Улады шукаюць спецыялістаў сярод мігрантаў


Паводле пастановы Міністэрства працы мігранты з 1 ліпеня змогуць працаваць у Беларусі без дазволу на сталае месца жыхарства. Але выбар прафесіі абмежаваны дзесяццю спецыяльнасцямі: гэта кіроўца, слесар, трактарыст, швачка, электраманцёр і інжынер. А таксама медычныя спецыяльнасці, якіх у спісе найбольш. Ці гэта не спроба закрыць патрэбу ў працаўніках у гэтых кірунках?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Старэйшая навуковая працаўніца «BEROC» Анастасія Лузгіна адказала на пытанне:

«Туды, напрыклад, уваходзяць тая ж транспартная галіна альбо ахова здароўя, якія паводле афіцыйнай статыстыкі, калі мы паглядзім, з месяца ў месяц на працягу некалькіх гадоў ідзе скарачэнне занятасці. Таму, так думаю, што гэта адзін з фактараў, чаму зацвердзілі менавіта такі спіс».

Сёлета ў Беларусі рэкордны адток кадраў. За першыя чатыры месяцы краіна страціла амаль 30 тысяч работнікаў. Такой колькасці звольненых не было нават у крызісным 2022-ім і 2020-ым гадах. Найбольш працаўнікоў губляе рознічны гандаль, сістэма аховы здароўя і IT.

«Такі адток звязаны з тым, што, па-першае, людзі паміраюць, людзі паміраюць у Беларусі. Мы бачым гэта па лічбах – нас усё меней і меней. Па-другое, людзі з’язджаюць у іншыя краіны. Гэтак, летась толькі Польшча прыняла 70 тысяч беларусаў. І беларусаў у самым працаздольным узросце. Гэта, па-першае, айцішнікі. Ну, і па-другое, летась Польшча выдала тысячу дазволаў на працу беларускім лекарам», – тлумачыць бізнесовец, аўтар праграмы «Атма$фера» Аляксандр Кныровіч.

Працэдуру прыняцця на працу замежнікаў ужо спрашчалі папраўкамі ад 14 красавіка. Больш не трэба атрымоўваць дазволу на прыцягненне замежнай працоўнай сілы ў Беларусь, рэгістраваць дамовы ў падраздзяленнях міграцыі. Але ці гэтыя спрашчэнні і магчымасць замежнікаў працаваць без дазволу на сталае жыхарства сапраўды прыцягнуць працоўных мігрантаў у Беларусь?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Нашыя чытачы паведамляюць, што працягваюць бачыць у сталіцы групы людзей, якіх імаверна пазней павязуць на дзяржаўную мяжу Беларусі для нелегальнага пераходу ў краіны ЕЗ. Менск, Беларусь. 19 кастрычніка 2021 года.
Фота: чытачы / Белсат

«Я ўпэўнены, што такі дазвол не спрацуе, таму што зараз Беларусь фактычна знаходзіцца ў стане вайны. І ў ваюючую краіну, нягледзячы на ніякія дазволы, людзі папросту не маюць жадання ехаць і працаваць. У Расеі тое ж становішча, як і ў Беларусі. Там няма беспрацоўя, там зараз не хапае працоўных рук у першую чаргу, таму што гэтыя працоўныя рукі зараз ваююць ва Украіне. Краіны ж Сярэдняй Азіі зараз не разглядаюць Беларусь як прыстойнае месца для працаўладкавання», – лічыць Аляксандр Кныровіч.

Пакуль колькасць працоўных мігрантаў акурат змяншаецца. Калі ў 2020 годзе іх было больш за 10 тысяч, то летась іх колькасць не дасягнула і 7 тысячаў.

«За пару год мы страцілі каля 3% працоўных рэсурсаў. Гэта даволі вялікія лічбы. І калі гэтыя тэмпы будуць захоўвацца, то за яшчэ 5-6 год, у цэлым за 10 год мы можам страціць каля 10% працоўнай сілы. Эканоміка будзе сціскацца і не расці тымі тэмпамі, якімі яна б мела магчымасць расці пры нармальнай сітуацыі на рынку працы», – прагназуе Анастасія Лузгіна.

Адток работнікаў толькі павялічваецца. Цяпер у агульнарэспубліканскім банку вакансіяў шукаюць каля 126-ці тысяч працаўнікоў, што ўжо на 17 тысяч больш, чым два месяцы таму.

Яна Шэк, «Белсат»