Легенда вяртаецца?


У Беларусі не дачакаліся прыходу расейскай сеткі «Вкусно – и точка». «МакДоналдс» працягне працаваць – прынамсі, наступныя некалькі тыдняў. Аб тым, што адбываецца з рэстаранамі хуткага харчавання «МакДоналдс» і ці адбудзецца ўсё ж такі рэбрэндынг легенды?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Амаль дваццаць шэсць гадоў. Менавіта столькі беларусы забягалі на хуткі пад’едак у рэстараны «МакДоналдс». На бульбе фры і чызбургерах вырасла цэлае пакаленне людзей. Аднак не існуе нічога вечнага, і легенды таму – не выключэнне. «МакДоналдс» ідзе з Беларусі. А вось што будзе на ягоным месцы – пытанне адкрытае.

«Ты назаўсёды застанешся ў маёй памяці – і кропка». Гэтак учора беларусы развітваліся з «МакДоналдсам». Паводле афіцыйнай заявы сеткі, з 22 лістапада рэстараны павінны былі пачаць працу пад расейскім брэндам «Вкусно – и точка». Аднак штосьці пайшло не так.

Выданне «Зеркало» са спасылкай на свае крыніцы паведамляе, што сетка будзе працаваць у штатным рэжыме яшчэ некалькі тыдняў. Адна з версіяў, якая тлумачыць няўдалы рэбрэндынг, – беларускія рэстараны змаглі выправіць праблемаў з пастаўкамі. Паводле іншай – казахскі франчайзі не пажадаў пакідаць беларускага рынку.

«Я не думаю, што ўладальнікам бізнесу хацелася б адмаўляцца ад брэнду “Макдональдс”, хацелася б змены яго на брэнд “Вкусно і точка”, які быў прадметаў кпінаў і іроніі ў Расеі і не паспеў сябе зарэкамендаваць неяк пазітыўна», – кажа эканаміст Алесь Чайчыц.

Скептычна да змены брэнду паставіліся і некаторыя працаўнікі рэстарану, пра што нашаму тэлеканалу распавялі на ўмовах ананімнасці:

«Проста ўсе прывыклі да роднага “МакДоналдсу”, а тут нейкі новы “Вкусно – и точка”. Незразумела, што нас чакае далей. Урэшце, калі людзі перастануць хадзіць да нас, сэнсу ўва ўсіх гэтых рэстаранах не будзе – іх проста закрыюць, а нас звольняць», – распавядае працаўніца беларускай сеткі рэстаранаў.

Сваю прапанову адносна лёсу «МакДоналдсу» на мінулым тыдні выказаў і Лукашэнка. Маўляў, яго трэба замяніць беларускім бізнесам.

«У нас што: не могуць булачку напалову разрэзаць і ўпіхнуць паміж дзвюма палавінкамі кусочак мяса, бульбы і салата», – казаў Аляксандр Лукашэнка.

Дэпутатка ж Палаты прадстаўнікоў Лілія Ананіч падзялілася марамі аб развіцці ў Беларусі традыцыйных беларускіх «Бульбяных» замест «МакДоналдсу».

«Працягваю спадзявацца на развіццё ў нашых гарадах і пасёлках сеткі традыцыйных беларускіх “Бульбяных” – з дранікамі, клёцкамі, картаплянікамі, калдунамі і яшчэ з сотнямі страваў з нашай бульбачкі. А што, дзясяткі краінаў сваймі прадуктамі кормім, пара глыбей паглядзець на тэму», – заяўляла дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Лілія Ананіч.

А вось як адрэагавалі на прапанову Ананіч нашыя гледачы. Яе патрымалі 19 адсоткаў удзельнікаў галасавання, у той час як за «МакДоналдс» – 76 адсоткаў.

Паводле эканаміста Алеся Чайчыца, такі працэс – стварэнне новага прадукту на падставе нейкай ужо вядомай мадэлі – цалкам натуральны. Аднак пры гэтым павінны быць выкананыя некалькі важных правілаў.

«Такая схема працуе, калі яна ў нейкіх здаровых умовах ідзе. Ва ўмовах здаровай эканомікі, здаровай канкурэнцыі людзі займаюць нейкую нішу і канкуруюць з тым жа “МакДоналдс”. А тут гэта зверху навязаная нейкая рэч, відавочна палітычна матываваная», – мяркуе эканаміст.

Паводле эксперта, сетцы «Вкусно – и точка» у Беларусі, аднак, быць. А затрымка ў адкрыцці рэстаранаў зʼявілася, бо, імаверна, сетка яшчэ не да канца прайшла рэгістрацыю. Пра захоп беларускай сеткі «МакДоналдс» расейскім бізнесам кажа прадпрымальнік Дзмітрый Патапенка.

«Гэта проста захоп актываў. Захоп актываў сканчаецца заўсёды вельмі хутка: год-паўтара. А затым уладальнікам становіцца нявыгадна займацца такім “гемаройным бізнесам”», – кажа прадпрымальнік і эканаміст Дзмітрый Патапенка.

Пасля прыходу на месца «МакДоналдсу» у Расеі «Вкусно – и точка» адчувальна скараціла меню. А таксама, паводле наведнікаў, пагоршыўся ўзровень абслугоўвання і менеджменту.

Наста Печанькова, «Белсат»