Дзесяць год назад забілі Міхаіла Жызнеўскага


Дзясятая гадавіна з дня смерці Міхаіла Жызнеўскага. Дваццаціпяцігадовага беларуса застрэлілі проста ў цэнтры Кіева падчас мірнай акцыі пратэсту.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«На жаль, куля знайшла яго. Наўрад ці свядома яго шукала, але яму не пашчасціла», – кажа журналіст, удзельнік Рэвалюцыі годнасці Іван Вярбіцкі.

Міхаіл Жызнеўскі паходзіў з Гомельшчыны, але ў сямнаццацігадовым узросце з’ехаў ва Украіну. Палітычны крызіс і Рэвалюцыя годнасці дзве тысячы трынаццатага-чатырнаццатага гадоў не пакінулі яго абыякавым.

«Ён быў там, на Майдане, ён падтрымліваў людзей, ён быў дзясятнікам, наколькі я памятаю. Ён сябе яскрава праявіў і не спужаўся, не збег, – узгадвае сябра Міхаіла Жызнеўскага Аляксандр Паціха. – Я думаю, што ён Украіну лічыў сваёй другой бацькаўшчынай. Ён шмат гадоў пражыў ва Украіне, у яго многа сяброў ва Украіне. І ён гэтую сітуацыю ўспрымаў як сваю, як сваё ўласнае гора».

Міхаіл Жызнеўскі – далёка не адзіны загінулы падчас Рэвалюцыі годнасці. Зімой 2014-га сілавікі, адданыя тагачаснаму прэзідэнту Віктару Януковічу, забілі больш як сто пратэстоўцаў.

«Гэтыя падзеі досыць трагічныя, бо ў цэнтры еўрапейскай сталіцы праўрадавыя войскі скарысталі агнястрэльную зброю супраць мірных пратэстоўцаў, – узгадвае працаўніца музею Рэвалюцыі годнасці Вікторыя Бойка. – І мы маем загінулых, якіх называем Нябеснаю сотняю. Такіх людзей было 107».

Міхаіла Жызнеўскага пахавалі на радзіме, на могілках пад паселішчам Сцяг Працы пад Гомлем. У 2017 годзе тагачасны прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка пасмяротна ўзнагародзіў беларуса званнем Героя Украіны.

«Сімвалізм пэўны ў тым ёсць, што за Украіну першымі ў гэтай вайне загінулі этнічны армянін і беларус, – заўважае Іван Вярбіцкі. – Міхаіл паказваў сваім жыццём да Майдану, што ён актыўны, ён неабыякавы да лёсу сваёй Беларусі, да лёсу Украіны і не хоча сядзець са складзенымі рукамі і глядзець, як адбываецца жыццё вакол яго».

У Кіеве ўшанавалі памяць Міхаіла Жызнеўскага, паставіўшы памятны знак побач з месцам ягонай гібелі. Аднак у 2021 годзе надмагілле знікла. Магчыма, прыбралі камунальнікі. Беларускія добраахвотнікі адшукалі помнік праз два гады ды аднавілі яго на старым месцы. Зрэшты, вінаватыя ў забойстве Міхаіла Жызнеўскага не названыя дагэтуль.

Мемарыял Герою Украіны, беларусу Міхаілу Жызнеўскаму ў Кіеве. Ён быў забіты стрэлам у сэрца 22 студзеня 2014 года падчас Еўрамайдану. У яго не было зброі. Кіеў, Украіна. Сакавік 2022 года.
Фота: КП / Белсат

«Людзі на высокіх пасадах гавораць пра еўрапейскія каштоўнасці, пра суды, пра справядлівасць, пра высокія матэрыі, гонар. А з іншага боку – яны не могуць здзейсніць справядлівасць пры забойстве чалавека 10 гадоў таму на цэнтральнай плошчы цэнтральнага гораду», – абураецца Аляксандр Паціха.

Падзеі Еўрамайдану ды пазнейшая анексія Крыму паўплывалі на жыццё не толькі Украіны, але і ўсяго рэгіёну. Пасля гэтых падзеяў Лукашэнка паспрабаваў залагодзіць адносіны з Захадам напярэдадні перадвыбарчай кампаніі 2015 года.

«Рэжым вырашыў, што яму выгадна быць адэкватным (у двукоссі) партнёрам для Захаду і пачаў рабіць пэўныя рэчы, каб сабе спрасціць хаду выбараў 2015 года, – разважае медыяаналітык Марыя СадоўскаяКамлач. – Выпускаць некаторых палітвязняў або спыняць крымінальны пераслед некаторых людзей супраць якіх яшчэ ў 10-11 годзе былі заведзеныя крымінальныя справы».

Падзеі Рэвалюцыі годнасці ў пэўнай ступені паўтарыліся ў Беларусі ў 2020-м. Хіба што з меншаю колькасцю ахвяраў сярод дэманстрантаў. Зрэшты, на адрозненне ад Украіны, мірны пратэст у Беларусі прайграў аўтакрату і ягонай рэпрэсіўнай машыне.

Ян Федаровіч, «Белсат»