Бітву за ўраджай прайгралі?


Аграрыі выйшлі на фінішную прамую. На сёння яны сабралі 89 адсоткаў вырашчаных культураў і намалацілі 5 мільёнаў 730 тысяч тонаў збожжавых і зернебабовых. Летась на дзень 22-га жніўня беларускія аграрыі намалацілі на тону болей – 6 мільёнаў 700 тысяч тонаў. Каб наблізіцца да мінулагодніх паказнікаў, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання ўключыла ў статыстыку ўраджаю зерня рапс, якога намалацілі яшчэ 934 тысячы тонаў.

«Рапс – гэта сваяк капусты. Адзінае падабенства са збожжавымі – гэта тое, што яго ўбірае той жа збожжаўборачны камбайн. Гэта тэхнічная культура, якая ўвогуле не павінна ісці ў залік збожжа», – заявіў эксперт у сельскай гаспадарцы Мікалай Лысянкоў.

Сёлетнія няўдачы ў зборы ўраджаю ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі тлумачаць засушлівым надвор‘ем. Але эксперт мяркуе, што прычына не толькі ў гэтым…

«А ў той безгаспадарчасці. Бо прыватнай уласнасці на зямлю амаль няма. Асобныя фермеры ёсць, але яны не робяць такога надвор’я. Таму сітуацыя такая ў краіне, што паказчыкі будуць горшыя», – паведаміў журналіст, былы працаўнік у галіне сельскай гаспадаркі Зміцер Лупач.

Але ж хібы ёсць не толькі ў аб’ёмах ураджаю. Роўна месяц таму Лукашэнка на чарговай нарадзе заяўляў, што ў кожнай другой гаспадарцы камбайны не гатовыя да працы. Лідаруе паводле гэтага паказніку сёлета Гомельская вобласць. Да пачатку ўборачных работаў тэхагляд не прайшлі 63 % камбайнаў. Чыноўнікі пасля рапартавалі, што праблемы пераадоленыя. Аднак перыядычна ў розных рэгіёнах тэхніка не вытрымлівае і літаральна гарыць на працы. Сярод ахвяраў – грузавыя машыны, трактары, прычэпны прэс-падборшчык, камбайны, пагрузчыкі ды нават службовая «Джылі» старшыні Лагойскага райвыканкаму.

Падчас бітвы за ўраджай сілавікі паведамляюць пра рост крадзяжоў у гаспадарках. Гаворка перадусім пра паліва, якое зліваюць з сельскагаспадарчай тэхнікі. Але частыя выпадкі – крадзеж камбікорму.

«Народ вядома, што будзе красці. Таму што гэта не прыватная гаспадарка і заробкі невялікія. І кожны хоча ўзяць ці то саляркі, ці то збожжа, ці то камбікорму. Ну хто пры чым працуе, той тое і крадзе», – дадаў Зміцер Лупач.

Паводле нашага эксперта, раней Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што для харчовай бяспекі краіны трэба збіраць 10 мільёнаў тонаў збожжа. Пад такі абʼём ураджайнасці будаваліся і асноўныя спажывальнікі зерня і камбікорму – птушкафабрыкі ды жывёлагадоўчыя комплексы.

«Фактычна, калі зараз загрузіць усю сельскую гаспадарку як мае быць, то нам не хопіць 4 -4,5 тонаў збожжа», – паведаміў Мікалай Лысянкоў.

Каб забяспечыць неабходныя збожжавыя запасы, лукашэнкаўскія чыноўнікі звярнуліся па дапамогу да Расеі. Сёлета Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання плануе купіць у суседняй краіны 500 тысяч тонаў зерня, у тым ліку кармавога.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»