Зяленскі вязе з ЗША ва Украіну ЗРК «Patriot»


«Я вяртаюся дадому з добрымі навінамі. Прэзідэнт Байдэн аб’явіў пра новы пакет абароннага падтрымання. Каля двух мільярдаў долараў ЗША. І наймацнейшым элементам гэтага пакету ёсць ракетныя комплексы “Patriot”», – заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў ЗША.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У Расеі, якая апошнія 15 гадоў баялася таго, што гэтыя ЗРК размесцяць у Польшчы, не хаваюць свайго абурэння. «Patriot» – гэта шматфункцыянальны комплекс, які выконвае вялікую колькасць задачаў і здольны збіваць нават балістычныя ракеты з падзельнымі боегалоўкамі. Але галоўная яго перавага ў іншым.

«Вялікі плюс комплексу: ён завязаны на спадарожнік назірання. Гэта значыць, сувязь са спадарожнікам, які вызначае кропку запуску балістычнай ракеты, абараняе пэўную траекторыю, перадае на сістэму вылічэння самога комплексу і далей ужо комплекс прымае рашэнне ў аўтаматычным рэжыме, якую ракету з якога азімуту задзейнічаць для перахопу той ці іншай мэты», – распавядае палкоўнік ЗСУ ў запасе Раман Світан.

На прэс-канферэнцыі Джо Байдэн адзначыў, што перадача гэтага комплексу накіраваная не на эскалацыю канфлікту, а на абарону Украіны. Акрамя гэтага прэзідэнт ЗША даў дакладна зразумець, што падтрыманне Украіны не спыніцца. Ён падзякаваў Кангрэсу за законапраект аб дзяржаўных выдатках, які прадугледжвае дадатковае фінансаванне памерам 45 мільярдаў долараў пад патрэбы Украіны.

«Ён можа дабіцца поспеху на полі бою з нашаю дапамогаю, а таксама з дапамогаю нашых еўрапейскіх саюзнікаў і іншых, так што, калі прэзідэнт Зяленскі будзе гатовы пагаварыць з расейцамі, ён таксама зможа дабіцца поспеху. Бо ён пераможа на полі бою», – заявіў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн.

У амерыканскай сталіцы грунтоўна падрыхтаваліся да візіту гасцей. Цэнтральная вуліца гораду, Пенсільванія-авеню, была ўпрыгожаная жоўта-блакітнымі сцягамі.

А на Капітоліі картэж з Зяленскім асабіста сустракалі Джо і Джылі Байдэны. Рукапацісканні і сяброўскія абдымкі як бы задалі сяброўскі тон перамовам.

«Дзякуй вам, перш за ўсё, спадару прэзідэнце, за вашае вялікае падтрыманне і лідарства. Вядома, Еўропа, шматлікія краіны дапамагалі нам і дапамагаюць цяпер, але гэта перш за ўсё вашае лідарства. Вялікі вам дзякуй, спадару прэзідэнце. Вядома, дзякуй за двухпартыйнае падтрыманне, дзякуй Кангрэсу і дзякуй ад нашых простых людзей вашым простым людзям – амерыканцам. Вялікі гонар быць тут», – звярнуўся Зяленскі да Байдэна.

Акрамя непасрэдна перамоваў з прэзідэнтам ЗША, Уладзімір Зяленскі сустрэўся са спікеркаю Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі, лідарам большасці ў Сенаце Чакам Шумэрам, лідарам меншасці Мітчам Макконэлам і лідарам Рэспубліканскай партыі ў Палаце прадстаўнікоў Кевінам Маккарці. Выступіў Зяленскі і ў самім Кангрэсе. Прамову прэзідэнта Украіны кангрэсмены 21 раз перарывалі авацыямі, пляскаючы некалькі хвілінаў запар.

«Бітва працягваецца, і мы павінныя перамагчы Крэмль на полі бою. Так, гэтыя баі не толькі за тэрыторыю, за тое, што яны былі і цяпер ёсць часткай Еўропы. Бітва ідзе не толькі за жыццё, свабоду і бяспеку ўкраінцаў або любога іншага народу, які Расея спрабуе заваяваць. Гэтая барацьба вызначыць, у якім свеце будуць жыць нашыя дзеці і ўнукі. А потым іхныя дзеці і ўнукі. Вызначыць, ці будзе дэмакратыя для ўкраінцаў і для амерыканцаў. Для ўсіх», – сказаў Зяленскі ў кангрэсе.

У свеце прамову Зяленскага назвалі надзвычай моцнай і пачалі яе параўноўваць з прамовамі Фрэнкліна Дэланоў Рузвэлта і Ўінстана Чэрчыла.

«Гэта вельмі ўдалы выступ. Яго можна параўноўваць, яшчэ раз скажу, шмат з чым. Але толькі час дасць сапраўдную назву, сапраўдную характарыстыку, з чым яго лепш параўнаць. А можа, лепш ні з чым не параўноўваць, і неўзабаве, праз нейкі час іншыя выступы іншых людзей будуць параўноўваць з выступам Зяленскага», – мяркуе народны дэпутат Украіны Багдан Ярэменка.

У канцы сваёй прамовы Уладзімір Зяленскі перадаў Кангрэсу ЗША сцяг Украіны, які ён атрымаў ад украінскіх вайскоўцаў у Бахмуце Данецкай вобласці. Украінскі лідар адзначыў, што гэты сцяг – сімвал будучай перамогі, а Украіна, ЗША і вольны свет крочаць разам.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»