За моладдзю – будучыня. Улады ўсяляк уплываюць на маладзёнаў, каб у гэтай самай будучыні кіроўныя пасады як мага даўжэй заставаліся за… немаладымі лідарамі. А дзеля падтрымання ўлады Лукашэнкі быў створаны Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. А ці ахвотна ідуць маладзёны ў БРСМ?
«Я ў ім ёсць, але сэнсу ў ім, калі шчыра, не бачу».
«Гэта тупа абдзіралаўка, плаціш па 2 рублі, а табе нічога не даюць».
«БРСМ – гэта адна са спадчынаў, якая нам дасталася ад савецкага трупа, гэта бяздарная калька камсамолу».
«З апошнімі падзеямі, хто ў нас быў у групе ў БРСМ, падпісалі заяву аб выхадзе з яго».
«У нас у каледжы, хто кіраваў БРСМ, ён адмовіўся прымаць заяву і проста парваў яе ў мяне на вачох».
Студэнты актыўна ўдзельнічалі ў паслявыбарчых пратэстах, за што ім жорстка помсцілі: выключалі з універсітэтаў, давалі штрафы і нават кідалі за краты.
«У 2020 годзе мы здзейснілі сапраўдны прарыў, адчулі, што такое грамадзянская супольнасць!», – кажуць прадстаўнікі «СПБ-студенческая группа».
Грамадзянская супольнасць складаецца з аб’яднанняў, мэта якіх – уплываць на ўлады.
«Ствараем прафсаюз студэнтаў, каб абараняць вашыя правы законнымі метадамі, аказваць юрыдычную дапамогу і дапамагаць адстойваць вашыя інтарэсы», – кажуць актывісты.
Праграму навастворанай арганізацыі студэнты абяцаюць рэпрэзентаваць 5 сакавіка ды заклікаюць праз «Тэлеграм» рэгістравацца для ўдзелу ва ўстаноўчым сходзе.
«Гучыць цалкам цікава, залежыць ад ступені іх свабоды: калі кантраляваць будуць жорстка, то ў гэтым сэнсу няшмат».
«Адчуваецца пэўная адказнасць, калі некуды ўступаеш. Я не хачу сябе гэтым абцяжарваць».
«Калі б была магчымасць уступіць, я б задавальненнем уступіла б у яе», – кажуць студэнты.
Напярэдадні яшчэ адна студэнцкае ініцыятыва заявіла аб аб’яднанні: арганізацыі 15 універсітэтаў з 6 гарадоў злучыліся ў Задзіночанне беларускіх студэнтаў.
«Нам неабходна давесці нашую адукацыю да еўрапейскага ўзроўню. Мы хочам разам аднавіць сувязі ўніверсітэтаў з еўрапейскімі ўніверсітэтамі, што было абсалютна разбурана ў апошнія гады», – кажа сябра ЗБС Зміцер Грамадскі.
Адукаванасць, эрудыцыя, самаразвіццё заўсёды былі прыярытэтам Задзіночання беларускіх студэнтаў – беларускамоўнай арганізацыі, створанай напрыканцы 80-х гадоў. У 2001 годзе ўлады скасавалі рэгістрацыю ЗБС, які на той момант аб’ядноўваў тысячы студэнтаў і меў дзясяткі кірункаў дзейнасці.
«Я вельмі хацеў бы, каб у іх атрымалася захаваць ЗБС не як вулічную арганізацыю, а як арганізацыю, якая як магнітам прыцягвае людзей, якія ўмеюць думаць і жадаюць думаць. Таму што гэтыя людзі Беларусі будуць патрэбныя, яны патрэбныя цяпер», – кажа былы сябра ЗБС, эксперт «Інстытуту Будучыні».
Сябрамі ЗБС былі Алесь Міхалевіч – кандыдат на прэзідэнцтва ў 10 годзе, вядомая ў банкаўскай сферы Крысціна Вітушка і лекар Андрэй Вітушка, палітолаг Вольга Харламава, адвакат Сяргей Зікрацкі, мастачка Вольга Сідун, а яшчэ вельмі шмат беларускамоўных выкладчыкаў, перакладчыкаў і журналістаў… сярод якіх і аўтарка гэтага матэрыялу – Вольга Старасціна.