Што будзе з курсам беларускага рубля?


Дэвальвацыя беларускага рубля ў наступным годзе працягнецца, але без рэзкага ўзрушэння, прагназуюць прадстаўнікі некаторых банкаў. Але ёсць істотныя фактары рызыкі, што могуць выклікаць абвал нашай валюты. Сярод іх – празмерная залежнасць беларускай эканомікі ад расейскай.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Дэвальвацыя беларускага рубля налета можа скласці да 10 % – прагназавалі прадстаўнікі некалькіх банкаў падчас «Кірмашу фінансавання», піша «Office Life». Сёлета курс долара ў Беларусі хоць і пераадолеў псіхалагічную рысу ў 3 рублі, але рэзка не абвальваўся.

«Прынамсі, можна быць больш-менш спакойнымі да вясны, бо ўвесну ў Расеі прэзідэнцкія выбары. Бо да выбараў яны кінуць усе магчымыя рэсурсы, каб падтрымліваць эканамічную стабільнасць, каб падтрымліваць стабільнасць расейскага рубля, а ўскосна гэта будзе абазначаць і для беларускага рубля, і беларускай эканомікі ўскосную стабільнасць», – кажа спецыяліст у міжнародных эканамічных стасунках Алесь Чайчыц.

Беларуская эканоміка моцна залежыць ад Расеі, адзначае эксперт. Доля ўсходняй суседкі ў вонкавым гандлі Беларусі вырасла да 60 %, казаў у траўні расейскі амбасадар у Менску Барыс Грызлоў. А налета рэжым Лукашэнкі хоча нарасціць экспарт у Расею яшчэ на 7 %, заяўляе намеснік прэм’ер-міністра Пётр Пархомчык. Але расейскі рубель можа пахіснуцца, папярэджвае эканаміст Яраслаў Раманчук.

«Як толькі пачнуць больш сурʼёзна шчыміць парушальнікаў санкцыяў адносна Расеі, я думаю, сітуацыя з расейскім рублём і доларам у Расеі будзе зусім іншая. Будзе сурʼёзнае падзенне. Асабліва калі будуць значныя перамогі ўкраінскай арміі на фронце», – мяркуе эканаміст Яраслаў Раманчук.

Паводле «Эканамічнай газеты», ціск на валютны рынак можа аказаць вонкавае гандлёвае сальда Беларусі. За першыя восем месяцаў гэтага года яно было адмоўным: мінус 1 мільярд 600 мільёнаў долараў. У верасні Беларусь выйшла ў плюс, але пра тэндэнцыю казаць рана, адзначае выданне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Галоўны офіс «Беларусбанка». Менск, Беларусь. 16 сакавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

«Галоўным фактарам была, ёсць і будзе здольнасць Лукашэнкі і ягоных чыноўнікаў знаходзіць пакупнікоў дзесьці ў далёкіх экзатычных рэгіёнах. І здольнасць пераконваць Расею надалей нас падтрымліваць і даваць дадатковыя грошы», – кажа Алесь Чайчыц.

Стан беларускай і расейскай эканомік і курс нацыянальных валютаў таксама залежыць ад таго, ці ёсць у краінаў магчымасць прадаваць сыравінныя тавары, мяркуе Яраслаў Раманчук.

«Сыравінныя тавары – гэта нафта, у беларускай сітуацыі – калійныя ўгнаенні. Попыт ёсць. І, вядома, гэты попыт дазваляе ўтрымліваць гандлёвы і плацежны баланс. Ёсць таксама вялікая колькасць абмежаванняў на валютным рынку», – тлумачыць Яраслаў Раманчук.

Пакуль што прадстаўнікі банкаў, апытаныя выданнем «Office Life», прагназуюць курс долара на наступны год у сярэднім 3 рублі 40 капеек. Ці спраўдзіцца прагноз – пабачым.

Валянцін Васіленка, «Белсат»