«Горадаўтваральныя» прадпрыемствы апынуліся на мяжы банкруцтва


«Горадняпрамбуд» і берасцейскае прадпрыемства «Будаўнічы трэст № 8» – на мяжы банкруцтва. Інфармацыю пра іх фінансавы стан перадала нашаму тэлеканалу ініцыятыва «Belpol».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Два прадпрыемствы, якія дзяржава называе горадаўтваральнымі, фактычна ў стане банкруцтва і маюць вялікія запазычанасці, якія выкліканыя безгаспадарлівасцю дзяржавы, якае імі ж і валодае», – кажа прадстаўнік «Belpol» Уладзімір Жыгар.

«Будаўнічы трэст № 8» рабіў у Берасці транспартавую развязку «Заходні абыход», будаваў дзве малочнатаварныя фермы і БелАЭС. На пляцоўцы атамнай станцыі працаваў і «Горадняпрамбуд», ён жа ставіў некаторыя інфраструктурныя аб’екты, у тым ліку ў Астраўцы. Паводле дакументу ад «Belpol», ва ўсіх гэтых праектах кампаніі неслі фінансавыя страты. І цяпер запазычанасць прадпрыемстваў складае каля сямідзесяці мільёнаў рублёў. Мяркуючы з публікацыяў у інтэрнэце, эканамічныя праблемы на абодвух прадпрыемствах зʼявіліся не ўчора.

«Трэба разумець, што часам буйныя дзяржаўныя кампаніі, у якіх вялікая доля ёсць дзяржавы, меней паваротлівыя і ў перыяд крызісу могуць сутыкнуцца з шэрагам фінансавых праблемаў», – кажа экспертка Цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC» Настасся Лузгіна.

Таксама абодва прадпрыемствы адзначыліся ў карупцыйных скандалах. Гэтак, у 2019 годзе супраць былога начальніку філіялу трэсту завялі крымінальную справу за махінацыю ў асабліва буйным памеры. А аднаго з кіраўнікоў упраўлення «Горадняпрамбуду» асудзілі на 4 з паловаю гады за хабар.

«У любой постсавецкай краіне, дзе захавалася простая сістэма кіравання, будаўніцтва – самая карумпаваная галіна. Проста кропка. Самыя вялікія сродкі ў ёй варочаюцца, вялікія сродкі раскрадаюцца», – адзначае былы выкладчык юрфаку БДУ, дарадца Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой, доктар Яраслаў Кот.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Найбуйнейшае прадпрыемства ў горадзе. Горадня, Беларусь. 14 красавіка 2020 года.
Фота: Мікола Камінскі / Белсат

Вялікую ролю ў сённяшнім становішчы «Горадняпрамбуду» адыграла таксама прывязанасць да дзяржаўных замоваў і абыякавае стаўленне кіраўніцтва да развіцця кампаніі. Так лічыць былая працаўніца арганізацыі Юлія Сліўко, якую звольнілі ў 2020-м годзе:

«Заўсёды было, што не хапала абʼектаў. Працаўнікі перажывалі, што няма абʼекту. Яго аднекуль там знаходзілі ці проста навязвалі нашаму прадпрыемству».

Цяпер жа, паводле звестак «Belpol», у дачыненні «Будаўнічага трэсту № 8» ды «Горадняпрамбуду» ўлады збіраюцца запусціць працэдуру фінансавага аздараўлення, якое мяркуе як датацыйную дапамогу, гэтак і змяненне падыходаў у кіраванні. Такія захады для прадпрыемстваў на мяжы банкруцтва Лукашэнка загадаў увесці ў 2021 годзе.

І гэта не новаўвядзенне Лукашэнкі. У сусветнай эканоміцы існуе практыка санацыі, каб уратаваць стратныя арганізацыі ад ліквідацыі. Аднак, мяркуе Яраслаў Кот, у гэтым пытанні важна кіравацца мэтазгоднасцю ўкладанняў у нерэнтабельныя прадпрыемствы.

«Магчыма, будаўнічае прадпрыемства і можна было б захаваць, але ў меншым маштабе. Бо за кошт мадэрнізацыі, аўтаматызацыі вытворчасці столькі людзей не патрэбна ў адным месцы. А іх размеркаваць па нейкіх іншых пасадах, дапамагчы адкрыць ім свае прадпрыемствы», – прапаноўвае Яраслаў Кот.

Не верыць у магчымасць выратавання прадпрыемства «Горадняпрамбуд» выключна праз фінансавыя ўліванні і Юлія Сліўко:

«Там поўнасцю ўсё трэба змяняць. Разумееце, гэта вялікае прадпрыемства. І гэтаму прадпрыемству хіба 70 год ужо, яно зжыло сябе. Яго трэба перабудоўваць».

Поўную версію гэтага матэрыялу можна пабачыць ва ўчорашнім выданні праграмы «Тыдзень».

Марыля Дакуцька, «Белсат»