Суайчыннікі ў палоне групоўкі «Хамас»


210 асобаў цяпер знаходзяцца сярод закладнікаў у сектары Газа, паведамляе Армія абароны Ізраілю. Дагэтуль няма інфармацыі, ці ёсць сярод гэтых закладнікаў – грамадзянін Беларусі, які знік без вестак падчас атакі тэрарыстычнай групоўкі «Хамас» на Ізраіль 7 кастрычніка. На сёння вядома пра трох ізраільцянаў беларускага паходжання і яшчэ трох грамадзян Беларусі, забітых баевікамі.

Вярніце нашых блізкіх! Такія дэманстрацыі можна штодня пабачыць у Ізраілі. Грамадзяне незадаволеныя, што ў справе вызвалення закладнікаў з палону групоўкі «Хамас» урад дзейнічае павольна. Напярэдадні пасля перамоваў са сваім палітычным кіраўніцтвам, што базуецца ў Катары, баевікі адпусцілі дзвюх грамадзянак ЗША, якіх трымалі ў палоне два тыдні. Гэта маці і дачка.

«Мая дачка Наталі ехала ў Ізраіль з радасцю. Яна пайшла ў кібуц, каб тры дні пабыць са сваёй бабуляй, і там яе схапілі», – нагадвае Уры Раанан, бацька і былы муж вызваленых закладніц.

Адразу пасля нападу баевікоў ізраільскае войска змагло вызваліць дзвесце пяцьдзясят закладнікаў у выніку баявой аперацыі ў кібуцы Суфа ля мяжы з Газай. Сёння ўначы вайскоўцы наносілі ўдары па аб‘ектах «Хамасу» на ўсёй тэрыторыі сектару. Наземная аперацыя рыхтуецца.

«Мы павернем сітуацыю на 180 градусаў – дзень тэракту застанецца ў памяці як дзень, калі пачалося канчатковае і поўнае знішчэнне тэрарыстычнай арганізацыі «Хамас», – заявіў міністр абароны Ізраілю Ёаў Галянт.

Сёння ў Газу з Егіпту праехалі першыя грузавікі з гуманітарнай дапамогай. Перадусім гэта ежа, вада і медыкаменты.

Дзёрзкі дэсант на левы бераг

Журналісты «Associated Press» апублікавалі відэа баявога дэсанту ўкраінскіх марскіх пяхотнікаў на левым беразе Дняпра, які пакуль кантралюецца расейскімі войскамі. Украінцы адваявалі кавалак зямлі ў Херсонскай вобласці і замацаваліся там.

«Нашыя хлопцы, баявыя браты, не маюць ані кроплі сумневу. Ідзём біць ворага. Мы робім гэта для нашых сем‘яў і для краіны», – кажа марскі пяхотнік ЗСУ з пазыўным «Капелан».

Украінскія афіцыйныя асобы пакуль не каментуюць прасоўвання войскаў. Поспехі ЗСУ на левым беразе Дняпра пацвярджае амерыканскі Інстытут вывучэння вайны. Таксама ёсць ускоснае пацверджанне гэтаму ад расейскіх прапагандыстаў.

Расея сістэмна ўмешваецца ў выбары

Расейская выведка ўмешваецца ў выбары незалежных дзяржаваў ва ўсім свеце – такую выснову змяшчае дакумент, разасланы выведкай Злучаных Штатаў у больш чым сто краінаў. Як патлумачыў журналістам высокапастаўлены прадстаўнік Пэнтагону, поспех у распаўсюдзе дэзынфармацыі пра каронавірус і ва ўмяшанні ў амерыканскія выбары натхніў Маскву актывізаваць свае спецаперацыі.

Крэмль бачыць каштоўнасць у выкарыстанні шпіёнаў, сацыяльных сетак і расейскіх дзяржаўных СМІ. Вашынгтон прызнае ўласную ўразлівасць перад расейскімі метадамі і папярэджвае іншыя дзяржавы, што расейскія суб’екты распаўсюджваюць дэзынфармацыю для таго, каб падарваць давер да дэмакратычных выбараў у прынцыпе.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».