Лукашэнка збіраецца на пенсію?


Лукашэнку нельга будзе прыцягнуць да адказнасці ў выпадку, калі ён пакіне сваё крэсла і выйдзе на пенсію. Адпаведныя папраўкі ў закон ухваліла Палата прадстаўнікоў. Ці азначае гэта, што Лукашэнка сабраўся адысці ад непасрэднага кіравання краінай? Ці сапраўды ён цяпер атрымае пажыццёвую недатыкальнасць? Зрэшты, у гісторыі ўжо былі падобныя спробы аўтакратаў сысці ад адказнасці. Пашанцавала не ўсім.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ці рыхтуецца Лукашэнка да выхаду на пенсію? Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ухвалілі ў другім чытанні закон «Аб прэзідэнту». Дэталяў вядома пакуль мала, але галоўныя новаўвядзенні – юрыдычная недатыкальнасць былога кіраўніка дзяржавы (яго не могуць судзіць за дзеянні, учыненыя падчас прэзідэнцкага тэрміну) і магчымасць зрабіцца пажыццёвым чальцом Савету Рэспублікі. Фактычна закон прывялі ў адпаведнасць з леташнімі зменамі ў Канстытуцыі.

«Ён усё ж такі марыць, каб у нейкі час у нейкіх пэўных абставінах у Беларусі ўсё ж дзейнічалі нейкія законы. Але не ўсе, а толькі тыя, якія гарантуюць яму бяспеку», – кажа Анатоль Лябедзька, дарадца Святланы Ціханоўскай у парламенцкай супрацы і канстытуцыйнай рэформе.

У новы варыянт Канстытуцыі дадалі і пункт пра магчымасць адхіліць прэзідэнта ад пасады, калі ён не можа выконваць сваіх абавязкаў праз стан здароўя. І акурат сёлета арганізм некалькі разоў відавочна падводзіў Лукашэнку.

Ці можа Лукашэнка адысці ад беспасярэдняга кіравання краінаю? Вядомыя выпадкі, калі аўтарытарны кіраўнік пакідаў свой пост, стварыўшы сабе юрыдычную падушку бяспекі.

Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 21 снежня.
Фота: president.gov.by

Нурсултан Назарбаеў – амаль трыццаць гадоў на пасадзе прэзідэнта Казахстану. Тытул лідара нацыі, прыжыццёвыя помнікі, перайменаванне сталіцы ў ягоны гонар. Перадаючы ўладу, ён пакінуў сабе шэраг пастоў, у прыватнасці, кіраўніка Рады бяспекі і лідара праўладнай партыі.

Пасля леташніх пратэстаў пад антыназарбаеўскімі лозунгамі ён страціў высокія пасады. Пачалі знікаць элементы культу ягонай асобы. Аднак спробаў выставіць Назарбаеву нейкія абвінавачанні пакуль не было. Што праўда, так шанцуе не ўсім.

«Аўгуста Піначэт у Чылі пасля сыходу ў адстаўку збудаваў шматпавярховы, шматузроўневы механізм самаабароны. Але ён у выніку не выратаваў – судовы пераслед пачаўся. І толькі, думаю, смерць выратавала Піначэта ад таго, каб апынуцца за кратамі», – кажа палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Валер Карбалевіч.

Хаця Піначэт меў недатыкальнасць і пажыццёвае сенатарства. Такія самыя гарантыі прапісалі і для Лукашэнкі. Самаабвешчаны прэзідэнт наўрад ці адпусціць уладу з уласнай волі, мяркуе палітолаг Валер Карбалевіч. Але і сітуацыю, калі падвядзе здароўе, таксама нельга выключаць.

«Кожны аўтарытарны кіраўнік спрабуе неяк перастрахавацца на ўсе выпадкі жыцця, і гэта цалкам зразумела. Іншая рэч, што не існуе ў прыродзе ніякіх гарантыяў: ні ўнутраных, ні вонкавых», – тлумачыць Валер Карбалевіч.

Хто гарантуе, што ў выпадку вяртання ў Беларусь дэмакратыі новая ўлада не скасуе паправак, якія даюць Лукашэнку недатыкальнасць? Дэмакратычныя сілы ўжо распрацоўваюць альтэрнатыўны праект Закону аб прэзідэнту, кажа Анатоль Лябедзька.

«Прэзідэнт ці чалавек, які быў прэзідэнтам, – гэта асоба, якую паважаюць у грамадстве, якая мае маральны аўтарытэт. Але ў астатнім ён – звычайны чалавек. У яго калі і могуць быць прэферэнцыі, то матэрыяльнага кшталту», – мяркуе Анатоль Лябедзька.

У дэмакратычных краінах былы прэзідэнт можа паўставаць перад судом. Гэтак, Доналда Трампа цяпер вінавацяць, у тым ліку, у неналежным захоўванні сакрэтных дакументаў падчас побыту ў Белым доме. Што да Лукашэнкі, то ён, відаць, таксама асцерагаецца пераследу ў будучыні. Інакш навошта патрэбны пункт пра недатыкальнасць?

Валянцін Васіленка, «Белсат»