Галасаванне, якое ставіць на мэце вярнуць пачуццё адзінства


Пяты дзень лічбавага галасавання за мірны выхад з крызісу шляхам перамоваў пры міжнародным падтрыманні. Сёння на міжнародным форуме Каліноўскага ў Вільні Святлана Ціханоўская падзялілася з «Белсатам» сваймі ўражаннямі ад хады галасавання.

«Вельмі добра стартаваў працэс, вельмі шмат людзей прагаласавала адразу. Рэжыму страшна, што людзі галасуюць. Падаецца, такі бяскрыўдны спосаб ціску ўжо для іх страшны, яны ўпэўненасці не маюць ні ў чым. Там рэжым гайдаецца, як падчас землятрусу, таму трэба ціснуць, ціснуць і ціснуць», – мяркуе Святлана Ціханоўская.

Акрамя сотняў тысяч тых, хто прагаласаваў, вялікую цікаўнасць да платформы выказалі і ўлады. Ужо ў мінулую пятніцу сайт «Голасу» заблакавалі ў Беларусі. Таксама былі спробы блакаваць перадачу кароткіх спасылак у мэсэнджарах, распавядае аўтар платформы.

«Паколькі ўсё галасаванне адбываецца менавіта ў чат-ботах, у нас няма ніякага функцыяналу галасавання на сайце, ён носіць выключна інфармацыйную функцыю, то па сутнасці нам гэта не моцна перашкодзіла. Блакаваць нас пачалі, калі яшчэ не было 400 тысяч чалавек, а сёння ў нас 680 і мы набліжаемся да 700 тысяч, нягледзячы на ўсе гэтыя блакіроўкі», – кажа стваральнік платформы «Голас» Павел Лібер.

Унутры чат-ботаў стваральнікі «Голасу» гарантуюць поўную ананімнасць, маўляў, для галасавання неабходна пазначаць толькі нумар тэлефону, а ён шыфруецца і захоўваецца на серверы ў Амерыцы.

«Мы сутыкнуліся з такім выпадкам, што на многіх прадпрыемствах і заводах людзям прамым тэкстам сказалі: нідзе не галасуйце, мы забяром тэлефоны, мы спраўдзім. На гэта ў нас таксама ёсць адказ: чалавек абсалютна спакойна можа прагаласаваць у чат-боце, а пасля выдаліць паведамленне ад чат-боту, такім чынам цалкам схаваць сляды, што ён галасаваў», – лічыць Павел Лібер.

Сабраць мільёны галасоў, са словаў арганізатараў, не самамэта. Перш за ўсё галасаванне дапаможа вярнуць беларусам пачуццё адзінства, прадэманструе беларускім уладам, што перамовы – гэта адзіная магчымасць выйсця з крызісу, а таксама галасаванне мусіць узмацніць зацікаўленасць сусветнай супольнасці ў развязанні беларускага пытання.

Ірына Карніенка, «Белсат»