Пабіць Лукашэнку і Пуціна: пакуль віртуальна


Украінскія і беларускія распрацоўнікі стварылі мабільную гульню, у якой можна пабіць Пуціна і Лукашэнку. Кулакамі або пры дапамозе «Джэвэліна», аўтамата, гранатаў. Якія яшчэ персанажы з’явяцца ў дадатку неўзабаве і як на гэта адрэагавалі карыстальнікі з Расеі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Праграміст Уладзімір з Кіева дэманструе гульню «Kick The Pu», дзе можна біць персанажаў Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі.

«У нас ёсць такія персанажы: чмоня, кадыравец, Пуцін і Лукашэнка. Выбіраем персанажа, выбіраем зброю і далей цешымся», – тлумачыць Уладзімір.

Арсенал – ад простага пісталета да амерыканскага супрацьтанкавага ракетнага комплексу «Джэвэлін». Ідэя стварыць гульню зʼявілася летась у сакавіку, калі яе аўтары дапамагалі абараняць Кіеў. Гэта, кажа распрацоўнік, стала своеасаблівым антыстрэсам на пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну.

«Пачатковая мэта гульні – даць людзям магчымасць выпусціць негатыўныя эмоцыі, той гнеў, які мы тады адчувалі», – кажа распрацоўнік.

Над гульнёй працавалі як украінцы, так і беларусы, якім давялося пакінуць радзіму праз пагрозу палітычных рэпрэсіяў.

«З моманту зʼяўлення ідэі да пачатку працы мінуў тыдзень. Каманду мы сабралі проста з незнаёмых людзей праз сацыяльныя сеткі. Што самае прыемнае – усе пагадзіліся працаваць бясплатна», – прыгадвае Уладзімір.

Дадатак распрацоўвалі дыстанцыйна. Першая версія гульні «KICK THE PU» была гатовая менш як праз месяц. А вось апублікаваць яе для іншых карыстальнікаў у крамах мабільных дадаткаў стала сапраўднай праблемай.

«Яны не патлумачылі ў дэталях, што менавіта мы парушаем. Спатрэбіліся сотні паведамленняў у ліставанні з мадэратарамі, мы падалі больш як 2 дзясяткі апеляцыяў, але ў выніку праз 4 месяцы мы апублікавалі гульню», – кажа Уладзімір.

На гэтым непрыемнасці не скончыліся. Пасля публікацыі гульні зʼявілася мноства негатыўных каментароў ад расейскіх ботаў.

«Нам прыходзяць на пошту лісты з праклёнамі, але гэта нас толькі натхняе і хочацца рабіць болей», – распавядае распрацоўнік гульні.

Усе атрыманыя за гульню сродкі – пры жаданні за 1 долар можна адключыць рэкламу – пойдуць на дапамогу ўкраінскай арміі і пацярпелым ад вайны. Хлопцы таксама просяць узяць удзел у абмеркаванні гульні ў іхным тэлеграм-канале «kickthepu_chat», каб палепшыць абнаўленні дадатку і, верагодна, стварыць новых персанажаў. Кажуць, што наступныя будуць Салаўёў і Скабеева.

Дзмітрый Дзяркач, Юлія Макаранка, «Белсат»