Навошта ў Беларусі рамантуюць помнікі замест асвятлення?


Без асвятлення, затое з памяццю. Вяскоўцы на Гомельшчыне хацелі памяняць лямпачкі ў вулічных ліхтарах за сродкі самаабкладання. Але мясцовыя ўлады грошы пусцілі на добраўпарадкаванне помніку землякам, палеглым падчас Другой сусветнай вайны.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Увогуле помнікі і памятныя лічбы – гэта фізічнае ўвасабленне сімвалічнай памяці ў гарадах, у вёсках. Таму не дзіўна, што ў цяперашняй Беларусі столькі ўвагі да помнікаў Другой усясветнай вайне, бо фактычна гэта адзіная скрэпа, якая, як падаецца лукашэнкаўцам, можа ўсё грамадства аб’ядноўваць», – кажа рэдактар «Беларусского ежегодника» Вадзім Мажэйка.

Сістэма самаабкладання – гэта добраахвотныя ўнёскі жыхароў у мясцовы бюджэт. Грошы павінныя размяркоўвацца сходам мясцовых жыхароў. Старшыня Прыбыткаўскага сельвыканкаму Галіна Чумакова патлумачыла ў дзяржаўнай раённай газеце:

«На сродкі самаабкладання былі выдаленыя аварыйныя дрэвы на некалькіх цывільных могілках. А вось на замену ліхтароў вулічнага асвятлення іх накіроўваць нельга, бо гэтыя працы фінансуюцца з бюджэту».

Укладаюцца грошы не толькі ў помнікі, датычныя вайны. Ля бульбасховішча ў Бабруйскім раёне паставілі помнік кошыку бульбы. Два гады таму падобны кошык з’явіўся ў вёсцы Дзешчанка Уздзенскага раёну. Ёсць і іншыя – агуркі ў Шклове ды Альшанах, вішня – у Глыбокім, згушчонка ў Рагачове. Каляровую смальту для апошняй прывезлі ажно з Амерыкі.

Помнік бульбе на месцы дзе яе першапачаткова пачалі вырошчваць у Беларусі.
Фота: krapka.club

«Гэта могуць быць сродкі за кошт адлічэнняў ад нейкіх… “Белая Русь”, Саюз жанчын… Гэта могуць быць сродкі нават ад правядзення нейкіх суботнікаў. Я не думаю, што раённыя бюджэты ўвогуле маюць на гэта грошы», – кажа культуролаг, музеязнаўца Рэгіна Лавор.

Могуць абцяжарыць і мясцовыя прадпрыемствы, як у Крычаве, дзе ўлады забавязалі іх адрамантаваць помнікі, датычныя Другой сусветнай вайны. Пры гэтым у горадзе багата больш актуальных для жыхароў праблемаў, такіх як рамонт дарог ці водаправоду. У Воршы плануюць новую дошку гонару ўсталяваць на цэнтральнай плошчы. Падобная дошка ў Віцебску каштавала амаль 70 тысяч долараў. Сярод каментароў да навіны ў сацсетках «Аршанскай газеты» пазітыўных няма:

«Навошта пераносіць? Які плюс для жыхароў гораду ў гэтай задуме? Дарогі лепш упарадкаваць, дзіцячыя пляцоўкі».

«Змарнаваныя грошы. Куды глядзіць мэр гораду і яго кіраўніцтва: убогія дзіцячыя пляцоўкі, у паліклініках брак абсталявання, не кажучы ўжо пра рамонты…»

«Вада ржавая ўва ўсіх раёнах гораду, аддайце гэтыя грошы ў водаканал, няхай фільтры памяняюць, чым гэтую дошку нікому не патрэбную пераносіць!»

Пераразмеркаваць мясцовы бюджэт і выдаткаваць грошы не так, як было запланавана, можна, кажа былы былы працаўнік Берасцейскага аблвыканкаму Арцём Брухан. Але займацца гэтым мясцовыя ўлады не хочуць.

«Патрэбна збіраць новую сесію гарадскога ці абласнога савету, які будзе зацвярджаць гэты гарадскі бюджэт, перанакіроўваць. Калі штосьці прыходзіцца па ходзе змяняць ці, напрыклад, грошы не асвоеныя, відавочна, што дрэнна спланавалі да гэтага. Раз дрэнна спланавалі, хтосьці павінны несці адказнасць. Хто? Той, хто пацвярджаў», – тлумачыць Арцём Брухан.

Адбываецца гэта таму, што ў сённяшняй Беларусі не працуюць інстытуты самакіравання. А дэпутаты, якія зацвярджаюць праект бюджэту, – прызначаныя, а не абраныя.

«Калі б яны былі сапраўдны абраныя, тады людзі звярнуліся б да іх, і група дэпутатаў магла б выступіць з прапановай змяніць бюджэт, і выканаўчы орган павінен быў бы выканаць гэтае даручэнне», – адзначае Арцём Брухан.

Але змагацца за пераразмеркаванне бюджэту можна нават у сённяшніх умовах, мяркуе Вадзім Мажэйка:

«Не таму што ўлада добрая і любіць людзей, а таму што зацікаўленая, каб не было супраціву на месцах па тых прычынах, якія ўладзе лёгка вырашыць, дзе няма прынцыповай апазіцыі. Ніхто не кажа, што гэта лёгка і бяспечна, але трэба змагацца за свае правы».

На мясцовым узроўні развязання праблемаў, якія ўлада не лічыць палітызаванымі, можна дамагацца, да прыкладу, зборам подпісаў і зваротамі да мясцовых уладаў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»