Чаму ўлады рэпрэсуюць сваіх прыхільнікаў?


Культурная і палітычная зачыстка працягваецца: Мінадукацыі забараніла папулярнаму сярод моладзі спеваку і блогеру выступаць у школах. Пасля даносаў праўладнай актывісткі Вольгі Бондаравай. Прыхільнікі ўладаў усё часцей трапляюць пад рэпрэсіўную машыну.Гэта выпадковыя памылкі ці непазбежная логіка рэпрэсіяў?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Блогеру і спеваку Дзім Дзімычу забаранілі выступаць на школьных сустрэчах. Паперу з Мінадукацыі апублікавала праўладная актывістка Вольга Бондарава, якая пісала на блогера даносы. Пасля абвінавачанняў у прапагандзе ЛГБТ блогер знік з рэкламнай кампаніі «Еўраопту». Яго выклікалі ў Міністэрства культуры і на эфір да Азаронка – апраўдвацца. Раней Дзім Дзімыча запрашалі на праўладныя канцэрты. Але цяпер над ім згусціліся адміністратыўныя хмары.

«Я мяркую, што гэта спроба перадзелу рынку – выбіць такога самастойнага гульца, бо ён перш за ўсё камерцыйны праект, не асацыяваны з дзяржавай. І яны яго такім чынам адсунулі – і цяпер будуць прасоўваць нейкіх сваіх», – кажа блогер, аўтар тэлеграм-каналу «Post Rudzik» Ян Рудзік.

Бондарава змагаецца з беларускаю лацінкаю, з падручнікамі ды з магілёўскім секс-шопам. Маўляў, гняздо распусты ў цэнтры гораду. Адна з апошніх ахвяраў даносчыцы – кандытарка з Горадні. У ейных тартах актывістка пабачыла прапаганду парнаграфіі ды зноў-такі – ЛГБТ.

«Ёй жа нейкі кантэнт трэба выдаваць, па-першае. Па-другое, ёй трэба сваю важкасць паказваць: што яна актыўная, што яна ўвесь час у пошуку, што яна нешта знаходзіць. Бондараву выкарыстоўваюць як імітацыю грамадзянскай супольнасці і яе ціску. Але насамрэч гэта ўсё не проста так, і за ёю хтосьці стаіць», – мяркуе Ян Рудзік.

Дастаецца і прыхільнікам Лукашэнкі. Пад «сяброўскі агонь» праўладных тэлеграм-каналаў трапіла мазырская раёнка «Жыццё Палесся». Агітацыю паступаць у вайсковую акадэмію яна размясціла побач з рэкламай рытуальных паслуг. У гэтым пабачылі ідэалагічную дыверсію. Жлобінская пенсіянерка Ева Піскун скардзілася ў сацсетках на транспартнікаў, потым – на кіраўніцтва мясцовай міліцыі. І трапіла пад арышт як палітычная, хаця яна за Лукашэнку, піша выданне «Флагшток». Чаму рэпрэсіі не абмінаюць і прыхільнікаў улады?

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Sputnik Беларусь

«Ёсць нейкі натоўп людзей, якіх яны ўжо пасадзілі за ўдзел у пратэстах. Яны потым пераходзяць да тых, хто проста лайкае нейкія пасты або каментары. А калі і тут ужо ўсё зроблена – яны пачынаюць пераходзіць да тых, хто бліжэй», – тлумачыць логіку рэпрэсіяў палітычны аналітык Таццяна Ашуркевіч.

Гарадзенскі абласны суд заняўся ліквідацыяй Таварыства Элізы Ліцвінкі, ці Элізы Ажэшкі, – піша тэлеграм-канал «Право имеют». Хаця кіраўнік арганізацыі Аркадзь Гартунг і на праўладных мітынгах быў, і ў прапагандысцкай польскамоўнай праграме беларускага радыё бярэ ўдзел.

«Я лічу, што надзець крыжык, які будзе засцерагаць цябе ад гэтых наступстваў аўтарытарнай і таталітарнай машыны, проста немагчыма. І я думаю, што адзіны спосаб засцерагчыся – зруйнаваць гэты рэжым», – мяркуе Таццяна Ашуркевіч.

Значная частка прыхільнікаў улады не пачуваецца абароненай ад яе свавольства – казаў пазалетась даследнік Рыгор Астапеня з Цэнтру новых ідэяў. Цікава, ці змянілася сітуацыя на трэці год рэпрэсіяў?

Валянцін Васіленка, «Белсат»