Ад свінагадоўлі да адукацыі: Лукашэнка зноў наводзіць парадкі


У Лукашэнкі – чарговая нарада: гэтым разам ён узяўся наводзіць парадак у сферы адукацыі. Спойлер: рэвалюцыйных зменаў чакаць не варта. Затое будучых выпускнікоў беларускіх ВНУ чакае сюрпрыз – хутчэй, непрыемны.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Са свінагадоўлі Лукашэнка пераключыўся на адукацыю. Топ-чыноўнікаў ён пясочыў і за рыхтаванне школаў да навучальнага года, і за якасць падручнікаў, і за ўступную кампанію ў ВНУ.

«Але ніякіх кардынальных рашэнняў пасля нашай сённяшняй сустрэчы быць не павінна. Усе сацыялагічныя апытанні паказваюць, што настаўнікі, выкладчыкі, вучні стаміліся ад таго, што мы ўвесь час рэвалюцыйным шляхам спрабуем удасканаліць сістэму адукацыі», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Але навошта тады ўвогуле сустракаліся? Гэтыя размовы гучаць штогод, але ад іх нічога не мяняецца, мяркуе былая настаўніца Ганна Саламонава. Паводле яе, адна з галоўных праблемаў – перагружанасць настаўнікаў.

«Спачатку ім трэба запоўніць журналы як мае быць: гэта гадзіны працы. Потым – правесці ўсе выхаваўчыя захады, а гэта не гадзіна і не дзве. Потым ім трэба сем’і абысці, каб даведацца пра ўмовы жыцця вучняў. І ўсё, час заканчваецца», – распавядае Ганна Саламонава.

Пра гэта, аднак, у стэнаграме нарады – ані слова. Затое шмат увагі аддалі якасці падручнікаў. Пытанні да яе ёсць не толькі ў чыноўнікаў. Па інтэрнэце гуляюць адсканаваныя старонкі беларускамоўнага падручніка біялогіі з дзікімі памылкамі. Ёсць яны і ў падручніках іншых прадметаў, кажа Ганна Саламонава. Праблема ў хуткасці, з якой іх пішуць.

21 верасня Аляксандр Лукашэнка правёў нараду аб адукацыі.
Фота: БелТА

«Мне здаецца, гэта ў нас адбываецца вельмі хутка. Якой бы ні была кваліфікаванай група аўтараў, за кароткі час стварыць якасны падручнік не выйдзе. Памылкі, вядома, будуць. І яны будуць заўжды», – кажа Ганна Саламонава.

У Лукашэнкі свае эксперты ў гэтай тэме: аб праблемах сістэмы адукацыі дакладвалі кіраўнік дзяржаўнага кантролю і генеральны пракурор. Адметна, што падчас нарады яны сядзелі бліжэй да Лукашэнкі, чымся міністр адукацыі, чыю сферу дзейнасці абмяркоўвалі. Зрэшты, людзей у пагонах даўно ўлучылі ў працэс адукацыі і выхавання: яны нярэдкія госці ў школах, дзе апавядаюць пра Другую сусветную вайну і займаюцца гэтак званым вайскова-патрыятычным выхаваннем.

«Пракурор і іншыя сілавыя начальнікі прэзентуюць сабой прыярытэты, якія цяпер склаліся ў сістэме беларускай адукацыі. Яны сваімі постацямі дэманструюць, хто галоўны», – кажа Святлана Мацкевіч, незалежная экспертка ў галіне адукацыі.

У школьнай адукацыі рэвалюцыйных зменаў не абвясцілі. Затое будучых выпускнікоў ВНУ, падобна, чакае сюрпрыз.

«На нашую думку, сёння і бюджэтнік, і платнік маюць адпрацоўваць. Адпаведныя змены мы рыхтуем, каб унесці ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб размеркаванні», – заявіў міністр адукацыі Андрэй Іванец.

Паводле крыніцаў «Нашай нівы», над зменамі ў размеркаванні праца ўжо ідзе. Платнікаў хочуць прымусіць адпрацоўваць адзін год, а бюджэтнікаў – пяць гадоў. Медыкаў і настаўнікаў, якія паступалі паводле мэтавага накіравання, – ажно сямёра.

Валянцін Васіленка, «Белсат»