Летнік ткацкай традыцыі прайшоў на Гомельшчыне


Незабыўны тыдзень правялі аматары беларускіх традыцыяў.

Найлепшыя майстры з вёскі Неглюбка, што на Гомельшчыне, вучылі ўсіх ахвотных тэхналогіі ды сімволіцы ткацтва. Тутэйшая ткацкая традыцыя – нематэрыяльная культурная каштоўнасць Беларусі.

«Самае галоўнае – не той кавалачак тканіны, які кожны з сабою павязе, уласна сатканы ў Неглюбцы, а веды і адчуванне самага роднага, блізкага. І гонар, бо гэта ўсё ж высокая культура, высокамастацкая, высокадухоўная», – кажа арганізатар летніка, дырэктар Веткаўскага музею Пятро Цалка.

Сёлета майстры з усёй Беларусі дзяліліся сваімі сакрэтамі, а таму не дзіўна, што нават у тых, хто ўпершыню сеў за кросны, усё атрымалася!

Гэта ўжо трэці летнік, зладжаны Веткаўскім музеем стараабрадніцтва і беларускіх традыцыяў. Праграма надзвычай насычаная: тут і майстар-класы ў «снаванні», «навіванні» і «накіданні» традыцыйных кроснаў, і вывучэнне беларускіх арнаментаў ды розных тэхнікаў ткацтва, а таксама майстар-класы ў вырабе жаночых аксесуараў.

«Можна рабіць палатно на накідкі, на паланціны, на шалікі, калі ласка! Гэта будзе фурор і гэта будзе вашая адметнасць. Можна ткаць палатно, якое пойдзе на модны цяпер шопер. Калі ласка, вы будзеце самым модным!», – кажа Наталля Дзейка – выкладчыца традыцыйнага ткацтва ў Менскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі

Модным быць хоча шмат хто: на летнік прыязджаюць як з розных куткоў Беларусі, так і беларусы замежжа, як дзеці, так і дарослыя, як жанчыны, так і мужчыны.

«Першапачаткова ткацтва было як жаночым, так і мужчынскім заняткам. Нават пераважна мужчынскім, бо гэта насамрэч нялёгкая справа – гэта патрабуе вялікіх фізічных высілкаў. Але так здарылася, што сталыя войны былі на тэрыторыі Беларусі, і мужчыны адыходзілі», – кажа ўдзельнік летніку Мікола.

У гэтыя хвіліны летнік завяршаецца, цяпер удзельнікі бавяцца на этна-вечарыне са звыклымі неглюбскімі спевамі і танцамі, пасля якой – традыцыйная лазня з венікамі. Калі вы маеце жаданне наведаць такі летнік, то рэзервуйце месца на жнівень наступнага года!

Вольга Старасціна, «Белсат»