У Менску развіталіся з мастаком Алесем Родзіным


Аднаго з заснавальнікаў беларускага авангарду і аднаго з найбольш вядомых на Захадзе сучасных беларускіх мастакоў, Алеся Родзіна, калегі з цэху называюць чалавекам-эпохай.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«З ягоных палотнаў можна адразу вызначыць, што ён замахваўся на тое, каб ахапіць увесь свет, каб з дапамогай свайго мастацтва патлумачыць сэнс чалавечага існавання», – кажа мастак Аляксей Кузьміч.

Аўтар вялізных філасофскіх футурыстычных карцінаў, Алесь Родзін займаўся таксама інсталяцыямі, фатаграфіяй, відэаартам, перформансамі. Мастак выстаўляўся ў Францыі, Бельгіі, Польшчы, Украіне, а пасля працяглы час жыў у Берліне, дзе больш чым дзесяць гадоў быў рэзідэнтам арт-цэнтру «Тахэлес».

«Праз маю выставу прайшлі каля двух мільёнаў асобаў. Гэта глабальная сітуацыя. Я адчуў, што Беларусь (а я прадстаўляю Беларусь) належыць нейкаму глабальнаму вялікаму вэрхалу, які ідзе па ўсім глабальным шары», – так мастак казаў пра арт-цэнтр у 2016-м.

Алесь Родзін быў зычлівым, спакойным і вельмі шмат працаваў, узгадвае дызайнерка і перакладчыца з Берліну Алена Штайнке. А ў сваёй майстэрні ў «Тахэлесе» мастак прымаў усіх ахвотных.

«Людзі маглі прыходзіць не толькі каб набыць або паглядзець, а нават проста заставаліся, садзіліся на падлогу, размаўлялі, разглядвалі ягоныя карціны. І гэта была вельмі прыемная атмасфера, прыемна было там быць», – кажа Алена Штайнке.

У Берліне і пазней у Беларусі Алесь Родзін ладзіў штогадовы фестываль эксперыментальнага мастацтва «ДАХ», які прадстаўляў творчасць мастакоў з розных мастацкіх сфераў.

Хоць творы Алеся Родзіна раскіданыя па ўсім свеце, значная іх частка застаецца і ў нашай краіне.

«Практычна ўсю асноўную сваю спадчыну вывез назад у Беларусь. Ён прынцыпова не прадаваў сваіх твораў, прадаваў проста фотаздымкі карцінаў – і гэта было дастаткова для яго», – кажа мастак і літаратар Зміцер Вішнёў.

У Беларусі няма сталай экспазіцыі твораў Алеся Родзіна, а ягоная спадчына заслугоўвае нават асобнага музею, лічаць калегі мастака.

«Велізарныя палотны, якія маглі б спакойна заняць нейкую частку цэнтру сучаснага мастацтва ці асобную залу. Але ў нас нават музею сучаснага мастацтва няма, пра што можа быць гутарка. Але ў кожным разе, нейкая сталая экспазіцыя, да якой будуць мець доступ людзі, каб яны прыходзілі глядзелі, медытавалі на ягоныя работы», – лічыць Аляксей Кузьміч.

Багатая творчая спадчына мастака чакае асэнсавання і навуковага даследавання, кажуць ягоныя калегі. І гэта – праца на будучыню.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»