Еўрапейскі звяз ухваліў пакет санкцыяў у адказ на прызнанне Расеяй самастойнасці ЛДНР. Абмежавальныя меры закрануць каля 555 фізічных і 52 юрыдычных асобаў, якія спрычыніліся да парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Не абыйдзецца без наступстваў і для рэжыму Лукашэнкі, што адначасна закране і беларусаў.
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
Мінула два дні, як Расея ўхваліла незалежнасць ЛДНР, ад Лукашэнкі ж за гэты час прызнання гэтак і не прагучала.
«Лукашэнка хацеў бы, ва ўсякім разе, атрымаць такую добрую ўзнагароду ад Масквы: каб далі крэдыт на тры з паловаю мільярды долараў, каб дапамаглі перавальваць калій пасля таго, як літоўцы ад гэтага адмовіліся. Шмат жаданняў. Але я не ўпэўнены, што сёння Лукашэнка ў такім становішчы, што ён не можа так гандлявацца з Масквой», – мяркуе палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.
На заяву Пуціна неадкладна зрэагаваў Захад: увёў эканамічныя санкцыі супраць набліжанага кола расейскага прэзідэнта і банкаў. Кранулі яны і Беларусь. У санкцыйны спіс ЗША трапіў «БелВЭБ» – «дачка» расейскага «Внешэкономбанка». Але да банкруцтва банкаў такая захада наўрад ці прывядзе.
«Калі казаць пра кліентаў гэтага банку, могуць быць праблемы з валютнымі плацяжамі, і тое, не імгненна, бо там ёсць тэрмін спынення аперацыяў да 24 сакавіка. Плацяжы і аперацыі ў беларускіх рублях, расейскіх рублях увогуле не пацярпяць», – распавёў на ўмовах ананімнасці «Белсату» беларускі эканаміст.
Літоўская кампанія фінансавых тэхналогіяў Paysera сёння заявіла, што адмяняе аперацыі ў расейскіх рублях. Прычым прыпыняцца пераводы для ўсіх кліентаў як у расейскіх, гэтак і ў беларускіх банках. Але на думку эканаміста Яраслава Раманчука, як і заходнія санкцыі, пакуль гэта слабыя крокі.
«Значна больш сур’ёзныя рэчы, звязаныя з транзітам калійных угнаенняў, з экспартам і транзітам нафтавых прадуктаў. Гэта больш сурʼёзныя рэчы, а таксама пазіцыя, як, напрыклад, экспарт ва Украіну бітуму і рознай нафтахімічнай прадукцыі. Калі тут будуць забароны, безумоўна, яны вельмі сурʼёзна адабʼюцца на беларускай эканоміцы», – тлумачыць кіраўнік навукова-даследчага цэнтру Мізэза Яраслаў Раманчук.
Вярхоўная Рада Украіны накіруе на ўзгадненне Уладзіміру Зяленскаму пастанову аб закрыцці дзяржаўнай мяжы з Расеяй і Беларуссю. У выпадку станоўчага рашэння гэта прывядзе да парушэння суседскіх сувязяў.
«Гэта паўплывае на магчымасць камунікаваць між сабой людзям з семʼяў, якія жывуць па розныя бакі мяжы. Гэта першае. Другое, трэба разумець, чаму гэта адбываецца: таму што Беларусь фактычна робіцца такой маленькай Расеяй, і робіцца тым самым субʼектам, які зʼяўляецца агрэсарам. І гэта далёка не першыя і не апошнія моманты, у якіх мы будзем абмежаваныя», – разважае кіраўнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак.
Гэтак, Беларусь рызыкуе пазбавіцца міжнародных спартовых спаборніцтваў на сваёй тэрыторыі, а беларускія афіцыйныя асобы стануць непажаданымі на чэмпіянатах за мяжой. Заяву з адпаведнаю просьбаю сёння ў міжнародныя арганізацыі даслаў Беларускі фонд спартовай салідарнасці.
Марыля Дакуцька, «Белсат»