Улады зноў «закапаюць» дзяржаўныя грошы?


Інвестыцыйная актыўнасць у Беларусі аднаўляецца, а замежныя бізнесы застаюцца ў нашай краіне – аптымістычна заяўляе прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка. Паспяхова дзеіць праграма інвестыцыйных праектаў у кожным з раёнаў Беларусі, сцвярджае чыноўнік. Хаця вядома, што раней маштабныя дзяржаўныя інвестыцыі заканчваліся правалам. Што стаіць за бадзёрымі заявамі ўладаў? І колькі дзяржаўных грошай яны хочуць выдаткаваць на чарговыя амбітныя праекты?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Прэмʼер Раман Галоўчанка сёння адсправаздачыўся перад так званым парламентам пра рост інвестыцыяў. Напярэдадні чыноўнік пахваліўся, што інвестары з краінаў, якія рэжым лічыць «несяброўскімі», не спяшаюцца пакідаць Беларусі.

«Літаральна адзінкі кампаніяў вырашылі сысці з Беларусі. У той час як у Расейскай Федэрацыі шмат якія буйныя кампаніі працягваюць перадаваць свае актывы мясцовым уласнікам. То бок у нас такога працэсу агулам не было», – заявіў Раман Галоўчанка.

Зрэшты, сысці не так лёгка. Каб прадаць свой бізнес у Беларусі, замежнаму інвестару трэба атрымаць дазвол чыноўнікаў. Дый заплаціць збор – дваццаць пяць адсоткаў ад кошту актываў.

«У Беларусі і не было шмат заходніх кампаніяў. Яна ніколі не была для буйных кампаніяў прывабным рынкам. Таму мала было – мала сышло. Ён хваліцца, нібы вось сёння сонейка за вакном – гэта ягонае дасягненне. І нічога большага», – кажа бізнесовец, вядоўца праграмы «Атма$фера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч.

У спісе бізнесаў з заходнім капіталам, якія трапілі ў стоп-ліст, – меней за 200 назваў. Вынікі абмежаванняў, аднак, не прымусілі сябе чакаць: паводле парталу «Visual Capitalist», у Беларусі ўзровень рызыкі для інвестараў вышэйшы, чым у Расеі ды Украіне, што ваююць. Не кажучы пра краіны-суседкі з Еўразвязу. Нават у Зімбабвэ інвеставаць не так рызыкоўна, як у Беларусь.

Грошы. 21 студзеня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Гэта вельмі “добрая” рэклама для Беларусі на ўсіх рынках, што не трэба сюды нічога ўкладваць. Што зачэшацца нейкая левая рабрына ў чацвер 18-га а 13-й гадзіне», – мяркуе Аляксандр Кныровіч.

Лукашэнка на заходніх інвестараў, імаверна, не надта і разлічвае. Летась ён запатрабаваў бізнес-ідэі ад старшыняў выканкамаў.

«Мы дамовіліся, што цягам гэтага года кожны са старшыняў рэалізуе нейкі інвестыцыйны праект», – казаў Аляксандр Лукашэнка летась у траўні.

Праграма ідзе паспяхова – сцвярджае Галоўчанка. Сёлета на раённыя праекты вылучаюць 1,2 мільярды рублёў. Амаль палова сумы – банкаўскія крэдыты. Сярод бізнес-ідэяў – напрыклад, выраб каўбасаў, мэблі, субстрату для шампіньёнаў, сыру з плесняй, здабыча базальтаў і туфаў і аднаўленне раней замарожаных праектаў. Але дзяржаўныя інвестыцыі не заўсёды заканчваюцца паспяхова.

«Я памятаю такі яскравы выпадак, калі дзяржава закупіла для выпуску дзіцячага харчавання лінію для вытворчасці слоікаў, але не здолела закупіць лінію для вытворчасці накрывак, бо аказалася, што такіх накрывак ужо не выпускаюць», – распавядае эканамічная аглядальніца Таццяна Каліноўская.

Адна з прычынаў правалаў – неэфектыўнасць прызначаных рэжымам топ-менеджараў, мяркуе Таццяна Каліноўская.

«Яны кіруюцца абсалютна іншымі матывамі: каб не сесці, не трапіць пад гарачую руку Лукашэнкі. Не страціць сваю пасаду перад пенсіяй – і гэтак далей. Яны не накіраваныя на тое, каб гэтыя інвестыцыі прыносілі прыбытак. На ўсё, што хочаш, але не на прыбытак», – кажа Таццяна Каліноўская.

Гэтак, праваліліся маштабныя дзяржаўныя інвестпраекты для мадэрнізацыі дрэваапрацоўвання і цэментавай галіны. Улады, аднак, не плануюць спыняцца. І агулам хочуць выдаткаваць на інвестыцыйныя праекты ў раёнах больш за 4 мільярды рублёў.

Валянцін Васіленка, «Белсат»