Лукашэнку хвалюе экспарт украінскага збожжа


Расейскія караблі ў Чорным моры вучыліся атакаваць ракетамі судна-мішэнь. Праз два дні, пасля заявы Міністэрства абароны краіны пра намер страляць па любых аб’ектах, што рушаць ва ўкраінскія парты. Пры гэтым Расея працягвае ракетныя атакі па чарнаморскіх партах Украіны ды збожжавай інфраструктуры. У ноч на дваццаць першага ліпеня «Калібры» трапілі па тэрміналах аднаго з аграрных прадпрыемстваў Адэскай вобласці. У выніку расейскія войскі знішчылі сто тонаў гароху і дваццаць тонаў ячменю. Гэткія атакі сталі сістэматычнымі пасля таго, як сямнаццатага ліпеня Крэмль заявіў, што выходзіць са збожжавае ўгоды.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Паколькі парты прыкрыць Украіна можа хаця б часткова, але адпаведна другая па прыярытэтнасці мэта – элеватары, фермерскія гаспадаркі. Гэта знішчэнне сабранай сыравіны. Дзеля таго, каб стварыць дадатковую напругу: калі збожжавы калідор не будзе адноўлены, то Украіне давядзецца размяшчаць СПА па ўсёй тэрыторыі і прыкрываць кожны ўмоўны калгас, патлумачыў украінскі палітолаг Алег Саакян.

Паводле эксперта, Масква працягне гэтыя атакі, каб падняць свае стаўкі перад імавернымі трохбаковымі перамовамі з Турцыяй і ААН адносна збожжавай угоды. У ААН такія дзеянні катэгарычна асудзілі ды нагадалі пра міжнароднае гуманітарнае права.

«Генеральны сакратар, са свайго боку, не аслабіць намаганняў па забеспячэнні даступнасці ўкраінскага і расейскага харчавання і ўгнаенняў на міжнародных рынках у рамках сваіх пастаянных намаганняў па барацьбе з голадам у свеце і забеспячэнні стабільных цэнаў на прадукты харчавання для спажыўцоў ва ўсім свеце», – паведаміў прэс-сакратар ААН Стэфан Дзюжарык.

Пра харчовую бяспеку, але ў межах адной краіны, Лукашэнка казаў на нарадзе, прысвечанай пытанням уборачнай кампаніі. Патрабаваў, каб на стале беларусаў быў і хлеб, і штось да хлеба. Але прызнаў, што сітуацыя ў галіне далёкая ад ідэальнай. Прынамсі, у кожнай другой гаспадарцы камбайны не гатовыя да працы. У выніку забараніў звальняцца работнікам калгасаў без згоды кіраўнікоў. Затое з пасады знялі міністра сельскай гаспадаркі. Выказаўся Лукашэнка і наконт перавозак збожжа:

«Палякі і іншыя так дбалі за Украіну, што сёння адмовіліся наогул спрэс прадукцыю з Украіны пускаць на сваю тэрыторыю. Вось і ўвесь рынак».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Загрузка збожжа.
Фота: Міністерство інфраструктури України / Facebook

Але гэта не адпавядае рэчаіснасці. У Польшчы, Славаччыне, Балгарыі, Румыніі ды Вугоршчыне да пятнаццатага верасня трываюць абмежаванні на імпарт украінскага збожжа. Але транзіт праз гэтыя тэрыторыі не забаронены. Да таго ж у Літве кажуць пра магчымасць транспартавання ўкраінскага збожжа праз балтыйскія парты.

«У гэтым выпадку размова ідзе пра транзіт збожжа, каб яго можна было далей транспартаваць з Польшчы ў іншыя краіны свету, а не пра тое, што збожжа застаецца там. Вядома, з салідарнасці мы ўсе мусім дапамагаць Украіне: і Літва, і Польшча», – заявіла дарадца прэзідэнта Літвы Аста СкайсгірыцеЛяўшкіене.

Таму падчас сённяшняе нарады Лукашэнка прадэманстраваў свой нізкі ўзровень кампетэнтнасці, мяркуе каардынатар экспертнай сеткі «Наше мнение» Вадзім Мажэйка:

«Проста нешта краем вуха пачуў, раздруковачку яму прынеслі. І вось ён узгадаў, што, глядзіце, дакладна я ведаў, што Украіну ніхто не падтрымае. Трэба як мы: трымацца разам з Расеяй і ўсё. Гэта такое апраўданне сваёй палітыкі і знаходжанне ёй нейкіх аргументаў – не больш за тое».

Украінскія ўлады разлічваюць, што найбліжэйшым часам Еўракамісія дазволіць субсідаваць транспартаванне збожжа праз дальнія еўрапейскія парты. Паводле міністра аграрнай палітыкі і харчавання краіны Міколы Сольскага, гэта ў тым ліку дазволіць нарасціць перавозку аграпрадукцыі так званымі калідорамі салідарнасці Еўразвязу.

Ірына Юрʼева, «Белсат»