Што чакае беларускі турыстычны бізнес?


Беларуская турыстычная галіна перажывае нялёгкі час не першы год. Калі ў 2019 годзе паслугамі турыстычных арганізацыяў скарысталіся 2,5 мільёны чалавек, то пасля пандэміі колькасць турыстаў зменшылася амаль утрая, да 910 тысяч. Але, за апошнія 2 гады лік асобаў, якія скарысталіся турыстычнымі паслугамі, павялічыўся да 2 мільёнаў. Пераважна за кошт перанакіравання вонкавага турызму ва ўнутраны, па Беларусі, і новай хвалі расейскіх турыстаў пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Беларускі аўтэнтычны турызм проста знікне. У асноўным нават тыя ж расейцы спажываюць санаторна-курортны адпачынак. Гэта купкі часам неарганізаваных, прыватных турыстаў з Расеі, якія прыязджаюць. Грошы ім усё адно трэба кудысьці аддаваць, а Беларусь – самы просты і самы яўны варыянт. Таму, адпаведна, такім чынам будзе выжываць Беларусь – праз спажыўцоў з Расеі», – лічыць гід і экскурсавод Юрый Куўшынаў.

Летась на паслугах, прададзеных замежным турыстам, зарабілі $180 мільёнаў. І 97% гэтых грошай – прыбытак ад расейскіх турыстаў. На пачатку гэтага месяца чыноўнікі турыстычнай сферы правялі канферэнцыю, на якой асабліва актыўна абмяркоўвалі далейшае збліжэнне з Расеяй.

«Вось настаў час, калі сусветныя выклікі нас падштурхнулі да таго, што мы адзін у аднаго ёсць, і нашыя ўзаемныя турыстычныя патокі, яны ёсць, яны ўзбагачаюць адзін аднаго, эканоміка працуе. Турызм нельга сказаць, што квітнее, але буйна развіваецца», – задаволены старшыня праўлення Рэспубліканскага саюзу турыстычнай індустрыі Філіп Гулы.

Чаго не скажаш пра прыбытак з продажу тураў за мяжу. Старшыня праўлення Саюзу турыстычных арганізацыяў Руслан Сегенюк сцвярджае, што выязны турыстычны бізнес не зможа задаволіць патрэбаў кліентаў. У Беларусі засталіся ўсяго 4 масавыя кірункі: Арабскія Эміраты, Егіпет, Грузія і Турцыя. Нядаўна з’явіўся Катар. Усё астатняе – гэта расейскія гарады. Ці дапаможа імпартазамяшчэнне падвысіць прыбытак, распавёў Юрый Кушняроў:

«Гэтая сітуацыя, якая ёсць цяпер, нават з расейскімі турыстамі, якія даволі сур’ёзнаю плынню наведваюць Беларусь… Я сумняюся, што будзе нейкі пад’ём, бо гэтая магчымасць вычарпаная».

Што ж прапаноўвае ўнутраны турызм? Ледзь не палову рынку трымаюць санаторыі. Папулярны і аграэкатурызм, падарожжы па замках Беларусі. А вось тыдзень таму выстава “Адпачынак-2023” у Менску прапанавала прамысловы турызм, і не толькі…

«У нас індзейская вёска. Да нас можна прыехаць адпачыць, паціскаць хаскі, зрабіць фота, пажыць у індзейскіх доміках Ціпі. Чаму індзейскае жыццё? Таму што ў Беларусі вельмі прыгожая прырода. Да нас дайшла мудрасць індзейцаў пра прыгажосць прыроды», – распавядаюць удзельнікі выставы.

Калі казаць пра ўнутраны турызм, то поспехаў дасягнуў гатэльны бізнес Беларусі. Ажно на 30 адсоткаў, да двухсот шасцідзесяці мільёнаў рублёў падняўся прыбытак гатэляў летась.

«Невялікая кампенсацыя адбылася за кошт таго, што сталі больш размяшчацца беларусы. Ну гэта, я так разумею, выклікана хутчэй тым, што трэба неяк запаўняць нумарны фонд, і хутчэй за ўсё гэта не турысты як такія, а работнікі, якія прыязджаюць на канферэнцыі», – каментуе эканаміст Аляксей Харкевіч.

А падвышэнне прыбытку – гэта хутчэй аднаўленне пасля пандэміі, чым сапраўдныя поспехі. Калі запоўненасць беларускіх гатэляў летась склала 3%, то перад эпідэміяй, у 2019 годзе яна дасягала 45–50%.

Яна Шэк, «Белсат»