Як выглядае першы беларускі ноўтбук на загад Лукашэнкі


На рынку з’явіўся першы беларускі ноўтбук «H-book MAK4». І выклікаў адразу пытанні, чаму першы ноўтбук мае назву МАК4, што ў ім ёсць беларускага і дзе яго набыць?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Чарговы беларускі цуд – ноўтбук вытворчасці заводу «Гарызонт» – выставілі ў галерэі «Менск». «На загад прэзідэнта», – удакладняе БелТА. Цана тавару – ад 1599 рублёў або $633.

«Я б сказаў, што гэта проста звычайны кітайскі ноўтбук, які падыдзе для працы, для вучобы, можа быць, пагуляцца ў танчыкі на мінімальных наладах, але нічога звышардынарнага. Гэткія ноўтбукі прадаюцца на 100 рублёў танней, калі безыменныя, і на 200 рублёў даражэй, калі ад вядомых брэндаў», – мяркуе журналіст Алесь, які пажадаў застацца ананімным.

Так званы першы беларускі ноўтбук у верасні дэманстраваў Аляксандр Лукашэнка. З ягоных словаў, у распрацоўцы было 12% беларускіх дэталяў, да канца ж года абяцалі, што будзе 30%. Працэсар, праграмнае забеспячэнне – замежнай вытворчасці.

«Гэта першы кампутар – нумар адзін, які мне падарылі разумныя людзі. У нас ёсць людзі, якія, як мне калісьці амерыканцы ў парку высокіх тэхналогій сказалі, ўмеюць тварыць неверагоднае», – казаў Лукашэнка 1 верасня.

Тады адмыслоўцы пазналі ў ноўтбуку мадэль «Lenovo IdeaPad 3». Але ў галерэі «Менск» прадэманстравалі іншую мадэль – «H-book MAK4». Яна ўсё яшчэ нагадвае «Lenovo», але таксама мае рысы ноўтбукаў «Acer» ці «Asus».

«Я сумняюся, што ў гэтым беларускім ноўтбуку ёсць нешта беларускае, акрамя вінцікаў на клавіятуры. У Беларусі проста не вырабляюцца працэсары, дысплэі адпаведнай якасці, я сумняюся, што нават батарэі. Хутчэй за ўсё, гэта ноўтбук замоўлены ў Кітаі ў якой-небудзь кампаніі накшталт “Lenovo”, якая цалкам вырабіла гэты ноўтбук і дала толькі наляпіць на яго налепку, беларускіх дэталяў там наўрад ці будзе шмат», – кажа Алесь.

Такім чынам Лукашэнка хоча паказаць, што Беларусь нібыта ўсё яшчэ ай-ты-дзяржава, лічыць дарадца Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой ABBA Яраслаў Кот:

«Ведаючы нашых чыноўнікаў, я вельмі спадзяюся, што яны перасадзяць чыноўнікаў на гэтыя ноўтбукі, як калісьці на “БЭСТ” спрабавалі перасадзіць усіх чыноўнікаў, і ў КДБ і праваахоўных органах будзе значна больш праблемаў з камунікацыяй і ажыццяўленнем сваёй прафесійнай дзейнасці».

Мы запыталіся ў нашым тэлеграм-канале, ці плануюць беларусы купляць першы беларускі ноўтбук. Абсалютная большасць чытачоў адказала, што не збіраецца яго набываць, менш за дзесяць адсоткаў выказаліся, што яшчэ будуць вывучаць характарыстыкі, і толькі адзін адсотак прагаласаў за адказ «так»:

«Ні капейкі рэжыму!»

«Усё залежыць ад адносінаў кошт/якасць».

«Якасць налепкі “Інтэграл”, што клеілі на маніторы “Філіпс”, была не вельмі: тоўстая гума, якая адвальвалася праз паўгода».

«Там параметры як заўжды – гадоў на X адстаюць нават ад кітайцаў».

«А што там нашае? Корпус ды кабель з блокам сілкавання? Не думаю».

У фінансавым поспеху прадукту сумняюцца не толькі пакупнікі, але і эксперты. На думку Яраслава Ката, многія краіны не маюць уласнай вытворчасці ноўтбукаў, бо гэта немэтазгодна – выгадней закупіць іх за мяжой.

«І зноў жа, гэта яшчэ адна падстава адмываць грошы, бо, не забывайце, ёсць яшчэ тэндары, закупы. І ў гэтым якраз нашыя чыноўнікі спецыялісты. У нас адна злачынная групоўка Лукашэнкі і ягонай вертыкалі, успомніце, як яны на тэндарах падымаюцца. Цяпер ноўтбукі, якія давядзецца закупляць. Яны не мэтазгодныя – за такія грошы можна якасны добры ноўтбук купіць, ды яшчэ і з гарантыяй», – кажа дарадца Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой ABBA Яраслаў Кот.

На заводзе «Гарызонт» тлумачаць, што вырабляюць прадукцыю паводле перадзамоваў, а не на склад. Паводле генеральнага дырэктара холдынгу Юрыя Прадко, налета завод плануе выпусціць 80 мадэляў першага беларускага ноўтбука.

Аліна Скрабунова, «Белсат»