Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком непрызнанай Абхазіі


Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком непрызнанай Абхазіі Асланам Бжанія. На сустрэчы абмяркоўваліся пытанні супрацы Беларусі і самаабвешчанай рэспублікі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Грубае парушэнне суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Грузіі», – так афіцыйны Тбілісі ацаніў сустрэчу Лукашэнкі з кіраўніцтвам непрызнанай рэспублікі Абхазія, якую Грузія лічыць акупаванаю.

Такая рэакцыя была і на прыезд дыктатара ў Абхазію ў верасні мінулага года.

«Мы падтрымлівалі і падтрымліваем добрыя стасункі з Тбілісі. Наколькі гэта магчыма. Чаму яны рэагуюць так востра? Можа вы мне адкажаце?» – звярнуўся да Бжаніі Лукашэнка.

На сустрэчы размаўлялі пра супрацу ў турыстычнай сферы ды пра пашырэнне гандлю. Лукашэнка распавёў, што сочыць за лёсам былога прэзідэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі, які цяпер за кратамі. Раней палітыкі неаднаразова сустракаліся.

«Неяк гэта не вельмі выглядае прыстойна з пункту гледжання таго, што гэта быў прэзідэнт усё ж. Таму даходзіць да такой ступені, як гэта складваецца цяпер, проста непрыстойна», – дадаў Лукашэнка.

Кіраўнік самаабвешчанай рэспублікі Бжанія падкрэсліў важнасць кантактаў з Беларуссю ва ўмовах ізаляцыі ды падпісаў указ аб павелічэнні тэрміну бязвізавага перабывання беларусаў у Абхазіі. Пра канкрэтныя дамоўленасці з беларускага боку нічога не вядома.

«Гэтая сустрэча зніжае прэстыж Беларусі як дзяржавы і Лукашэнкі ўласна. Хаця пра які прэстыж Лукашэнкі можна зараз гаварыць? Ці быў у яго выбар увогуле?» – сказаў аўтар YouTube-каналу «Новости с Кавказа» ГелаВасадзе.

Цікава, што гэтая сустрэча Лукашэнкі і Бжаніі, як і іхная сустрэча ў верасні, адбылася адразу пасля візітаў Лукашэнкі да Пуціна.

«Што датычыцца знешняй палітыкі, Лукашэнка ўжо не мае таго манеўра, як да жніўня 2020 года, калі мог паміж захадам і Расеяй праводзіць манеўры. Цяпер гэтага няма і ён робіць тое, што яму кажа Пуцін», – сказала эсперт Еўрапейскай сеткі лідарства, супрацоўнік Цэнтру аналізу еўрапейскай палітыкі Кацярына Глод.

На апублікаваных прэс-службаю фотаздымках Лукашэнка сядзеў на чале стала, а свайго госця размясціў справа ад сябе.

«Важна паказаць Грузіі, з якой Лукашэнка падтрымлівае адносіны, паказаць, што гэта такое – паўпрызнанне візіту. Прыехаў кіраўнік Абхазіі, але Лукашэнка не ставіць яго на адзін узровень з сабой і не разглядае яго як кіраўніка дзяржавы», – дадала Кацярына Глод.

Хоць рэжым Лукашэнкі дасюль не прызнаў Абхазіі, экспарт з Беларусі ў гэтую рэспубліку пазалетась склаў каля 4-ох мільёнаў долараў ЗША. Для Беларускага бюджэту гэтая сума – не істотная. Калі пералічыць яе ў трактары МТЗ, то на гэтыя грошы можна купіць не больш за 40 машынаў.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»