Навошта Лукашэнку далучацца да BRICS?


У Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы пачаўся саміт BRICS – эканамічнага аб’яднання, куды, апроч згаданай краіны, уваходзяць Кітай, Індыя, Бразілія і Расея. Адправіліся туды і прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі, які раней заяўляў пра жаданне далучыцца да гэтага блоку краінаў. Навошта гэта патрэбна уладам Беларусі? 

У саміце BRICS у Паўднёвай Афрыцы бярэ ўдзел беларуская дэлегацыя. Раней рэжым Лукашэнкі падаў заяўку пра далучэнне да гэтага абʼяднання. Якія мэты пераследуе афіцыйны Менск?

«Адна мэта – кампенсаваць разбурэнне дачыненняў з Захадам, другая – эканамічная. Ёсць там магчымасці грошы займаць праз новы банк развіцця, які дае крэдыты. Плюс гандаль з гэтымі краінамі – гэта вялікія краіны», – кажа Аляксандр Класкоўскі, палітычны аналітык праекту «Позірк».

Дзяржаўная прапаганда падае BRICS як цэнтр сілы, альтэрнатыўны «Вялікай сямёрцы», якая нібыта скача пад дудку ЗША. Паводле тэлеканалу «Беларусь 1», «BRICS плануе зламіць грашовую гегемонію ЗША», стварыўшы новую лічбавую валюту і падмацаваўшы яе золатам.

Планы стварыць новую валюту сапраўды ёсць. Але прэзідэнт Бразіліі Лула да Сіўва заявіў падчас саміту, што BRICS не мае намеру супрацьпастаўляць сябе G-7 і G-20. Абʼяднанне не варта разглядаць як антызаходні блок, кажа спецыяліст у міжнародных эканамічных стасунках Алесь Чайчыц.

«Ніхто не хоча апынацца ў сітуацыі Расеі і Беларусі і канфліктаваць з Захадам. Усе хочуць узаемадзейнічаць з Захадам, гандляваць. Але проста хочуць абараняць свае інтарэсы, будучы згуртаванымі», – тлумачыць Алесь Чайчыц.

Ці дапаможа ўдзел у BRICS падтрымаць беларускую эканоміку? З гэтых краінаў могуць прыйсці асобныя інвестары, што не пераймаюцца правамі чалавека ў Беларусі. Але трэба памятаць, што краіна застаецца пад заходнімі санкцыямі – адзначае Алесь Чайчыц.

«Беларусь – маленькая краіна на фоне ўдзельнікаў BRICS, маленькая эканоміка. І рызыкаваць дзеля маленькіх прыбыткаў стасункамі з Захадам мала хто захоча», – мяркуе эксперт.

Абʼём эканомікі Беларусі на фоне краінаў BRICS сапраўды выглядае даволі сціплым. Але Лукашэнка, імаверна, ставіць і іншыя мэты, падаючы заяўку на далучэнне да абʼяднання. Адна з іх – зменшыць залежнасць ад Расеі, кажа Аляксандр Класкоўскі. І дадае: «Лукашэнка хоча выйсці з ізаляцыі, апроч усяго іншага. Трэба ж недзе на гэтым «Боінгу» кудысьці лётаць. Пакуль не прыляцеў яшчэ ордар з Гаагі. Бо Пуцін, як мы бачым, ужо надта не палётае».

Пуцін замест сябе адправіў кіраўніка МЗС Лаўрова. Зрэшты, і Лукашэнка асабіста на саміт не паехаў. Беларусь на сустрэчы рэпрэзентуе міністр замежных справаў Сяргей Алейнік.

Валянцін Васіленка, «Белсат»