«BYPOL»: У Беларусі засталіся 200–300 вагнэраўцаў


Не больш як сотня чалавек – гэтак «BYPOL» ацэньвае колькасць вагнэраўцаў у намётавым лагеры каля Асіповічаў. І дзвесце-трыста – агулам па Беларусі. Грунтуюцца падлікі на звестках ад удзельнікаў плану «Перамога» і на аналізе матэрыялаў са спадарожнікаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мы падлічвалі іх у розныя часы: і ўдзень, і ўвечары, і ў выходныя, і ў будныя дні, і ў тыя дні, калі яны павінны займацца падрыхтоўкай, і больш за сто чалавек не змаглі падлічыць», – тлумачыць вынікі кіраўнік «BYPOL» Аляксандр Азараў.

Спецыяліст у нацыянальнай бяспецы, палітолаг Аляксандр Казак з гэткімі падлікамі не згодны, бо глабальнага выезду з краіны не назіралася.

«Некаторыя версіі кажуць пра тое, што яны раскіданыя па Беларусі, гэта таксама магчыма. Але прыватна, на маю думку, частка сапраўды выехала. Па вялікім рахунку, тое, што часткова, не цалкам, разбіраюць лагер у Цэлі – не больш як разбіраюць лагер у Цэлі», – лічыць Аляксандр Казак.

Тыя вагнэраўцы, якія засталіся ў Беларусі, бяруць удзел у вайсковых вучэннях, што ладзяцца ў краіне фактычна без перапынку. Гэтак, у пятніцу пачынаюцца чарговыя, гэтым разам без удзелу Расеі – на тэрыторыях Берасцейскай, Гарадзенскай, Магілёўскай і Менскай вобласцяў. Акрамя войскаў, паведамляе Міністэрства абароны, да іх будуць прыцягвацца тэрытарыяльная абарона і народнае апалчэнне. Наймітаў жа выкарыстоўваюць у якасці інструктараў.

«Напрыклад, нам паведамлялі, што ў Берасці яны жывуць у гасцініцы недалёка ад палігонаў і вайсковых частак 38-й брыгады. Так, яны трэнуюць беларускіх вайскоўцаў у медпадрыхтоўцы, тактыцы, мінна-выбуховай справе і гэтак далей», – кажа Аляксандр Азараў.

Але навучаюць у Беларусі вагнэраўцы не толькі вайскоўцаў ці тэрытарыяльную абарону. Днямі тэлеграм-канал унутраных войскаў МУС апублікаваў здымкі, на якіх выкарыстоўваць зброю вучаць дзяўчат з Нацыянальнай школы прыгажосці. На адным з фота на грудзях у інструктара – нашыўка, падобная да тых, што носяць вагнэраўцы.

Беларускія вайскоўцы з байцамі ПВК Вагнэра адпрацоўваюць вучэбна-баявыя задачы на палігоне «Брэсцкі» паблізу граніцы з Польшчай. 20 ліпеня 2023 года. Крыніца: Оркестр Вагнера | Wagner / Telegram

З’яўляюцца ў сацсетках і кадры з наймітамі ў школах. Там яны бяруць удзел у ваенізаваных прадстаўленнях і вучаць дзяцей страляць. Часам настаўляючы на іх зброю, як на занятках у гэтак званым вайскова-патрыятычным клубе «Рысь».

«Калі шчыра, я хачу захаваць гэтае падраздзяленне», – казаў Лукашэнка на пачатку жніўня.

Насамрэч вагнэраўцы былі патрэбныя яму для іншых мэтаў, мяркуе журналіст «Белсату» Зміцер Міцкевіч. З іхнаю дапамогаю планавалася зарабляць грошы ў Афрыцы.

«Ён не змог перацягнуць гэтых людзей і арганізаваць іх працу такім чынам, каб гэта працавала на ягоны бюджэт. Ягоных сувязяў і магчымасцяў не хапіла. Як мы бачым, нават прыезд ягонага калегі па дыктатарскім цэху з Экватарыяльнай Гвінеі гэтую праблему вырашыць не дапамог», – кажа Зміцер Міцкевіч.

Вагнэраўцы прыбылі ў Беларусь улетку пасля спробы вайсковага мяцяжу Прыгожына. Краіны Балтыі і Польшча ў адказ узмацнілі межы з Беларуссю ды абмеркавалі між сабою ўмовы поўнага іх закрыцця. Але сапраўднаю пагрозаю для заходніх суседзяў застаюцца нерэгулярныя мігранты, а не найміты, кажа Аляксандр Казак. Ёсць у рэжыму і іншыя інструменты ціску.

«Правядзенне вучэнняў ля межаў, залёты верталётаў туды-сюды, бо пакуль што верталётаў не збівалі. Але калі правільна паставіць рэжым мэту, то і верталёта з пілотамі не пашкадуюць», – лічыць Аляксандр Казак.

Вагнэраўцаў жа, прынамсі часова, Лукашэнка не здолее выкарыстоўваць як інструмент запалохвання, адзначаюць нашыя суразмоўцы.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»