«Нам прыйдзецца вяртацца да чарговай рэформы»: ці ёсць у беларусаў магчымасць дажыць да пенсіі?


Падвышалі-падвышалі і, падаецца, недападвысілі! Пачатая ў 2017 годзе пенсійная рэформа завяршылася толькі сёлета, а ўжо гучаць прапановы наконт новых рэформаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Дырэктарка бізнес-саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага Жанна Тарасевіч лічыць, што пенсійны ўзрост для беларускіх жанчын трэба паступова падвысіць з 58-мі да 63-ох гадоў:

«Нам прыйдзецца вяртацца да чарговай рэформы. Будзе гэта праз год ці два, сказаць складана, бо змяняецца эканамічная сітуацыя. Але мы будзем стаяць перад выбарам: трэба або праводзіць рэформу, або павялічваць абавязковыя адлічэнні з фонду аплаты працы. Або нам прыйдзецца зніжаць памеры пенсіяў».

Дырэктарка БПСН абгрунтоўвае свае эканамічныя разлікі тым, што з-за дэфіцыту рэсурсаў пенсійнага фонду праз некаторы час бюджэт павінны будзе датаваць фонд, каб выплачваць пенсію хоць бы на ўзроўні сарака адсоткаў ад сярэдняга заробку. Аднак маўчыць Жана Казіміраўна аб прычынах, што прывялі да такой неабходнасці ў так званай «сацыяльнай дзяржаве». Аналітык Beroc Кацярына Барнукова кажа:

«Дэмаграфія пагаршаецца тым, што людзі з’язджаюць, падае нараджальнасць, гэта таксама ў агульным залежыць ад эканамічнага і палітычнага крызісу. Тое што эканоміка ў крызісе і санкцыі накладваюць абмежаванні ў тым ліку на бюджэт, на паступленні ў бюджэт – гэта ўсё падштурхоўвае да неабходнасці больш хуткага вырашэння праблемы дэфіцыту пенсійнай сістэмы».

Таксама ад бізнес-саюзу прагучала думка, што трэба выраўноўваць долю адлічэнняў ад работнікаў і працадаўцаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Цяпер гэта 1 адсотак і 34 адсоткі адпаведна. Паступова ж, паводле Жанны Тарасевіч, трэба прыходзіць да суадносінаў 50/50. Тады, маўляў, у наймальніка будзе зацікаўленасць выплачваць больш высокі заробак, а ў работнікаў – магчымасць атрымаць у будучыні вышэйшую пенсію. Ці ж варта чакаць павелічэння адлічэнняў у ФСАН і як вынік – змяншэння рэальных заробкаў цяпер? Паводле Кацярыны Барнуковай:

«Хутчэй за ўсё яны не пойдуць на гэта, таму што будзе непапулярным крокам, а павышэнне пенсійнага ўзросту, крыху больш прымальны крок. Які, скажам так, хваравіта ўспрымаюць толькі тыя, хто ўжо цяпер у перадпенсійным узросце».

А што ў гэтай сітуацыі паказваюць звесткі Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі?

Колькасць насельніцтва нашай краіны за тры гады зменшылася амаль на 174 тысячы чалавек. Колькасць занятага ў эканоміцы насельніцтва – на 58 тысячаў. Сярэдні ж памер пенсіі падняўся на 133 рублі, аднак тут варта не забываць пра адначасовы рост інфляцыі. І гэта звесткі на 2021 год. Сёлета ж, паводле экспертаў, дэмаграфічны і эканамічны крызіс толькі паглыбляецца. Тэндэнцыя да падвышэння пенсійнага ўзросту – не беларускае ноу-хау.

Амаль усе нашыя краіны-суседкі таксама паэтапна павышаюць пенсійны ўзрост, ва Украіне і Латвіі ён залежыць ад страхавога і працоўнага стажу адпаведна. Аднак ва ўмовах эканамічнага крызісу ці застанецца ў беларусаў час «пажыць для сябе?» Сярэдняя працягласць жыцця жанчын у Беларусі складае 78 гадоў, мужчынаў – 64.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»