Як лукашэнкаўцы ашчэрыліся на заявы пра арышт Лукашэнкі


«На каленях, па кабінетах, выпрошваючы нейкія крымінальныя пераследы».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Так званы дэпутат Алег Гайдукевіч чарговы раз, ужываючы абразы, прапанаваў сілай вывезці Паўла Латушку ў Беларусь, каб пасадзіць яго за краты:

«Гады два таму давалі ўзнагароду 150 долараў, каб яго прывезлі сюды. Павялічваю ўзнагароду – 220 долараў у беларускіх рублях».

Лукашэнкаўскім прапагандыстам відавочна не спадабалася, што каманда НАУ перадала абвінаваўчыя дакументы пракурору Міжнароднага суда ў Гаазе, а таксама ў генеральную пракуратуру Украіны.

«Мы працягнем нашую працу ў зборы доказаў усіх злачынстваў, якія здзейсніў рэжым Лукашэнкі супраць беларускага і ўкраінскага народаў. Мы разумеем, што мы націснулі ў балючае месца рэжыму – таму і ёсць такая рэакцыя. Я думаю, што кожнай з гэтых асобаў трэба задумацца пра сваю будучыню. Гэтая будучыня раней ці пазней наступіць у выглядзе адказнасці», – зазначае намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, кіраўнік НАУ Павел Латушка.

Алег Гайдукевіч.
Фота: Facebook

Лукашэнка незаконна захоўвае фактычную ўладу ў Беларусі, таму выглядае недасягальным для міжнародных судоў. Але дыскусія вакол ордару на ягоны арышт стварае яму рэальныя перашкоды, кажа палітолаг Валер Карбалевіч:

«Гэта псуе ягоную рэпутацыю не толькі сярод краінаў Захаду, але і сярод партнёраў на ўсходзе, на поўдні. І калі сапраўды будзе выдадзены такі дакумент міжнароднага суда, то ўзнікне пэўная праблема для візітаў Лукашэнкі ў гэтыя краіны. Гэта непрыемна».

Днямі Камітэт замежных справаў Еўрапарламенту ў сваёй справаздачы заклікаў арыштаваць узурпатара. Рэжым адказаў заявай «Белай Русі», у якой Лукашэнку назвалі «прэзідэнтам», а еўрапейскіх дэпутатаў згадалі абразлівымі эпітэтамі:

«Злачынная арганізацыя пад назвай “Еўрапарламент” выпусціла рэзалюцыю, якая заклікае міжнародны крымінальны суд выпісаць ордар на арышт […] Аляксандра Лукашэнкі. Нібыта за выкраданне і дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей. Такім чынам еўрабюракраты сёння выступаюць адначасова як “Ірады-дзетазабойцы” і як “фарысеі” – ганіцелі праведніка».

«”Белая Русь” з гэтымі заявамі выглядае анекдатычна і карыкатурна. Таму што Еўрапейскі парламент – гэта структура, якую абіраюць дзясяткі мільёнаў выбарнікаў з еўрапейскіх краінаў, і яны прадстаўляюць сапраўдныя апазіцыйныя партыі. А “Белая Русь” – гэта фэйк, таксама як і фэйк іх “дэпутаты” ў Палаце прадстаўнікоў», – кажа Анатоль Лябедзька, прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у канстытуцыйнай рэформе і парламенцкай супрацы.

Палітык дадае, што менавіта Аляксандр Лукашэнка і Аляксей Талай асабіста публічна зафіксавалі свой удзел у вывазе ўкраінскіх дзяцей. На думку палітыка, гэта можа сведчыць пра поўную непрафесійнасць атачэння ўзурпатара, што не засцерагло свайго шэфа ад абвінавачанняў.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»