У Лідскім шпіталю чакаюць «лаяльных» санітарак


Міністэрства аховы здароўя заявіла пра намер развіваць традыцыйную кітайскую медыцыну ў Беларусі ды накіроўваць спецыялістаў на стажыроўкі ў Паднябесную. Пры гэтым колькасць працаўнікоў у галіне працягвае скарачацца. У асобных раёнах – недахоп малодшага медычнага персаналу.

Паводле лідскага тэлеграм-каналу «Голас гордага Гедыміна», у цэнтральным раённым шпіталі не стае больш як 30 санітарак.

«Бываюць сітуацыі, калі недахоп санітарак, адсутнасць вось гэтага дагляду можа «зруйнаваць» вынік нават самай цудоўнай аперацыі. Таму сітуацыя больш сур’ёзная, чым можа падацца», – адзначыла каардынатарка Фонду медычнай салідарнасці Лідзія Тарасенка.

Лідская цэнтральная раённая больніца лічыцца адною з найбуйнейшых медычных установаў у Гарадзенскай вобласці. Яна абслугоўвае тэрыторыю большую за Лідскі раён, на якой жывуць каля 250 тысячаў чалавек. У выніку санітаркі вымушаныя працаваць на паўтары стаўкі, паведамляе мясцовы тэлеграм-канал. На думку лекара і прафсаюзнага актывіста Станіслава Салаўя, для чыноўнікаў гэта выгадна, але не толькі з увагі на эканомію сродкаў: «На 1 стаўку вельмі маленькія заробкі. Адпаведна, каб атрымаць хоць нейкія грошы, чалавек мусіць працаваць на 1,5 стаўкі, з перапрацоўкамі. І пры гэтым дзяржава яшчэ і выйграе – глядзіце, якія ў нас заробкі ў медыкаў».

Згодна з сайтам Дзяржаўнай службы занятасці, Лідская больніца прапануе санітаркам ад 600 да 650 рублёў на адну стаўку. З патрабаванняў – толькі агульная сярэдняя адукацыя. Мы патэлефанавалі ў аддзел кадраў установы пад выглядам патэнцыйнага працаўніка, але з пратэсным мінулым.

«Мы – дзяржаўная ўстанова. Таму вы напэўна ў прыватніка пашукайце што-небудзь. Мы правяраем і такіх асоб не працаўладкоўваем», – адказалі ў шпіталі.

Пра сітуацыю з медычнымі кадрамі агулам у Беларусі кажуць афіцыйныя лічбы. Летась у жніўні, паводле Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у краіне шукалі больш за 3200 лекараў, амаль 3000 медычных сясцёр і амаль 1600 санітарак. Сёлета колькасць прапановаў ад працадаўцаў істотна вырасла. Цяпер у рэспубліканскім банку вакансіяў – амаль 4800 пазіцыяў для лекараў, 4000 – для медычных сясцёр і амаль 2900 – для санітарак.

«Тыя вакансіі, якія мы бачым у адкрытым доступе, гэта далёка не ўсе вакансіі. Існуе яшчэ і схаваны дэфіцыт медычных працаўнікоў. Таму што калі 2 чалавекі працуюць на 1,5 стаўкі, кожны закрываючы сабой 3 стаўкі, гэта не зусім нармальна. Калі, асабліва ў лекараў, працоўныя змены па 32 гадзіны – гэта ўвогуле ненармальна», – патлумачыла Лідзія Тарасенка.

Праблема з кадрамі ў той жа Лідзе склалася не толькі ў сферы аховы здароўя. Тэлеграм-канал «Голас гордага Гедыміна» паведаміў і пра недахоп дзяржаўных сядзелак. Маўляў, іх усяго 3 на больш як 130 тысячаў жыхароў раёну. Кандыдатаў у цэнтры сацыяльнага абслугоўвання чакаюць, але ж таксама з бездакорным мінулым: «Вы не думайце, што гэта проста я не хачу вас узяць на працу. Мы бюджэтная арганізацыя, за ўладу. Больш за тое, нашыя працаўнікі са сцягамі выходзяць за дзейную ўладу».

Лаяльнасць, упэўнены Станіслаў Салавей, для рэжыму цяпер важнейшая за людзей, за медыцыну ды і ўвогуле за ўсе сферы. Таму і кадравы голад у параўнанні з нелаяльнасцю падаецца меншым злом.

Ірына Юрʼева, «Белсат»