Іранскія вайскоўцы наведваюць Беларусь


У Менск прыбыў намеснік міністра абароны і падтрымання Узброеных сілаў Ірану Мэгдзі Джафары. Чакаецца, што бакі паглыбяць супрацу ў вайсковай сферы. Цяпер Іран стаіць за крок ад поўнамаштабнага ваеннага канфлікту з Ізраілем і шукае палітычных саюзнікаў ды новыя тэхналогіі. Таму эксперты кажуць, што такое сяброўства выгаднае перадусім Тэгерану. Але што ад гэтага выгадвае Беларусь?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Пасля паездкі Лукашэнкі ў Маскву, а таксама пасля абвастрэння канфлікту паміж Ізраілем і Іранам паўстала пэўная новая сітуацыя, калі ад Лукашэнкі патрабавалі больш глыбокага заангажавання ў вайну. Напрыклад, мабілізаваць магчымасці беларускай прамысловасці, беларускага ВПК, беларускага войска на патрэбу Расеі», – кажа аўтар і вядоўца праграмы «ПраСвет» на «Белсаце» Сяргей Пеляса.

Імаверна, што афіцыйныя Масква і Тэгеран схіляюць рэжым Лукашэнкі да вытворчасці на тэрыторыі Беларусі беспілотных лятучых апаратаў тыпу «Шагэд». Раней падобныя звесткі падаваў Інстытут вывучэння вайны ISW. Паводле яго інфармацыі, са жніўня 2023-га вялася гаворка аб вырабе іранскіх дронаў у Беларусі. Тады ж Іран наведаў лукашэнкаўскі міністр абароны Віктар Хрэнін.

«Іран не валодае некаторымі тэхналогіямі, або мае абмежаваныя магчымасці і можа не мець нейкіх навукова-тэхнічных інстытутаў, якія маглі б гэтыя тэхналогіі апрацаваць. У Беларусі захаваліся тэхналогіі, звязаныя з электронікай, з оптыкай, ракетныя тэхналогіі. Іран усё-такі ўжо больш за 40 год функцыянуе ў ізаляцыі», – адзначае Сяргей Пеляса.

У ізаляцыю праз новыя беларуска-іранскія стасункі можа трапіць сама Беларусь. Актыўнасць беларускіх вайскоўцаў ужо даўно выклікае занепакоенасць суседніх краінаў.

Літва ў хуткім часе збіраецца ўзброіць сваіх памежнікаў кулямётамі, а на працягу памежнай лініі – паставіць жалезабетонныя рагачы. Таксама ў краіне створаць агульнадаступныя стрэльбішчы для цывільных – там літоўскіх грамадзянаў навучаць карыстацца зброяй. Новаўвядзенні запрацуюць да канца лета. Паводле міністра абароны Літвы Лаўрынаса Касчунаса, сродкі на гэта ўжо выдаткаваныя.

«Расея ідзе на эскалацыю, усё больш і больш павялічваючы канфлікт. Яна гатовая да любых дзеяў. Таму трэба рыхтавацца, што Беларусь будзе не толькі ўцягнутая ў вайну, але і стане інструментам у вайне супраць краін Захаду і NATO», – адзначае Рыгор Ніжнікаў з Фінскага інстытуту міжнародных стасункаў.

Лукашэнка ў Іране
Прэзідэнт Ірана Эбрагім Раісі паціскае руку прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку пасля сумеснай прэс-канферэнцыі ў Тэгеране, Іран, 13 сакавіка 2023 г.
Фота: I ran’s President Website / WANA (West Asia News Agency) / Handout

З заявай аб гатовасці размясціць у сваёй краіне ядравую зброю выступіў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Палітык падкрэсліў, што на гэта яго падштурхоўвае мілітарызацыя Калінінградскай вобласці Расеі і ядравая зброя, якую, меркавана, прывезлі ў Беларусь. Але пакуль такі крок выглядае проста гучнаю заявай.

«Як Беларусь не можа кантраляваць расейскую ядравую зброю, так і Польшча не зможа кантраляваць і сама выкарыстоўваць ядравую зброю на сваёй тэрыторыі. Таму хутчэй сама Польшча стане яшчэ адной мэтай для ядравай зброі Масквы», – дадае Рыгор Ніжнікаў.

Днямі Літва і Польшча распачалі супольныя вайсковыя вучэнні ў сувальскім калідоры. Цягам тыдня ў іх возьмуць удзел падраздзяленні з ЗША і Партугаліі. Краіны адпрацоўваюць абарончыя сцэнары паводле так званага Аршанскага плану. Ён быў падрыхтаваны ў 2022 годзе, частка гэтага плану засакрэчаная.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»