Беларусы трапілі ў «чорны спіс» Еўразвязу


Доўгія ўзгадненні – і ёсць вынік. Гісторыя з 11-м пакетам антываенных санкцыяў Еўразвязу супраць Расеі мае працяг. Стала вядома, хто трапіў у чорны спіс. Рыкашэтам атрымалі і хаўруснікі Крамля. Апроч расейцаў у спісах два чыноўнікі з Беларусі: старшыня Дзяржаўнага камітэту вайсковай прамысловасці, «снарадны барон» Дзмітрый Пантус і начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Хто такі Дзмітрый Пантус? Кіраўнік Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэту, які прыйшоў наладжваць вытворчасць зброі і боепрыпасаў замест сённяшняга прэм’ера Рамана Галоўчанкі. Фігурант чорнага спісу Вялікай Брытаніі, ЗША, Канады, Аўстраліі, Японіі і Украіны. А цяпер яшчэ і ў санкцыйным спісе Еўразвязу, побач з кіраўніком Беларускай Чыгункі Уладзімірам Марозавым. У дакуменце адзначана, што Дзмітрый Пантус адказны за вытворчасць узбраенняў для Расеі, а Уладзімір Марозаў – за перавозку расейскіх вайскоўцаў і грузаў.

«Шкада, што трапіла мала лукашэнкаўскіх памагатых і кампаніяў, але яны павінныя быць уключаныя ў беларускі, асобны пакет санкцыяў, які быў распрацаваны год таму, але ніяк не можа быць прыняты праз блакаду некаторымі краінамі», – кажа дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

11-ты санкцыйны пакет, апублікаваны сёння, Еўразвяз скіраваў супраць Расеі. Там дзясяткі расейскіх чыноўнікаў і прадпрыемстваў, перадусім вытворцаў зброі, але ёсць і так званыя «ваенкоры», расейскія банкі і ваенныя тэлеканалы і хай-тэк кампаніі. Самае важнае: Еўразвяз забараняе транзітам вазіць праз Расею вялікую колькасць тавараў і тэхналогіяў, якія могуць быць скарыстаныя для вайскова-прамысловага комплексу. Так што кыргызстанская накладная на груз больш не ўратуе.

«Абыход санкцыяў – гэта самае паспяховае, што ўдаецца Пуціну. Яму не вельмі даецца паднімаць эканоміку, развіваць імпартазамяшчэнне. Але санкцыі абыходзіць атрымліваецца. Таму гэта ўсё трэба зачыняць», – перакананы былы віцэ-міністр энергетыкі РФ, апазіцыйны дзеяч Уладзімір Мілоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Санкцыі супраць Расеі. Крыніца: centralasia.media

Агулам забаронена вазіць у Еўразвяз тавары на прычэпах і паўпрычэпах з расейскімі нумарамі. Расейскім караблям будзе амаль немагчыма займацца перавалкай расейскай нафты ў абыход эмбарга ці максімальнага кошту.

«Безумоўна, мы вітаем гэты пакет санкцыяў. Яго досыць доўга рыхтавалі. Ягоная мэта – закрыць лазейкі, якія існавалі ў папярэдніх пакетах супраць РФ. Вельмі важна – забарона транзіту на шэраг тавараў праз тэрыторыю Расеі. У тым ліку беларускіх тавараў і праз Беларусь», – кажа Франак Вячорка.

Забаронена пастаўляць расейскую нафту па паўночнай галіне трубаправоду «Дружба» – пампаваць можна будзе казахстанскую нафту. А значыць, паўднёвая галіна «Дружбы», што ідзе праз Мазыр ажно да Вугоршчыны, пакуль працягвае працаваць.

«Я ўвесь час настойваю, што санкцыі супраць Лукашэнкі мусяць быць узмоцненыя, і вельмі кепска, што Еўропа забылася пра гэта. Гэта дае яму прастору для манеўру», – падкрэслівае Уладзімір Мілоў.

Новыя санкцыі супраць Лукашэнкі пакуль не ўзгодненыя – Літва і Польшча патрабуюць іх узмацніць, а Заходняя Еўропа хоча паслабіць санкцыі адносна «Беларуськалію» – асноўнай крыніцы валюты Лукашэнкі.

«Я б асабліва адзначыў Партугалію, якая кажа, што беларускія калійныя ўгнаенні патрэбныя, каб дапамагаць трэцяму свету, каб дапамагаць глабальнаму Поўдню, каб дапамагаць змагацца з голадам і гэтак далей», – тлумачыць Рыкард Юзьвяк, еўрапейскі рэдактар радыё «Свабода», які пастаянна працуе ў Бруселі і адсочвае санкцыйную тэму.

Віцэ-міністр замежных справаў Польшчы заявіў, што Варшава пачала працу над 12-м пакетам антываенных санкцыяў супраць Расеі. Пётр Ваўжык падкрэсліў, што ў гэты дакумент трэба будзе ўключыць і рэжым Лукашэнкі, за саўдзел у вайне і прыгнёт беларускага народу.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»