Драздоўскі: «У адной са справаў аб паркоўках мы нават дайшлі ў свой час да генеральнай пракуратуры»


А ці паркуецеся вы як належыць? У рэдакцыю гарадзенскага выдання Grodno.in звярнулася мясцовая жыхарка Ванда Паўлоўская. У спадарыні Ванды інваліднасць – і яна кіруе аўтам. Аднак паркавальныя месцы для асобаў з абмежаванымі магчымасцямі ў ейным двары амаль заўсёды занятыя машынамі без адпаведных пазнакаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ванда Паўлоўская адправіла ажно тры звароты ў ДАІ. Яна прасіла вылучыць хаця б адно паркавальнае месца менавіта для яе. Паводле Grodno.in, да канца мінулага тыдня ў ДАІ абяцалі ўладкаваць праблему. Мы патэлефанавалі ў выданне ды запыталі, ці гэта ўдалося. Дырэктар выдання адказаў, што такой інфармацыі ў іх пакуль няма.

На гэтае ж пытанне ў гарадзенскім ДАІ адказаць не змаглі, а толькі параілі, што рабіць у гэткіх сітуацыях:

«Выклікаць нарад ДАІ, каб у дачыненні асобаў-парушальнікаў складалі пратакол у залежнасці ад таго, першым ці другім разам там у іх гэтае парушэнне».

За паркоўку на месцы для інвалідаў без адпаведнага пасведчання прадугледжаныя дзве базавыя велічыні штрафу. Аўтамабіль парушальніка таксама могуць забраць эвакуатарам. А якая сітуацыя ў вашых дварах і ля крамаў: ці часта там паркавальныя месцы для людзей з абмежаванымі магчымасцямі займаюць аўты без адмысловае пазнакі? Мы правялі адпаведную апытанку ў тэлеграме Белсату ды атрымалі такія каментары:

desperate times: «Бачыла пару разоў толькі, калі ўжо ніякіх іншых месцаў не было, людзі паркаваліся на месцах для інвалідаў».

Кот Вася: «У Еўропе за гэта даюць вой які балючы штраф».

Viktor: «Вельмі часта відаць, што на стаянцы для інвалідаў паркуюцца аўты з расейскімі нумарамі».

CDD25: «Адкрыю сакрэт: значак інваліда раздрукоўваецца на друкарцы – і паркуйся дзе заўгодна. Колькі такіх “інвалідаў” на “BMW X6” і “Audi Q7” я ўжо пабачыў».

Чаму ж кіроўцы, якія не маюць інваліднасці, працягваюць займаць не прызначаныя для іх месцы? Заснавальнік офісу Сяргей Драздоўскі кажа, што праблема ў тым ліку ў ментальнасці. То бок людзі думаюць:

«Калі ты завёў сабе аўтамабіль, то і будзь нароўні з усімі, калі завёў сабе аўтамабіль, вядомы ты такі, ну, маеш дастатак. Тады ты, мусіць, і не вельмі інвалід».

Ёсць пытанні і да мясцовых уладаў. Звычайна яны робяць усё, каб адмовіць у асобным паркавальным месцы, спасылаюцца, што няма адпаведнага закону. Паводле Сяргея Драздоўскага:

«У адной са справаў аб паркоўках мы нават дайшлі ў свой час да генеральнай пракуратуры, давялося нам паскардзіцца ў генпракуратуру на магілёўскую адміністрацыю. І тыя сказалі адміністрацыі, што трэба ўсё ж ісці насустрач чалавеку. Ведаеце, цяпер гэтая самая пракуратура вядзе супраць нас справы, таму невядома цяпер, як з імі размаўляць».

Паркоўкі – не адзіная праблема для людзей з інваліднасцю. Актуальная і тэма безбар’ернага асяроддзя. Паводле Сяргея, у краіне яшчэ дзее інерцыя пасля імпэту, з якім працавалі ў гэтым пытанні недзяржаўныя арганізацыі да ўзмацнення рэпрэсіяў у Беларусі.

Тады актывісты паспелі нават прасунуць прыняцце канвенцыі аб правах асобаў з інваліднасцю, якой часткова чыноўнікі прытрымліваюцца і цяпер. Эксперт дадае:

«Гэта даступнасць такая – адмысловая. То бок прапісана, што трэба паніжаць бардзюры – будуць паніжаць бардзюры; прапісана, што трэба рабіць пандусы – будуць рабіць пандусы. Але цяпер у краіне няма каму рухаць наперад тэму даступнасці, бо крытыка забароненая, кожны, хто паспрабуе крытыкаваць публічна, можа апынуцца ў сітуацыі, што ён экстрэміст».

Праблема ж даступнасці парковак для людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў Беларусі не ўладкоўваецца дзесяцігоддзямі. У асобных выпадках дамагчыся праўды можна, але тое – хутчэй выключэнне з правілаў.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»