Кадравы рэзерв для новай Беларусі: хто можа трапіць?


Падрыхтаваць каманду рэфарматараў. Выклікі і перспектывы кадравага рэзерву для новай Беларусі абмяркоўвалі сёння на канферэнцыі ў Варшаве. Арганізатарам падзеі выступіў рух «За свабоду» пры ўдзеле прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінету.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Дзяржаўны апарат у сённяшняй Беларусі фармуецца паводле прынцыпу асабістай лаяльнасці да рэжыму Лукашэнкі, а не прафесійных якасцяў. Тыя, хто мае ўласныя погляды на развіццё сферы, у якой працуе, не застаюцца на пасадах, адзначаюць удзельнікі канферэнцыі «Кадравы рэзерв для новай Беларусі. Вынікі і перспектывы». Аднак такія людзі будуць запатрабаваныя ў выпадку змены рэжыму. Іх чакаюць у камандзе новага праекту дэмакратычных сілаў.

«Гэта вельмі важны праект, які падтрымлівае Аб’яднаны пераходны кабінет, рух «За свабоду», НАУ. Гэтае пытанне з’яўляецца ключавым у пераходны перыяд: хто будзе забяспечваць устойлівасць дзяржаўнага кіравання рэспублікі ў прынцыпова важны для нашай краіны перыяд?» – адзначыў прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінету Павел Латушка.

Пры дапамозе кадраў, якім можна давяраць, трэба не толькі забяспечыць стабільнасць сітуацыі ў транзітны перыяд, каб не дапусціць рэваншу, мяркуе Павел Латушка. Але і выкарыстаць гэты час на хуткія і важныя перамены ў краіне.

«Тыя, хто ў гэты час будзе забяспечваць функцыянаванне дзяржавы, з’яўляюцца палітычнымі самагубцамі. Бо ім трэба будзе ўзяць на сябе адказнасць за гэты час. І не факт, што яны пазней змогуць працягнуць палітычную кар’еру. Гэта таксама выклікі для гэтых людзей», – дадаў Павел Латушка.

Ахвотных жа трапіць у кадравы рэзерв для новай Беларусі нямала. Паводле кіраўніка руху «За свабоду» Юрыя Губарэвіча, на сёння апрацаваныя больш за 100 заявак на ўдзел у кампаніі. У сярэднім тэмп складае 25 заявак на тыдзень. З такою дынамікаю, ацаніў Юрый Губарэвіч, можна разлічваць на некалькі сотняў удзельнікаў на пачатку наступнага года.

«Першыя заяўкі ўжо апрацавалі і атрымалі досыць цікавую статыстыку. Каля 40% тых, хто заявіўся да ўдзелу ў праграме, на дадзены момант знаходзяцца ў Беларусі. Але ў нас існуюць розныя ступені бяспекі. Яны максімальныя для тых, хто застаўся ў краіне.Але добра, што людзі не баяцца праяўляць ініцыятыву», – дадаў Юрый Губарэвіч.

Адукацыйныя імпрэзы для ўдзельнікаў плануюць пачаць з пачатку новага года. Колькі ж кадраў спатрэбіцца змяніць пасля пераменаў, на думку Юрыя Губарэвіча, цяпер цяжка ацаніць.

«Можна апірацца на лічбы, якія ёсць у рэестры кіраўніка дзяржавы. Там прыкладна 900 пазіцый. Гэта ўсе – вышэйшыя асобы, якіх непасрэдна прызначае прэзідэнт. Але лічба можа быць больш шырокая, бо ёсць велізарная колькасць непасрэдных выканаўцаў ці кіраўнікоў на месцах, якія былі задзейнічаныя ў рэпрэсіях, іншых парушэннях заканадаўства, у тым ліку фальсіфікацыі выбараў», – патлумачыў Юрый Губарэвіч.

Саўдзельнікі злачынстваў рэжыму, сыходзяцца ў меркаванні ўдзельнікі канферэнцыі, не павінныя займаць сваіх месцаў у новай Беларусі. Таму ўжо цяпер можна казаць, што большасць кадравых зменаў чакае сілавыя органы, суды і пракуратуру. Але не варта забываць пра сістэму адукацыі, аховы здароўя.

«Мы не будзем мець нават пасля актыўнай працы змены на 100 адсоткаў. І не варта. Бо сам Лукашэнка гаварыў, узгадваючы адзін з рэгіёнаў: там жа сядзіць у мясцовым райвыканкаме 50% «бчбэшнікаў». Ён мае рацыю. Сярод чыноўнікаў нямала людзей, якія па перакананнях блізкія да нас. Яны не могуць выйсці з гэтай сістэмы», – адзначыў прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у парламенцкай супрацы і канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька.

Людзі, якія сёння працуюць у сферы дзяржаўнага кіравання, таксама зацікаўленыя трапіць у кадравы рэзерв. На сёння па выніках аналізу заявак, адзначыў Юрый Губарэвіч, яны складаюць каля шасці адсоткаў ад усіх ахвотных. І гэта, дадаў эксперт, добрая і паказальная лічба.

Ірына Юрʼева, «Белсат»