21 вінаваты ў карупцыі, але справа медыкаў працягваецца


Менскі гарадскі суд вынес рашэнне ў гучнай справе медыкаў. 21 фігуранта прызналі вінаватымі ў карупцыі. Большасць з іх атрымалі тэрміны пазбаўлення і абмежавання волі, а брата кіраўніка «Амкадора» бізнесоўца Сяргея Шакуціна адпусцілі ў зале суда.

4-месячны працэс у справе медыкаў скончыўся абвінаваўчым выракам усім фігурантам. Самы суворы тэрмін – 7 гадоў пазбаўлення волі – атрымаў Аляксандр Сталяроў, былы кіраўнік Цэнтру экспертызаў і выпрабаванняў у сферы аховы здароўя.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Паводле следства, Сталяроў браў грошы ва ўласным кабінеце. Там усталявалі відэаназіранне. Намесніку Сталярова, Сяргею Зінчанку, прысудзілі 3 гады пазбаўлення волі.

Дырэктара «Іскамеду» Сяргея Шакуціна выпусцілі ў зале суда. Суддзя Ігар Любавіцкі агучыў вырак: паўтара года пазбаўлення волі за дачу хабару, аднак больш за год Шакуцін ужо правёў у СІЗА. Гэта адзіны з фігурантаў справы, хто цалкам не прызнаў сваёй віны.

Бальшыня ж фігурантаў атрымалі тэрміны пазбаўлення ды абмежавання волі. Трое – штрафы. Прысуд яшчэ можа быць абскарджаны.

«КДБ казала пра тое, што некаторыя хабары за адзін раз дасягалі сумы 350 тысяч долараў, агулам сумы хабараў па ўсёй справе – прыкладна 15 мільёнаў долараў. Але гэтых лічбаў падчас працэсу цягам года мы і блізка не заўважылі», – кажа журналіст Ігар Ільяш.

Масавы суд у «справе медыкаў» пачаўся 19 жніўня. На лаве падсудных быў 21 фігурант. Васьмёра з іх – прадстаўнікі сістэмы аховы здароўя. Летась КДБ распачаў крымінальную справу па факце дачы ды ўзяцця хабару за спрыяльнае развязанне пытанняў пра закуп медычнай тэхнікі.

Справа медыкаў аднак на гэтым не скончылася. У Менскім гарадскім судзе ўжо пачаўся ў закрытым рэжыме разгляд яшчэ адной карупцыйнай справы. Сярод шасці фігурантаў ёсць і Аляксандр Шарак, кіраўнік прадпрыемства «Белмедтэхніка», у якога ў гаражы знайшлі 620 тысяч долараў.

Наста Кахановіч belsat.eu