У Менску скароцяць колькасць 10-х класаў


Недахоп працаўнікоў – усё яшчэ адная з галоўных праблемаў беларускай эканомікі. Змагацца з крызісам на рынку працы пастанавілі з дапамогаю Міністэрства адукацыі. У ведамстве заявілі пра павелічэнне набору ў каледжы і прафесійныя ліцэі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У менскіх школах чакаецца скарачэнне дзясятых класаў. Паводле Міністэрства адукацыі, з дваццаці адной тысячы дзевяцікласнікаў палова пойдуць вучыцца ў каледжы. У ведамстве адзначаюць: выбар у бок сярэдняй адукацыі робяць усё больш маладых беларусаў. Калі 5 гадоў таму гэта былі толькі 20 адсоткаў абітурыентаў, цяпер – 50.

«Мне здаецца, гэта слушная тэндэнцыя, што вышэйшая адукацыя мусіць заставацца вышэйшай і не масавай, а сярэдне-прафесійная адукацыя мусіць выходзіць на ўзровень адэкватнага рыхтавання, адпаведнага эканоміцы краіны. Іншае пытанне, што сістэма адукацыі Беларусі не зусім да гэтага гатовая ў плане адпаведнасці матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння міжнародным стандартам», – мяркуе незалежная экспертка ў галіне адукацыі Святлана Мацкевіч.

Чыноўнікі не хаваюць: дамагчыся такіх вынікаў яны змаглі дзякуючы актыўнай прафарыентацыйнай дзейнасці. Школьнікі наведваюць не толькі будучыя альма-матар, але і месцы працы. Паводле ведамства, больш за дваццаць буйных прадпрыемстваў Менску пагадзіліся правесці адмысловыя экскурсіі – з майстар-класамі ды сустрэчамі з наймальнікамі.

«Вядома, калі ў нас вялікія тэрміны навучання ў вышэйшых установах – пяць гадоў. Пяць гадоў чакаць – дык гэтыя прадпрыемствы ўвогуле змарнеюць, там разбягуцца ўсе. Значыць, трэба скарачаць тэрміны навучання – менавіта ССНУ і ПТВ. Там два-тры гады, а паводле новага кодэксу паўтара – і ты хуценька заткнеш гэтую дзірку», – кажа акадэмічны дырэктар Інстытуту развіцця сацыяльнага рынку для Беларусі і Усходняй Еўропы Андрэй Лаўрухін.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ваўкавыскі педагагічны каледж. Фота з профілю каледжу ў Інстаграм

Атрымаць сярэднюю спецыяльную адукацыю ў Беларусі можна больш чым у двухсот дваццаці ўстановах. Штогод яе абіраюць каля сарака тысяч навучэнцаў. Меншай папулярнасцю ў беларускіх школьнікаў карыстаюцца прафесійна-тэхнічныя ліцэі: у больш чым 170 установах набіраюць каля 26 тысяч асобаў. У той жа час ва ўніверсітэты летась паступілі каля 50 тысяч абітурыентаў. Скарачэнне прыёму ў ВНУ эксперт звязвае не толькі з эканамічнай сітуацыяй у краіне, але і з палітычнаю.

«Адныя суцэльныя мінусы для ўладаў. Вучыцца доўга, дзіркі імі заткнуць немагчыма, палітычныя погляды ў іх з’яўляюцца, а прафесійныя ўменні, патрэбныя на рынку працы – не», – адзначае эксперт.

Нягледзячы на тое, што чыноўнікі робяць стаўку на прафесійную адукацыю, гэта пакуль ніяк не ўплывае на крызіс рынку працы. Летась у краіне на 20 адсоткаў упала занятасць у транспартнай галіне, на 13,7 – у будаўніцтве. Лідарам у скарачэнні кадраў стала сфера інфармацыйных тэхналогіяў – 39 адсоткаў.

«Людзі эмігруюць. І гэта пераважна высокакваліфікаваныя спецыялісты. І таму ўзнікае гэты дэфіцыт кадраў, які спрабуюць статыстычна схаваць. Але не атрымліваецца – і гэта відавочна», – мяркуе Святлана Мацкевіч.

Раней Мінадукацыі анансавала ўвядзенне новых спецыяльнасцяў. Гэтак, каледжы пачнуць рыхтаваць рабочых для электроннай прамысловасці, мікра- і нанаэлектронікі.

Наста Печанькова, «Белсат»