Балгарыя выдварае трох царкоўных служак, двое з іх – беларусы


З Балгарыі выдвараюць дваіх беларусаў і расейца з пазбаўленнем права жыхарства і забаронаю на ўезд. Рашэнне прынялі ў звязку з іхнаю дзейнасцю, накіраванаю супраць нацыянальнай бяспекі і інтарэсаў Рэспублікі Балгарыя, паведаміла Агенцтва нацыянальнай бяспекі краіны.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Былі атрыманыя звесткі пра дзеі пазначаных асобаў, звязаныя з рэалізацыяй розных элементаў гібрыднай стратэгіі Расейскай Федэрацыі дзеля мэтанакіраванага ўплыву на грамадска-палітычныя працэсы ў Рэспубліцы Балгарыя на карысць расейскіх геапалітычных інтарэсаў», – гаворыцца ў паведамленні Агенцтва нацыянальнай бяспекі Балгарыі.

Усе трое – служкі РПЦ. Паводле амбасады Расеі ў Балгарыі, выдвараны расеец – настаяцель Падворку Маскоўскага патрыярхату ў Сафіі архімандрыт ВасіянМікалай Змееў, які раней быў прадстаўніком маскоўскага патрыярха ў Беларускім экзархаце.

Двое высланых грамадзянаў Беларусі былі служкамі бажніцы Святога Мікалая Мірлікійскага, дзе і размяшчаецца Падворак Маскоўскага патрыярхату ў Сафіі. Мясцовыя медыі назвалі іхныя імёны – Уладзімір Банько і протаіерэй Яўгеній Павяльчук. Апошні падчас службы ў Гарадзенскай епархіі адказваў за супрацу з вайсковымі структурамі і ствараў патрыятычныя клубы, звязаныя з сілавікамі, казакамі і прарасейскімі актывістамі. Там дзяцей вучылі карыстацца зброяй і ладзілі заняткі рукапашнага бою.

«Многія святары беларускага патрыярхату РПЦ не ёсць беларусамі ні паводле паходжання, ні паводле менталітэту. Яны атрымалі беларускае грамадзянства паводле фармальных абставінаў, таму цалкам могуць выкарыстоўвацца на карысць імперскіх інтарэсаў Расеі», – кажа прадстаўнік ініцыятывы «BELPOL» Уладзімір Жыгар.

Набажэнства ў падвор’і патрыярха Маскоўскага ў Софіі, Балгарыя.
Фота: podvorie-sofia.bg

Расейская ж праваслаўная царква моцна звязаная са спецслужбамі яшчэ з савецкіх часоў, кажа былы працаўнік Службы бяспекі Украіны Іван Ступак. Ужо тады чэкісты разумелі, што сілаў на кантроль за ўсімі бракуе.

«Вось яны прыйшлі да геніяльнага развязання: давайце дазволім рэлігію. Няхай яны прыходзяць туды, у гэтыя лакальныя месцы, там гутараць, спавядаюцца, але там будуць нашыя людзі, у якіх вушкі на макушцы, там будзе нашая тэхніка стаяць і нам прасцей у адным месцы кантраляваць усіх», – кажа Іван Ступак.

Але на карысць «русского мира» за межамі працуюць не толькі служкі царквы. Да прыкладу, польская служба бяспекі ўвесну заявіла пра раскрыццё найвялікшай сеткі шпіёнаў на карысць Расеі.

«Факты сведчаць пра тое, што гэтая група праводзіла маніторынг чыгуначных маршрутаў, і ў яе задачы ўваходзіла між іншага распазнаванне, манітараванне і дакументаванне транспартавання зброі для Украіны. Падазраваныя таксама рыхтаваліся да дыверсійных акцыяў, скіраваных на паралізацыю перадачы тэхнікі, зброі і дапамогі для Украіны», – заявіў у сакавіку міністр унутраных справаў Польшчы Мар’юш Каміньскі.

У справе ўжо затрымалі паўтара дзясятка падазраваных, у тым ліку грамадзянаў Расеі, Беларусі і Украіны. Выкрываюць, выправаджваюць і арыштоўваюць расейскіх шпіёнаў у краінах Балтыі, Нямеччыне, Італіі, Вялікай Брытаніі ды іншых краінах. Прычына не толькі ў тым, што дзейнасць завербаваных на карысць імперскіх інтарэсаў Расеі моцна актывізавалася. Больш рашучаю стала і рэакцыя еўрапейскіх спецслужбаў.

«З’явілася палітычная воля і гатовасць выдвараць за найменшыя падазрэнні ў датычнасці да дзейнасці расейскіх ці беларускіх спецслужбаў», – адзначае Іван Ступак.

Апроч грамадзянаў былых савецкіх рэспублік, найчасцей на карысць расейскіх інтарэсаў працуюць прадстаўнікі краінаў былога камуністычнага блоку – часам праз палітычныя перакананні, часам дзеля грошай, кажуць нашыя суразмоўцы.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»