Расея знішчае ўкраінскае збожжа


У выніку начной атакі Расеі па Адэскай вобласці былі значна пашкоджаная партовая інфраструктура чарнаморскага ўзбярэжжа Украіны: знішчаны ангар са збожжам, а таксама рэзервуары для захоўвання розных грузаў. На гэты час вядома аб сямі пацярпелых. Пяць з іх шпіталізаваныя, адзін паранены ў цяжкім стане застаецца ў рэанімацыі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Паводле вайсковага эксперта Івана Ступака, на мэце ў Расеі – знішчэнне ўкраінскага зерня, і для яе дасягнення Масква разглядала шэраг варыянтаў:

«Або тапіць пустыя караблі, або блакаваць пустыя караблі, або тапіць караблі ўжо са збожжам, або сапраўды гэтак жа іх блакаваць. Або знішчаць партовую інфраструктуру. Каб… Ну, навошта звязвацца з караблямі, калі няма чаго вывозіць. Ну, вось няма чаго. Усё згарэла. Ніхто нікуды не едзе. І засыпаць рынак сваім збожжам».

Расея актывізавала маштабныя атакі на Адэскую вобласць на мінулым тыдні. Да такога развіцця падзеяў Украіна аказалася не гатовая. Каэфіцыент збівання варожых ракетаў і дронаў у гэтым рэгіёне складае 60 адсоткаў.

«Мы зараз бачым, што адэскі рэгіён, Адэса актыўна абстрэльваецца ракетамі, якія, на жаль, украінская супрацьпаветраная абарона збіваць не ў стане. Прынамсі тая супрацьпаветраная абарона, якая знаходзіцца на гэтым напрамку. Мы гаворым аб ракетах Х-22, мы гаворым аб ракетах “Онікс” – супрацькарабельныя ракеты, якія ляцяць вельмі хутка, а некаторыя з іх вельмі нізка», – кажа вайсковы аглядальнік, галоўны рэдактар сайту «Апостроф» Дзяніс Паповіч.

Менавіта такімі ракетамі ўначы на 23-га ліпеня быў абстраляны цэнтр Адэсы. Для гораду атака стала самаю канцэнтраванаю з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Загінуў адзін чалавек, 22 пацярпелі. Больш за 40 дамоў былі пашкоджаныя, у тым ліку 25 помнікаў архітэктуры. Расейскія прапагандысты актыўна абмяркоўвалі наступствы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pixabay.com

А ўжо сёння прэс-сакратар Крамля заявіў, што Расея не мае ніякага дачынення да абстрэлаў:

«Нашы ўзброеныя сілы ніколі не наносяць удараў па аб’ектах сацыяльнай інфраструктуры ці тым больш, тым больш храмам, цэрквам і іншым падобным абʼектам. Таму падобныя абвінавачванні мы не прымаем, гэта абсалютная няпраўда».

Гістарычны цэнтр Адэсы – сусветная спадчына, якая ахоўваецца ЮНЭСКО. Бліжэйшымі днямі Арганізацыя Абʼяднаных Нацыяў накіруе ў горад адмысловую місію, каб папярэдне ацаніць шкоду.

Прагучалі выбухі і ў Джанкойскім раёне акупаванага Крыму. Паводле Сяргея Аксёнава, кіраўніка акупацыйнай адміністрацыі паўвострава, беспілотнікі ЗСУ ўдарылі па складзе боепрыпасаў. У мінабароны Расеі ўдакладнілі, што для атакі былі выкарыстаныя 17 ударных дронаў, з якіх збіць удалося 14.

«Гэта элементы адзінага плана ЗСУ па парушэнні лагістыкі гэтай групоўкі сілаў на поўдні Украіны. Вось кожную гадзіну затрымкі гэтых боепрыпасаў, гэтых гаруча-змазачных матэрыялаў, якія накіроўваюцца на поўдзень нашай краіны – гэта жыцці нашых ваяроў», – кажа вайсковы эксперт, кіраўнік праграмаў бяспекі Цэнтру глабальных даследаванняў Паўло Лакійчук.

Гучна было і ў Маскве. Расейскую сталіцу атакавалі два дроны. Адзін з іх прабіў дах будынку на Камсамольскі праспекце. Вайсковы эксперт Іван Ступак мяркуе, што гэтая атака магла быць трэнінгам:

«Не выключана, што праз там два-тры дні, гэты ж беспілотнік, з вялікай колькасцю выбухоўкі ці іх там будзе пяць і яны будуць гуськом ляцець і будуць адзін за адным залятаць, напрыклад, у адно і тое ж акно. Каб проста ўзарваць гэты будынак. І вось спачатку гэта носіць такі іміджавы ўдар. А вось наступны ўдар – гэта будзе ўжо больш прыцэльны».

Радыё «Свобода» сцвярджае, што пашкоджаны будынак належыць Міністэрству абароны Расеі. У ім размешчаны Нацыянальны цэнтр кіравання абаронай, а таксама вайсковая частка 26165, якая ёсць сакрэтным падраздзяленнем ГРУ Расеі. Крэмль абвінаваціў у налёце Кіеў. Украіна на сябе адказнасці за гэтую атаку не ўзяла.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»