У Мазыры будзе лядовы палац?


Лядоваму палацу ў Мазыры – быць. Прынамсі, гэтак мяркуе кіраўнік Гомельскай вобласці Іван Крупко.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Цяпер будуем арэну ў Светлагорску, наступны на чарзе – спарткомплекс у Мазыры, з якім суседнічаюць Нароўля, Калінкавічы. Ёсць упэўненасць, што ахвочых займацца спортам дастаткова шмат».

Крупко пакідае за дужкамі кошт будаўніцтва ды абслугоўвання такіх аб’ектаў. Між тым, гэта нятанная забаўка для Беларусі. На ўзгаданую арэну ў Светлагорску вылучаюць трыццаць пяць мільёнаў рублёў. А вось узвядзенне Лядовай арэны ў Воршы ў 2013-м у пераліку на долары каштавала каля 30 мільёнаў долараў. Яўген Мазура, які раней узначальваў хакейны «Лакаматыў», называе сумы, патрэбныя на абслугоўванне гэтага абʼекту.

«Утрыманне арэны ў год абыходзілася прыкладна ў раёне 1,5 мільёна долараў у пераліку. Але ўлічыце, што гэта чацвёртая па памеры арэна ў краіне, гэта вялізны шматфункцыянальны комплекс», – кажа Мазура.

Зрэшты, не ўсе новыя лядовыя арэны вялікія. Адпаведна, многія з іх патрабуюць менш грошай. Але, галоўнае, яны прыносяць карысць.

«У нас, на жаль, хакей і гэтыя лядовыя палацы атрымалі чорную метку з-за падвышанай увагі з боку аднаго чалавека, – разважае Яўген Мазура. – Хаця гэта спорт, якім займаюцца тысячы дзяцей. І там жа не толькі хакей. Ёсць яшчэ шорт-трэк, фігурнае катанне, масавае катанне. І гэта запатрабавана, людзі рэальна на гэта ходзяць».

Цяпер, паводле інфармацыі Міжнароднай федэрацыі хакею, у Беларусі дзейнічае сорак адна лядовая арэна. Найбольшая іх колькасць – у Менску. Сярод рэгіёнаў лідарства мае Берасцейская вобласць з васьмю арэнамі, што месцяцца ў тым ліку ў адносна невялікіх райцэнтрах. Для параўнання, у Гомельскай вобласці лядовыя палацы ёсць толькі ў двух гарадах – у самім Гомлі ды ў Жлобіне. Мазырская лядовая арэна магла паўстаць яшчэ дзесяць гадоў таму. Аднак у 2012-м працы спыніліся праз нястачу сродкаў. Абʼект пераўтварыўся ў доўгабудоўлю.

«Канечне, калі параўноўваць з 1990-мі, у нас стала лядовых арэнаў у 10 разоў больш. Але калі параўноўваць з іншымі краінамі – у нас іх не так і шмат. Латвіі, напрыклад, мы саступаем паводле сярэдняй колькасці арэнаў на колькасць насельніцтва. Выведзем за дужкі палітыку – хакей у нас любяць. Таму для мяне было дзіўна, што два стотысячныя гарады, Барысаў і Мазыр, дагэтуль не маюць лядовых арэнаў», – на ўмовах ананімнасці кажа беларускі спартовы журналіст.

Новыя лядовыя арэны, павелічэнне колькасці дзяцей, якія займаюцца хакеем і, у рэшце рэшт, павелічэнне колькасці класных беларускіх гульцоў. Калі і ёсць тут узаемасувязь, дык спраўдзіць яе на міжнародных спаборніцтвах пакуль што не атрымаецца. Зборная Беларусі цяпер пад санкцыямі.

Ян Федаровіч, «Белсат»