лукашэнкі. У ягонай ацэнцы сітуацыі. Ён чамусьці думае, што знаходжанне на тэрыторыі РБ расейскай ядравай зброі павышае ягоную субʼектнасць у вачах усяго іншага свету. Хаця ў прынцыпе ўсім зразумела, што Лукашэнка гэтую зброю не кантралюе. Ніхто яму доступу да яе не дасць», – зазначае Зміцер Міцкевіч.

Падчас прэзентацыі яшчэ аднаго дакументу – Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, Лукашэнка згадаў і нейкі сакрэтны інструмент аб назіранні за грамадзянамі.

«Гэта выглядае на відавочна паліцэйскую дзяржаву, якая імкнецца кантраляваць усё. Тут, можа быць, нейкія агентурныя сеткі, так званае стукацтва, якое можна ў гэтай сістэме толькі заахвочваць. Гэта і кантроль інтэрнэту, і кантроль грамадства, які ёсць у Кітаі», – мяркуе гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

Ёсць месца ў лукашэнкаўскай канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і каляровым рэвалюцыям. Маўляў, яны магчымыя толькі праз дэструктыўнае ідэалагічнае ўздзеянне на насельніцтва.

«Мы ж ведаем гэтую тыповую сталінскую логіку, што ворагі звонку працуюць супольна з ворагамі ўнутры краіны. Вораг, які прысутнічае, рэальны вораг альбо патэнцыйны вораг у такіх умовах мусіць быць знішчаны», – лічыць Аляксандр Фрыдман.

Такія пастулаты дэлегаты УНС павязуць у свае працоўныя калектывы. Перадаць землякам усё, пра што казалі ў Палацы Рэспублікі цягам гэтых двух дзён, прасіў асабіста Лукашэнка.

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»