Чыноўнікам і дзяржаўным службоўцам выехаць за мяжу можна толькі з дазволам


А на пачатак – чырвонае святло для чыноўнікаў. На мяжы. Каб выехаць з Беларусі ў асабістых мэтах, чыноўнікам і дзяржаўным службоўцам цяпер давядзецца браць адмысловы дазвол. Вядзецца пра нібыта «пільнаванне нацыянальнай бяспекі» – гэтак гучыць у адпаведнай пастанове ўраду. Чаго ж спужаўся Лукашэнка і чаму не хоча выпускаць чыноўнікаў нават самага нізкага рангу з краіны?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Цяпер значна большая колькасць чыноўнікаў, суддзяў і дзяржаўных службоўцаў мусіць браць адмысловыя дазволы на выезд за межы Беларусі ў асабістых мэтах. Адпаведную пастанову апублікавалі на Нацыянальным прававым партале. Моц яна набывае з заўтрашняга дня.

«Ёсць вялікая схільнасць думаць, што пры самай малой магчымасці гэты чалавек ці ўцячэ, пакіне краіну, ці прадасць нейкую сакрэтную інфармацыю для спецслужбаў іншай краіны», – лічыць юрыст НАУ Міхаіл Кірылюк.

Пастанова ўраду вызначае, хто і ў каго мусіць браць дазвол на выезд за мяжу. Гэтак, службоўцы і працаўнікі выканкамаў мусяць звяртацца ў гэтай справе да старшыні свайго выканаўчага камітэту, чальцы Савету Рэспублікі – да яго старшыні Наталлі Качанавай, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў – да свайго кіраўніка, Уладзіміра Андрэйчанкі, а ўсе чальцы ўраду – да прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі.

«Гэта не спрыяе, каб Беларусь была адкрытая свету, не спрыяе, каб чыноўнікі, якія вымушаныя доўгі час быць унутры сістэмы, змаглі неяк мяняць гэтую сістэму знутры, бо яны не будуць бачыць свету. Вось Качанава за сваё жыццё толькі два ці тры разы за мяжой была, адпаведна, у яе далягляд вельмі абмежаваны, яна там, акрамя Полацку, Наваполацку і Менску, больш нічога ў жыцці і не бачыла», – каментуе палітолаг Дзмітрый Балкунец.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мяжа Беларусі і Польшчы.
Фота: DW

Каб атрымаць дазвол на выезд за мяжу, чыноўнік за дзесяць каляндарных дзён да планаванай даты выезду мусіць падаць заяву з краінай або краінамі транзіту і прыбыцця, мэтаю падарожжа, адрасамі перабывання, сваймі кантактнымі дадзенымі.

«Сёння Беларусь, як і Расея, жыве ва ўмовах перыяду шпіёнаманіі ды іншых пошукаў розных ворагаў, гэта тое, што было ў савецкі перыяд. То бок яны будуць адлоўліваць і намагацца нейкім чынам закрываць магчымасці для любых людзей, якія маюць доступ да сакрэтаў, нават самых несакрэтных», – мяркуе палітолаг Дзмітрый Балкунец.

Неабходнасць браць дазвол на выезд з краіны тлумачыцца пільнаваннем інтарэсаў нацыянальнае бяспекі. На думку Міхаіла Кірылюка, гэтым можна апраўдаць што заўгодна:

«Гэта парушэнне правоў чалавека, права чалавека на перамяшчэнне, што зафіксаванае і ў Дэкларацыі правоў чалавека, і нават у Канстытуцыі Беларусі. Гэта датычыць усіх людзей, чыноўнікі ў нас не ёсць нейкай асаблівай катэгорыяй, на якую правы чалавека не распаўсюджваюцца».

Адметна, што каб выехаць за мяжу, дазвол зверху мусяць мець нават прэмʼер-міністр, старшыня Вярхоўнага суда, кіраўнікі той жа Палаты прадстаўнікоў або Савету Рэспублікі. Вызначаць, выехаць ім з краіны ці не, будзе асабіста Аляксандр Лукашэнка. Ёсць у пастанове і закрыты пункт «для службовага карыстання».

Аліна Скрабунова, «Белсат»