Чаму беларусы падтрымалі ўкраінскі Майдан?


Падзеі ва Украіне ў 2013-ым годзе выклікалі вялікі інтарэс у Беларусі. Сярод украінскіх сцягоў на кіеўскіх вуліцах у той час луналі таксама бел-чырвона-белыя, а сярод легендарнай Нябеснай сотні ёсць і беларусы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Беларускі актывіст Андрэй Стрыжак быў назіральнікам на Майдане 2013-га года. Сваю цікавасць да ўсяго, што адбывалася ва Украіне ў той час, ён тлумачыць проста:

«Мы – меншыя за Украіну. І ў нас менш адбывалася такіх розных цікавых гісторый – такіх “дзвіжух”, як ва Украіне 2013 года. Зразумела, што гэта прыцягнула нашую ўвагу».

Напярэдадні рэвалюцыі, у чэрвені 2013 года, Лукашэнка наведваў Кіеў і казаў пра неабходнасць яднацца ў адзіную эканамічную прастору пад расейскім крылом. Тагачасны ўкраінскі прэзідэнт Віктар Януковіч адказаў коратка:

«Украіна ідзе шляхам еўрапейскай інтэграцыі. Што гэта значыць для нас? Для нас гэта значыць еўрапейскія стандарты. Ва ўсім».

У Беларусі еўрапейскія стандарты старанна выкарчоўваліся ўжо тады. Але агрэсія Расеі на Данбасе і анексія Крыму змусілі Лукашэнку зрабіць рэзкі ідэалагічны разварот і цалкам змяніць рыторыку. Ягонае традыцыйнае пасланне Нацыянальнаму сходу і народу Беларусі было вельмі эмацыйным.

«Мы павінныя любымі сродкамі абараніць галоўную нашую каштоўнасць: незалежнасць краіны, святое права жыць на сваёй зямлі і самім распараджацца сваім лёсам!»

Але нельга не згадаць і выгады, якую Лукашэнка атрымаў ад украінскіх падзеяў. Наступныя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прайшлі фактычна пад лозунгам «Хочаце, каб было, як ва Украіне?!»

Demonstracja w Kijowie w listopadzie 2013 r., zdj.: Piotr Pogorzelski
Дэманстрацыя ў Кіеве. Лістапад 2013 года.
Фота: Piotr Pogorzelski

Палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Валер Карбалевіч прыгадвае, што многіх беларусаў сапраўды спалохалі і шакавалі новыя ўкраінскія рэаліі.

«Гэта так моцна ўразіла беларускае грамадства, што прэзідэнцкія выбары 2015 года ўпершыню за ўсю гісторыю прайшлі без вулічных пратэстаў. Нават апазіцыя – з тых, хто спрабаваў удзельнічаць у выбарах, – не заклікала выходзіць на вуліцы».

Адначасова ўлады зрабілі колькі крокаў, якія можна назваць «касметычнаю беларусізацыяй».

У Беларусі сталі праводзіць разнастайныя культурніцкія ды адукацыйныя імпрэзы, прысвечаныя роднай мове, беларускай культуры і нацыянальнай гісторыі.

На вулічных шыльдах, на вакзалах і ў метро з’явілася беларуская лацінка.

А з 2016-га года Дзень вышыванкі ладзілі шырока па ўсёй краіне пад эгідаю праўладнага БРСМ і з удзелам асобаў, максімальна набліжаных да Лукашэнкі.

Не кажучы ўжо пра дазволенае святкаванне сотых угодак абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Усё змянілася ў 2020 годзе. Беларуская гісторыя амаль паўтарыла колішнюю ўкраінскую: збітыя людзі, катаванні і забойствы мірных пратэстоўцаў. З адной, але вялікаю розніцай: украінцы перамаглі.

«Мы можам мець моцнага лідара, мы можам мець моцную сілу на вуліцах. Але калі расейцы будуць мець свой уласны пункт гледжання на гэтую гісторыю, то мы атрымаем або тое, што атрымаў Афганістан у свой час, або тое, што цяпер адбываецца ва Украіне, – мяркуе Андрэй Стрыжак. – Рускія проста так не адпускаюць, калі не хочуць адпусціць».

За гэтыя 10 гадоў Украіна, не зважаючы на вайну і захоп часткі сваёй тэрыторыі, прайшла вялізны шлях. Беларусь жа, наадварот, шпарка крочыць у змрочную мінуўшчыну.

Марына Яновіч, «Белсат»