10 гадоў як пабудавалі лукашэнкаўскі палац


А цяпер пра шык і бляск. Менавіта гэтым спрабуе здзівіць прапаганда. Што праўда, які дыктатар – такі і Вэрсаль. Лукашэнкаўскаму Палацу Незалежнасці – дзесяць гадоў. Тут узурпатар жыве, працуе і адпачывае. На юбілей прымаў гасцей: канкурсанткі Місс-2023, моладзевы актыў і ветэраны камсамольскага руху. Усе – у адным месцы. Толькі ўвесь гэты баль ці шабаш на грошы беларусаў. Прапаганда хваліцца Палацам Незалежнасці, толькі маўчыць, што незалежнасці бракуе.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Палац Незалежнасці у сталіцы. Месца правядзення міжнародных сустрэчаў, якіх кожным годам менш. Навагодні і выпускны баль, прыняцце дзяцей у піянеры, раздача ўзнагародаў лаяльным дзяржслужбоўцам і працоўнае месца Аляксандра Лукашэнкі.

«Гэтае месца не было задуманае, як месца працы прэзідэнта. Калі вас цікавіць, я магу сказаць, што да гэтай ідэі мяне падштурхнуў прэзідэнт Расеі», – прамовіў ён.

Будынку 10 гадоў, і з гэтай нагоды запрошаныя госці – ад піянераў да ветэранаў камсамолу. Гаспадар сціпла зазначае, што палацаў не любіць, але такі сімвал мусіць быць у дзяржавы.

Напярэдадні адкрыцця Палацу ў 2013 годзе Лукашэнка казаў:

«Мы потым народу пакажам. Ён будзе адкрыты, гэта не рэзідэнцыя прэзідэнта».

Але ж на будынку напісана «РЭЗІДЭНЦЫЯ ПРЭЗІДЭНТА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ». 10 гадоў таму напярэдадні першага праведзенага ў Палацы саміту (Садружнасці незалежных дзяржаваў) Лукашэнка з сынамі рабіў абход тэрыторыі. Пасадзіў першыя дрэвы, а таксама заклаў алею сваіх ганаровых гасцей. Пераконваў, што на будаўніцтва Палацу не ўзяў ні капейчыны з дзяржаўнага бюджэту.

Нібыта цалкам з айчынных матэрыялаў, паводле праекту, які нічым не нагадвае беларускую архітэктуру, а больш – азіяцкую.

Палац Незалежнасці.
Фота: «Белсат»

«Гэта ў пэўным сэнсе прыклад карупцыі. Таго маштабу карупцыі, якая існуе ў краіне. Бо насамрэч абсалютна невядома, за якія сродкі гэта будавалася. А галоўнае, нашто гэта будавалася? Таму што ў Лукашэнкі быў даволі прасторны будынак – будынак былога ЦК КПБ (вул. Карла Маркса 38). Функцыйна ён бы цалкам здавальняў. Але вось чалавеку, які дарваўся да ўлады, захацелася прадэманстраваць увесь маштаб сваёй улады», – кажа палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Сяргей Навумчык.

Трохузроўневы будынак 120/140 метраў і агульнаю плошчаю 54 000 кв.м. Беларусам паказалі добра калі 10 % гэтых пакояў, кажа блогер з каналу «Рэальная Беларусь» Арцём Шапараў.

«Нейкія людзі могуць з’яўляцца там. Акурат людзі блізкія да цела Лукашэнка, так ці інакш. Міс Беларусі-2023 вельмі блізкая, я перакананы, да цела Лукашэнкі. Гэта яго дом. Частка якую паказваюць па тэлебачанні – гэта прыёмы, выставы, тое, куды могуць пусціць хоць кагосьці. Там вельмі шмат калідораў і вельмі шмат месцаў, якія зачыненыя ад людскіх вачэй».

Было не толькі зачынена, але і максімальна ачэплена – у жніўні 20-га, калі беларусы з кветкамі і плакатамі ў руках патрабавалі праўды аб выніках выбараў. Увесь свет абляцела відэа, дзе Лукашэнка з сынам у бронекамізэльках і з аўтаматамі ў руках быццам бы гатовыя абараняцца ад свайго народу з тэрыторыі Палаца.

«Дыктатар прыйшоў на гэтую плошчу тады, калі беларускі народ сышоў. Ён прыйшоў паздымацца на камеру, як ён робіць гэта 30 гадоў для паказухі. Ён трус!» – адрэзаў Шапараў.

Палац так званай «незалежнасці» – твор дыктатара, які ў Новай дэмакратычнай Беларусі мае быць адаптаваны да людскіх патрэбаў, лічыць Арцём Шапараў. Сяргей Навумчык – колішні дэпутат Вярхоўнага Савету – мяркуе інакш:

«Я перакананы, што гэты будынак мусіць быць зруйнаваны, як сімвал тыраніі, якую зараз у пакутах вымушаная пераносіць Беларусь».

У краінах, якія пазбаўляліся ад тыранаў, заўжды паўставала пытанне – ці захоўваць сімвалы іхнай улады? Вырашаўся лёс архітэктуры і помнікаў праз рэферэндум ці палітычным рашэннем новай улады.

Юлія Цяльпук, «Белсат»