Камуністы адзначылі дзень нараджэння Леніна


У Пінску і Лунінцы, у Гомлі і Чавусах – мясцовыя аддзяленні Камуністычнай партыі ды іншыя грамадскія арганізацыі ўсклалі кветкі да помнікаў Леніну ў дзень ягонага нараджэння. У Гомлі ж вобраз «правадыра сусветнага пралетарыяту», як называлі Леніна ў савецкіх падручніках, выкарысталі падчас правядзення суботніку.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сучасныя камуністы падкрэсліваюць, што нібыта менавіта Леніну Беларусь абавязаная незалежнасцю, але статусу рэспублікі ў Савецкім Саюзе Беларусь не атрымала б, калі б у 1918-м годзе беларусы не абвесцілі БНР. Да таго ж нацыянальную рыторыку бальшавікі выкарысталі толькі для развалу Расейскай імперыі, кажа акадэмічны дырэктар Беларускага інстытуту публічнай гісторыі Аляксей Ластоўскі:

«Тады ўздымалі пытанне таго, што Расея – гэта турма народаў. І менавіта пры пабудове камунізму будзе дасягнутае нацыянальнае развіццё этнічных народаў расейскай імперыі».

Прыйшоўшы ж да ўлады, бальшавікі паставілі мэтаю інтэрнацыянальнае камуністычнае грамадства без падзелу на нацыі. Ад пачатку закладалася, што будавацца новае грамадства будзе на гвалце, падкрэслівае гісторык:

«Калі мы кажам пра дыктатуру пралетарыяту – асноўны канцэпт, які распрацоўваў Ленін, – ён сам даваў загады знішчаць цэлыя сацыяльныя слаі, якія былі б перашкодай для рэалізацыі яго планаў. То бок, безумоўна, што гэта быў бязлітасны рэвалюцыянер».

За савецкім часам культ Леніна падтрымліваўся дзесяцігоддзямі; толькі ў Беларусі напрыканцы 80-х налічвалася каля шасцісот помнікаў правадыру. Менавіта ў нашай краіне паставілі і апошнюю скульптуру з ягонаю выяваю на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу – у 1991-м у Паставах.

Пасля развалу Савецкага Саюзу саюзныя рэспублікі ад помнікаў, назваў вуліцаў ды іншай спадчыны раней ці пазней пазбаўляліся. Але не Беларусь.

«Беларусы ў пачатку 90-х не пазбыліся сімвалаў камуністычнай эпохі, таму што значная частка насельніцтва ўспрымала гэтую эпоху як нармальнасць. Хаця, канешне, камунізм нармальнасцю не быў», – распавядае дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га склікання, намеснік старшыні Рады БНР Сяргей Навумчык.

Паводле сайту leninstatues.ru, станам на 2021 год у Беларусі існаваў 421 помнік Ільічу. Статус гістарычна-культурнай каштоўнасці маюць толькі дзевяць з іх, размешчаныя ў пяці абласных цэнтрах, апроч Горадні, а таксама ў Баранавічах, Пінску і Салігорску.

Помнік Леніну на плошчы Леніна ў цэнтры Горадні. 13 ліпеня 2017 г. Фота; Agencja Wschod / Forum

«Я не буду рушыць памятнікі», – заяўляў Лукашэнка пра помнікі Леніну.

Помнікі развальваюцца самі, бо найчасцей іх рабілі з няякасных матэрыялаў. Часам у Беларусі іх рамантуюць.

Да прыкладу, у 2016-м ля Трактарнага заводу паставілі помнік, што раней стаяў на тэрыторыі прадпрыемства. Але часцей на месцы падобных няякасных скульптураў зʼяўляліся іншыя. Так, у Глыбокім замест Ільіча ў 2012-м паставілі адразу восем бюстаў славутых землякоў.

«Павінен быць заканадаўчы праект, закон па рэсаветызацыі і рэкамунізацыі. І перанясенне ў адпаведнае месца для захавання гэтых элементаў сацыялістычнай культуры», – мяркуе палітолаг Павел Усаў.

Але галоўнае – не проста перанесці або зрынуць помнікі, падкрэслівае палітолаг, а пераасэнсаваць уласную спадчыну.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»