У расейскім цягніку памерла дзяўчынка з Луганшчыны


У эфіры тэлеканалу «Цюменскі час» вядоўца распавядае, як дзеці з акупаванай Луганскай вобласці адпачываюць у мясцовым лагеры. Мяркуючы з закадравага тэксту, у цэнтры пануе суцэльная ідылія. Гэта даводзіць і тэкст на экране: «Гасцінная Цюмень».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Матэрыял выйшаў у эфір 19-га снежня. Менавіта тады, калі школьнікі пакідалі лагер. На наступны дзень памерла 12-гадовая Вераніка. Дарогаю ў яе паднялася тэмпература, якую збівалі парацэтамолам. Увечары дзяўчынка страціла прытомнасць. Штучнае дыханне і масаж сэрца не дапамаглі выратаваць Вераніку.

«Учора нам раніцаю дзяўчына праз Тэлеграм даслала галасавое паведамленне, што ў Веранікі паднялася тэмпература высокая – 39,2. Потым мы пыталіся, пыталіся. Пасля абеду напісала: “Тэмпературу Вераніцы збілі, пазней напішу”. І ўжо патэлефанавалі, паведамілі, што дзіця няма», – распавяла маці дзяўчынкі Галіна.

Са словаў Галіны, на наступны дзень пасля прыезду ў лагер дачка скардзілася, што дрэнна пачуваецца. Дзіця змясцілі ў ізалятар, толькі калі захварэлі астатнія дзеці. Маме ж казалі, што ўсё добра. У тым, што здарылася, яна вінаваціць кіраўніцтва «Олимпийской Ребячки»:

«Мне Вераніка тэлефанавала, атрымоўваецца, на трэці дзень. Сказала, што там дзіця захварэла, таксама тэмпература была. Атрымоўваецца, першапачаткова не звярнулі ўвагі на гэта. Затым, калі пачалі іншыя дзеці хварэць, яе перасялілі ў ізалятар. Яны нядбайна аднесліся. Бо іншыя дзеці пісалі наконт таго, што яны нядбайна адносіліся».

Апроч таго, дзеці наракалі на холад у дзіцячым цэнтры. Зрэшты, на гэта таксама ніхто не звярнуў увагі. Як і на тое, што перад пасадкай на цягнік Цюмень-Адлер у шасцярых дзяцей была высокая тэмпература. Паводле тэлеграм-каналу «Урал Мэш», хворых пасадзілі ў купэ плацкартнага вагона і закрылі фіранкай. Праз паўдня скардзіцца на здароўе сталі яшчэ сорак шэсць дзяцей. Іх перавялі ў асобныя вагоны. Трывогу забілі толькі тады, калі 12-гадовай Вераніцы спатрэбілася тэрміновая дапамога.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Цягнік.
Фота: Белсат

«”Расспажыўнагляд” на месцы разгарнуў мабільную лабараторыю, усіх агледзелі дактары. Было прынятае рашэнне сустрэць групу ў Балашове, дзе быў прыпынак цягніка, каб даставіць усіх у шпіталь Саратава і праверыць дзяцей на хваробы, надаць дапамогу», – заявіў губернатар Саратаўскай вобласці Расеі Раман Бусаргін.

Губернатар Саратаўскай вобласці заявіў, што ў 15-ці дзяцей пацвердзілі грып тыпу «А» – вядомы як ганконгскі. Яго асаблівасць – імклівае развіццё, літаральна цягам содняў. Аднак у Міністэрстве аховы здароўя Саратаўскай вобласці пра гэта ні слова. Там сцвярджаюць, што восемдзесят шэсць дзяцей у шпіталі з вострай рэспіраторнай віруснай інфекцыяй. Сямёра з іх – у сярэдне цяжкім стане. Яшчэ паўсотні чалавек – школьнікі і дарослыя – на каранціне. З нагоды смерці дзяўчынкі Следчы камітэт распачаў крымінальную справу.

У самім жа лагеры – эпідэмічнае расследаванне. Там сцвярджаюць, што перад адпраўкай хворых не было. Саратаўскія ўлады запэўніваюць: для бацькоў арганізавалі «гарачую лінію». Вось толькі мабільнага пакрыцця ў некаторых населеных пунктах гэтак званай ЛНР няма.

Ірына Юр’ева, Юлія Гунько, «Белсат»