Чаму генсек ААН не змог праціснуць лобі Лукашэнкі?


БелАЗ, МАЗ, Цэнтрвыбаркам, яго старшыня Ігар Карпенка, сакратар Алена Балдоўская ды іншыя фізічныя асобы, а таксама самалёт Лукашэнкі. Новыя санкцыі ЗША супраць рэжыму. Застаюцца пакуль і еўрапейскія санкцыі. І гэта насуперак насуперак калійнаму лобі, якое, паводле ўплывовых медыяў, узначальваў сам генсек Арганізацыі аб’яднаных нацыяў. Нічога не дапамагло.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі – у адным дакуменце з вайсковай хунтай Мʼянмы. Дэпартамент кантролю замежных актываў Міністэрства фінансаў ЗША ўвёў папраўкі і цалкам перавыдае пастанову аб санкцыях адносна Беларусі. Дакумент набудзе моц у панядзелак 27 сакавіка.

У абноўлены санкцыйны спіс трапілі наступныя асобы: старшыня Цэнтрвыбаркама Ігар Карпенка – былы міністр адукацыі – і іншыя чальцы ЦВК: сакратар Алена Балдоўская, рэктар Магілёўскага ўніверсітэту Дзяніс Дук, Алена Кунцэвіч, Кацярына Федасенка, Аляксандр Ткачоў і Аляксандр Южык.

З кампаніяў і ўстановаў – Цэнтрвыбаркам, Жодзінскі БелАЗ і Менскі аўтамабільны завод і іх дырэктары Валерый Іванковіч і Сяргей Нікіфаровіч. Таксама ў спіс унеслі самалёт «Боінг-737», на якім Лукашэнка лятае ў Маскву.

Тым часам на саміце кіраўніцтва Еўразвязу ў Бруселі пакуль няма рашэння па змене санкцыяў адносна «Беларуськалію» і Беларускай калійнай кампаніі.

«Складаная сітуацыя. Ёсць лобі з некалькіх краінаў наконт зняцця санкцыяў адносна калійных угнаенняў. Ёсць такія краіны, як Літва, якія не хочуць здымаць (санкцыі), пакуль няма прагрэсу ў пытанні правоў чалавека ў Беларусі. Ёсць краіны, якія мяркуюць, што трэба ўзмацняць ціск. І мы такія сігналы бачым з ЗША», – тлумачыць Віціс Юрконіс з Інстытуту міжнародных стасункаў і палітычных навук Віленскага ўніверсітэту.

Паводле інфармацыі, атрыманай «Белсатам» са сваіх дыпламатычных крыніцаў, найбольш актыўна супраць антываенных калійных санкцыяў выступаюць Бельгія, Данія і Францыя.

А Літва застаецца апошняй лініяй абароны ў гэтым пытанні.

Хаця самі літоўцы да лукашэнкаўскіх рэпрэсіяў 2020-га года добра зараблялі на супрацы між «Беларуськаліем» і Клайпедзкім портам.

«Праз Літву ішло 75 % угнаенняў. І калі мы бачым, як дзейнічае суагрэсар вайны Расеі ва Украіне, мы разумеем, што ўгнаенні маглі б дапамагаць у справе голаду, але маглі б дапамагаць і дапамагалі ваеннай машыне Крамля, да якой, на жаль, датычны беларускі рэжым», – кажа Віціс Юрконіс.

Як паведамляў аўтарытэтны часопіс «Політіко» са спасылкай на еўрапейскіх дыпламатаў, у Брусель адмыслова прылятаў генеральны сакратар ААН Антонью Гутэрыш, каб заклікаць еўрапейцаў адмяніць калійныя санкцыі, якія перашкаджаюць Лукашэнку зарабляць валюту. Гутэрыш распаўсюджваў расейскі наратыў, што калі ўгнаенні з Салігорску не вывозіць праз еўрапейскія порты, то ад голаду будуць паміраць людзі па ўсім свеце.

А сёння ў Бруселі быў фінансавы дзень саміту.

«Нашыя банкі мусяць не дзеяць у Расеі. Нашыя кампаніі мусяць не працаваць у Расеі, пакуль працягваецца вайна. Мы мусім выкарыстоўваць эканамічныя рычагі, каб прымусіць Расею выйсці з гэтае вайны», – заявіла ў пятніцу прэмʼер-міністр Эстоніі Кая Калас.

Як паведамляе агенцтва «Reuters», Еўрапейскі цэнтральны банк узмоцніць ціск на аўстрыйскі кангламерат «Raiffeisen Bank International» у сувязі з яго бізнесам у Расеі, каб паступова закрыць дачэрні банк у Маскве. Раней былі паведамленні, што «Raiffeisen Bank» абмяркоўваў магчымую схему абмену сваіх заблакаваных у Расеі актываў на актывы расейскага «Сбербанку», замарожаныя ў Еўропе. Гаворка можа ісці і пра беларускія актывы – «Прыёрбанк».

Раней Нацыянальнае антыкарупцыйнае агенцтва Украіны ўнесла банкаўскую групу «Raiffeisen Bank International» у пералік міжнародных спонсараў вайны.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»