У Беларусі знізяць тарыфы на стаматалагічныя паслугі


Паставіць пломбу ці выдаліць зуб беларусам стане танней. Міністэрства аховы здароўя падрыхтавала максімальныя тарыфы на ўвесь шэраг стаматалагічных паслуг. У выніку яны стануць яшчэ больш даступныя насельніцтву, абяцаюць у ведамстве.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Існуюць і іншыя спосабы, каб зрабіць паслугі яшчэ больш даступнымі. Добраахвотнае страхаванне, дзяржаўныя праграмы, калі падаткі грамадзянаў пераразмяркоўваюць такім чынам, каб дапамогу атрымоўвалі тыя, хто найбольш таго патрабуе. Стымуляванне кантораў, якія аказваюць дзяржаўныя паслугі. Нічога ў нас няма. У нас ёсць толькі закручванне гаек і патрабаванне працаваць за дарма», – патлумачыла каардынатарка Фонду медычнай салідарнасці Лідзія Тарасенка.

Кошты на стаматалагічныя паслугі залежаць не толькі ад тарыфаў. Улічваюцца і выдаткі на арэнду памяшкання, аплату працы персаналу – ад дактароў да асістэнтаў і адміністратараў, а таксама выдаткі на матэрыялы і тэхнічнае абсталяванне.

Прытрымлівацца максімальных тарыфаў павінныя будуць усе стаматалагічныя клінікі, незалежна ад формы ўласнасці. У Мінздароўя ўжо спрагназавалі, як на змены адрэагуюць менавіта прыватныя ўстановы.

«Мы разлічваем, што камерцыйны сектар будзе арыентаваны на экспартнае развіццё: пастанова не будзе распаўсюджвацца на замежных грамадзянаў», – заявіў прадстаўнік міністэрства Дзмітрый Калістратаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Стаматалогія.
Фота: levertova.com

Пры гэтым ужо цяпер кошты ў стаматалогіі ў Беларусі выглядаюць канкурэнтаздольнымі на фоне краінаў-суседак. Прынамсі складанае выдаленне зуба цяпер каштуе крыху танней, чымся ў Літве, Латвіі ды Польшчы, але прыкладна на адным узроўні з Расеяй і Украінаю. Прыкладна такая ж сітуацыя і з фотапалімернаю пломбай. Аднак ва Украіне гэтая паслуга будзе каштаваць амаль у паўтара разу менш. А вось прафесійнае ачышчэнне поласці рота ў Беларусі ў паўтара-два разы таннейшае, чымся ў суседніх заходніх краінах. Але пасля зменаў тарыфаў кошты на стаматалагічныя паслугі ў нашай краіне маюць скараціцца ад траціны да нават 47 %.

«Не вельмі зразумела, адкуль яны гэтыя 33-47% хочуць дастаць, з якіх сродкаў. Але негатыўна гэта дакладна адлюструецца, бо працадаўцы і кіраўнікі будуць яшчэ больш звязаныя, у іх будзе яшчэ менш інструментаў, каб рэгуляваць свае кошты», – распавёў нам на ўмовах ананімнасці стаматолаг.

Не менш скептычна глядзяць на ручное кіраванне коштамі стаматалагічных паслуг у Фондзе медычнай салідарнасці.

«Бізнес мусіць выкручвацца, дактары будуць “заціскацца” ці, не ведаю, прасіць пацыентаў, каб тыя набылі самі “расходнікі”, якіх таксама будзе не хапаць. Ці напалову шэрым чынам намагацца гэты вырашаць. Ну ці працаваць тым, што ёсць: больш танныя матэрыялы, хутчэй па часе», – мяркуе Лідзія Тарасенка.

Калі менавіта набудзе моц пастанова Міністэрства аховы здароўя, дакладна невядома. Але ў ведамстве абяцаюць, што лекаваць зубы паводле зніжаных коштаў беларусы пачнуць яшчэ сёлета.

Ірына Юр’ева, «Белсат»