Забароненае мастацтва сышло ў падполле


Настаўніца са Слоніму спрабавала прадаць у інтэрнэце дапаможнік па гісторыі, купленыя некалі легальна ў кнігарні. Пакупнікоў не знайшлося, і жанчына проста здала кніжку ў макулатуру. А праз нейкі час яе судзілі нібыта за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, прызначылі 370 рублёў штрафу і сканфіскавалі камп’ютар. Падставаю для пакарання было фота кніжкі ў абвестцы аб продажы. Суду не спатрэбіўся нават сам прадмет злачынства.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Кароткі курс гісторыі Беларусі IX-XXI стст.» Анатоля Тараса выпусціла адно з найбуйнейшых беларускіх выдавецтваў «Харвест» у 2013 годзе накладам 4000 асобнікаў. Твор на расейскай мове легальна прадаваўся ў крамах Беларусі, пакуль летась у верасні яго не прызналі экстрэмісцкім.

«У гэтай кніжцы экстрэмізму няма, – сведчыць гісторык Аляксандр Пашкевіч. – Яна проста не ўпісваецца ў тыя гістарычныя каноны, якія хоча навязаць улада. Рэжым шукае сабе легітымацыі, страціўшы падтрымку насельніцтва ў нейкіх, так скажам, гістарычных момантах. Як кожны падобны аўтарытарны рэжым».

Падставаю для ўключэння ў экстрэмісцкі спіс маглі стаць напісаныя Анатолем Тарасам тэзісы, што герб Пагоня і бел-чырвона-белы сцяг – старажытныя сімвалы беларусаў. Гістарыяграфія суседніх дзяржаваў для нас – непраўдзівая, а таму і шкодная. БССР была псеўдадзяржаваю. Вось цытата з «Кароткага курсу гісторыі Беларусі IX-XXI стст.»:

«Мы не заходнія ці паўночна-заходнія расейцы. Мы – нашчадкі старажытных крывічоў і дрыгавічоў, яцвягаў і радзімічаў! А яны, у сваю чаргу, былі іншага этнічнага паходжання, чым продкі так званых “велікаросаў”».

Адныя чытачы хваляць Анатоля Тараса за цікавы аповед «з пазіцыі інтарэсаў беларусаў». Іншыя ж вінавацяць аўтара ў «міфатворчасці», якая выбіваецца з ідэалагічных канонаў і не адпавядае генеральнай лініі цяперашняга рэжыму. На думку гісторыка Аляксандра Пашкевіча, цяпер мы перажываем перыяд, калі сапраўды нешта выцясняецца, перапісваецца і ідзе, прынамсі, тэндэнцыя да таго, каб цалкам нейкія нацыянальныя моманты прыдушыць, прыгасіць і не выносіць іх на святло.

Раней у экстрэмісцкі спіс унеслі кнігу Анатоля Тараса «Беларусь на ростанях». Агулам жа пасля 2020 года ў нашай краіне пад забарону і абмежаванні трапілі каля 20 твораў: гістарычныя, публіцыстычныя і нават белетрыстыка. Надрукаваныя наклады вымаюцца з крамаў, выдавецтвы закрываюцца. Юрыст «Human Rights Impact» і праваабаронца Раман Кісляк угледзеў тут аналогіі з колішнімі кніжнымі вогнішчамі:

«Фактычна ідзе спальванне культуры, навукі, ведаў. Для таго, што не ўкладваецца ў ідэалогію, што падпадае пад фармальныя падставы для рэпрэсіяў – усё выкарыстоўваецца».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія кнігі на кніжнай выставе ў Беластоку.
Фота: Радыё Рацыя

Многія беларускія выданні цяпер можна купіць на кніжных кірмашах ці сайтах толькі за мяжою. У Беларусі пісьменнікам, музыкам ды мастакам даводзіцца працягваць творчасць ва ўмовах фактычнага падполля. Яны па-ранейшаму пішуць кнігі, выпускаюць кліпы, ладзяць так званыя «кватэрнікі» для праверанай публікі.

«Нельга прымусіць пісьменнікаў не пісаць кніжак ці паэтаў не складаць вершаў, ці музыкаў не спяваць новых песень. І гэта толькі зараз хаваецца “пад лёд”. Але пад гэтым лёдам знаходзіцца бурлівае культурнае жыццё», – заўважыў намеснік прадстаўніцы Абʼяднанага пераходнага кабінету ў справе нацыянальнага адраджэння Павел Баркоўскі.

Тым жа, хто хоча вывучыць мінуўшчыну Беларусі сапраўдную, без прарасейскага ідэалагічнага лушпіння, гісторык Аляксандр Пашкевіч раіць шукаць звесткі ў інтэрнэце. Там цяпер нямала годных гістарычных праектаў: «Гісторыя на Свабодзе», «Вусы Скарыны», «Так было гістарычна» ды іншыя.

Марына Яновіч, «Белсат»