Лукашэнка рыхтуе жалезную заслону для беларускай моладзі?


«Мы рыхтуем працоўную сілу для Захаду», – абураецца генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед. Маўляў, зашмат гадзінаў у школах адводзіцца на замежныя мовы. У Горадні дырэктараў школаў здымаюць з пасадаў, калі зашмат іх выпускнікоў паступае ва ўніверсітэты ў іншыя краіны. А ў тэлеграм-каналах шырацца чуткі, што для маладых беларусаў рэжым Лукашэнкі ўвогуле закрые межы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Новая падрабязнасць адукацыйнай нарады ў Лукашэнкі: генеральны пракурор абурыўся колькасцю гадзінаў на вывучэнне замежных моваў у школах.

«У шэрагу класаў колькасць гадзінаў на вывучэнне англійскай мовы агулам большая, чым на вывучэнне расейскай і беларускай моваў. Рыхтуем працоўную сілу для Захаду», – заявіў Андрэй Швед.

Гэта не першы наскок чыноўнікаў на замежныя мовы. Раней намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай казаў, што вучыць мовы трэба ў адрыве ад культуры і гісторыі краінаў, дзе жывуць іх носьбіты.

«Тут можна казаць пра тое, што рэжым Лукашэнкі стараецца ўтрымаць маладых спецыялістаў унутры Беларусі. І калі яны не ведаюць замежных моваў, то фізічна не могуць працаваць у іншай краіне паводле спецыяльнасці», – кажа дарадца Святланы Ціханоўскай у справах моладзевай палітыкі і студэнтаў Марго Ворыхава.

А ў сваёй іх хочуць затрымаць як найдаўжэй. Лукашэнка і міністр адукацыі абмяркоўвалі, як падоўжыць тэрмін адпрацоўвання пасля вучобы. Паводле «Нашай Нівы», платнікам хочуць навязаць год, бюджэтнікам – пяць, медыкам і настаўнікам з мэтавым накіраваннем – сем гадоў. Але як доўгія тэрміны адаб’юцца на маладых людзях? Асабліва калі гаворка пра непапулярныя і малааплатныя месцы працы?

«Калі малады чалавек адразу пасля ўніверсітэту змушаны ехаць ва ўмовы, якія для яго нестабільныя, якія яго не развіваюць, дэматывуюць, то чалавек страчвае сем гадоў жыцця, якія выклікаюць дэпрэсію», – мяркуе Марго Ворыхава.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Школьнікі.
Фота: Freepik

«Падкрэслю: найбольш таленавітыя, перспектыўныя абітурыенты маюць быць запатрабаваныя ў нас, на радзіме. Гэта маё жалезнае правіла», – заяўляў Лукашэнка падчас нарады.

Ці стане яно жалезнаю заслонаю? Паводле радыё «Свабода», у Горадні звольнілі дырэктараў школаў, дзе вялікі адсотак выпускнікоў паступіў за мяжу. Маўляў, педагогі не пераканалі іх застацца ў Беларусі. Рэжым плануе спыніць выцек з краіны чалавечага капіталу, піша ананімны тэлеграм-канал «Беларуская выведка».

Калі забароняць ехаць у Еўразвяз, то застануцца ВНУ Масквы і Пецярбургу, мяркуе Ян Рудзік з моладзевай фракцыі Каардынацыйнай рады.

«Рэжым Лукашэнкі моладзь страціў цалкам. Я, напрыклад, не бачу, як малады чалавек можа развівацца. Хіба што пайсці рабіць карʼеру ў БРСМ ці ў функцыянеры. Але дзяржава таксама не гумовая і не можа на высокія пасады прыняць усіх гэтых людзей», – кажа Ян Рудзік.

Беларускай моладзі ён прапаноўвае негвалтоўны варыянт супраціву.

«Раю моладзі, нават калі будуць забараняць, вучыць англійскую, польскую пад падушкай і вырывацца з Мордару, пакуль мы не вызвалім краіну», – заклікае Ян Рудзік.

Дарэчы, у Польшчы колькасць беларускіх студэнтаў за апошнія дзесяць гадоў вырасла амаль у 4 разы – да 12 тысячаў асобаў. Трохі болей беларускіх грамадзянаў вучыцца ў расейскіх ВНУ.

Валянцін Васіленка, «Белсат»