Людзі з інваліднасцю: ці рэальна знайсці працу?


У Беларусі на 1 чэрвеня налічвалася ажно 118 500 вольных працоўных месцаў. Іх электронныя кірмашы адбыліся ў некаторых раёнах Беларусі. Арганізатары запрашалі да ўдзелу, у тым ліку, і беспрацоўных з інваліднасцю. А ў той самы час улады зліквідавалі творчае прадпрыемства «Віцебскія лячэбна-працоўныя майстэрні», якое амаль 50 гадоў давала працу і рэабілітацыю асобам з абмежаванымі магчымасцямі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Аляксандр Швед мае ІІІ групу інваліднасці праз аварыю, у якой атрымаў цяжкую чэрапна-мазгавую траўму. Пасля аперацыі і рэабілітацыі ён сутыкнуўся з цэлым шэрагам праблемаў.

«Першая, самая цяжкая праблема – гэта працаўладкаванне, – тлумачыць Аляксандр. – Службы занятасці ў Беларусі адсылаюць да працадаўцы. Але той адмаўляецца цябе браць, бо ёсць медычнае заключэнне».

Аляксандр кажа, што калісьці працаваў відэааператарам, журналістам, токарам, страхаром, кіроўцам, качагарам, быў таксама індывідуальным прадпрымальнікам. Амаль тры гады ён спрабаваў уладкавацца на працу афіцыйна, з накіраваннямі ад баранавіцкага Цэнтру занятасці. Некалькі дзясяткаў марных спробаў! А летась мусіў з’ехаць за мяжу ад пераследу ГУБАЗіКу. Прызнаецца, што розніцу адчуў адразу:

«Я тут свабодны. Я не мушу сціскацца перад тым начальствам, якое існуе на Беларусі, калі кожны, хто сядзіць у кабінеце, спрабуе зняважыць цябе».

Цяпер у Беларусі жывуць прыкладна 568 000 асобаў з інваліднасцю, гэта каля шасці адсоткаў ад усяго насельніцтва. І нельга сказаць, што дзяржава зусім не дбае пра такіх грамадзянаў. Напрыклад, да 2025 года разлічаны Нацыянальны план дзеянняў для рэалізацыі палажэнняў Канвенцыі аб правах інвалідаў. Але на справе, калі няма дастатковага так званага страхавога стажу, то пры ІІ групе інваліднасці пенсія складае Br 299,31, а з ІІ групай – Br 264,10. Без дадатковага заробку пражыць, вядома ж, немагчыма.

«Галоўную статыстыку працаўладкаваных людзей з інваліднасцю ствараюць людзі ІІ і ІІІ групы (то бок, больш лёгкай) і ў вялікіх гарадах, – заўважыў стваральнік Офісу для людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі. – Але калі ад’ехаць нават у які-небудзь раённы цэнтр, там кажуць: нам здаровых няма куды працаўладкоўваць, а вы тут з інвалідамі сваімі!»

Акцыя пратэсту ў Менску, Беларусь. 22 лістапада 2020 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Артыкул 16 Працоўнага кодэксу забараняе адмаўляць у працаўладкаванні асобам з інваліднасцю. Але часта кіраўнікі прадпрыемстваў або ўстановаў прыдумваюць цэлы шэраг нагодаў, каб адмовіць ім у працаўладкаванні. І такім чынам парушаюць закон, прызнае эксперт:

«Людзі з абмежаванымі магчымасцямі маюць усе правы, што гарантуе нашая Канстытуцыя. І яны могуць, згодна з Канстытуцыяй, звяртацца ў пракуратуру – за тое, што іх з нейкіх падставаў не прымаюць на працу».

Людзям з абмежаванымі магчымасцямі найчасцей прапануюць цяжэйшую працу і меншы заробак. Маўляў, няма ў такіх працаўнікоў высокае кваліфікацыі і належнае адукацыі.

«А адкуль жа яны возьмуцца, калі рэальна даступных вузаў у краіне няма? Ёсць часткова – напрыклад, Баранавіцкі, Пінскі ўніверсітэт – там ёсць нейкія такія месцы даступнасці, так. Але цалкам – недаступна», – канстатаваў Сяргей Драздоўскі.

Ён дадаў, што паляпшэнне якасці жыцця людзей з інваліднасцю – гэта ўвогуле пытанне правоў чалавека. З ім згодны і інвалід ІІІ групы Аляксандр Швед:

«Толькі змена рэжыму, толькі змена ўлады дапаможа ўсім нам, усім беларусам. Не толькі інвалідам, а менавіта ўсім беларусам».

З 1 верасня ў Беларусі пачне дзеяць база дадзеных сацыяльнага падтрымання і рэабілітацыі інвалідаў. А пакуль тое будзе, праваабаронца Павел Левінаў раіць людзям з інваліднасцю звяртацца да дэпутатаў розных узроўняў, чый непасрэдны абавязак – дапамагаць насельніцтву развязваць штодзённыя праблемы. Або ісці ў суд. Ну, прынамсі паспрабаваць.

Марына Яновіч, «Белсат»