Тыдзень супраць катаванняў: у беларускіх турмах штодзень катуюць людзей


Штодзень беларусы за кратамі рызыкуюць стаць ахвярамі гвалту і катаванняў. Пра гэта нагадваюць беларускія праваабаронцы падчас Тыдня супраць катаванняў. З 19 да 26 чэрвеня ў Польшчы, Літве і Грузіі пройдзе шэраг тэматычных падзеяў. Напрыклад, у Вільні сёння запрацавала гукавая інсталяцыя.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«4-5 супрацоўнікаў гадоў пяцідзесяці, адзін з іх сказаў: “Мне б зараз аўтамат, я б вас, сукі, усіх расстраляў!” Вось гэта было страшна!» – гэта гісторыя беларуса, які пацярпеў ад гвалту сілавікоў падчас мірных пратэстаў 20-га года. Гукавая інсталяцыя з рэальнымі аповедамі беларусаў арганізаваная ў былым будынку КДБ у Вільні. Цяпер гэта літоўскі Музей акупацыі і барацьбы за свабоду.

«Калі людзі чуюць гэтыя гісторыі, то выгляд у іх вельмі задуменны і сумны, але пры гэтым бачна, што яны перажываюць і цікавяцца, лістаюць улёткі», – тлумачыць валанцёрка Таццяна.

На сёння праваабаронцы задакументавалі больш за 1700 сведчанняў пацярпелых ад сілавікоў.

«Тое, што адбывалася ў жніўні 20-га года, тое, што адбываецца цяпер, – гэта катаванні з мэтай пакараць людзей за тое, што яны выйшлі на пратэсты, за тое, што яны не згодныя з гэтай уладай», – каментуе кіраўніца праваабарончай арганізацыі «Прававая ініцыятыва» Вікторыя Фёдарава.

Разам з Міжнародным камітэтам расследавання катаванняў у Беларусі «Прававая ініцыятыва» падрыхтавала дакумент аб гвалце ў Савецкім РУУСе Менску 9-13 жніўня 2020-га. Тады сілавікі здзекаваліся, збівалі і бесчалавечна абыходзіліся з затрыманымі пратэстоўцамі.

Унутраны двор РУУС Савецкага раёну. Мінск, 10-11 жніўня 2020 года.
Фота: fruman.info

Праваабаронцы прыводзяць наступныя сведчанні ахвяраў катаванняў:

«Хадзілі з аўтаматамі. Адчуванне было, што трапіў у канцлагер. Тузалі затворы аўтаматаў і пагражалі расстраляць

усіх, калі хоць хтосьці пабяжыць».

«Усю ноч не вадзілі ў прыбіральню, гадзінаў у 9-10 раніцы, калі прыйшлі курсанты, пачалі вадзіць у прыбіральню і даваць ваду, 2 ці 3 бутэлькі на сотню чалавек».

«І вось калі прывезлі з “Рыгі”, вось з імі было самае жорсткае. Вось яны стагналі, бедненькія… Іх вельмі моцна білі».

У расследаванні называюцца імёны 22 супрацоўнікаў міліцыі, адказных за катаванне і гвалт у Савецкім РУУСе. Сярод іх – начальнік установы Сяргей Каліннік, які, паводле сведчанняў апытаных, асабіста браў удзел у гвалце і кіраваў ім, а таксама ягоны намеснік Цімур Кесель, які найбольш жорстка збіваў людзей ва ўнутраным дворыку РУУСу.

«Усё гэта робіцца дзеля таго, каб ні адзін вінаваты карнік не мінуў устаноўленай законам адказнасці. Рана ці позна рэжым зменіцца, і тады кожны сілавік, які браў удзел у катаваннях, будзе прыцягнуты да ўстаноўленай законам адказнасці», – кажа сузаснавальнік праваабарончай арганізацыі «Прававая ініцыятыва» Сяргей Усцінаў.

Год таму праваабаронцы апублікавалі справаздачу пра катаванні затрыманых у жніўні 20-га ў Фрунзенскім РУУСе сталіцы. Высновы былі аналагічныя: гвалтоўныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі ў дачыненні затрыманых пратэстоўцаў – злачынныя як паводле беларускага (арт. 128 Крымінальнага кодэксу), так і паводле міжнароднага права (п. 1. арт. 7 Рымскага статуту Міжнароднага крымінальнага суда). На жаль, катаванні працягваюцца і цяпер.

«Закону ў Беларусі не існуе, асабліва па палітычных матывах палітвязняў катуюць у турмах, ім адмаўляюць у перадачах, адмаўляюць у званках. Шмат палітвязняў, пра якіх мы не ведаем, што з імі адбываецца, пра іх няма ніякай інфармацыі», – тлумачыць сузаснавальнік праваабарончай арганізацыі «Прававая ініцыятыва» Сяргей Усцінаў.

Па фактах катаванняў мірных грамадзянаў рэжымам Лукашэнкі сваё расследаванне ў межах універсальнай юрысдыкцыі праводзіць Літва. І вядзецца праца над тым, каб іншыя краіны таксама ўзяліся расследаваць злачынствы самаабвешчанага прэзідэнта і ягоных сілавікоў.

Аліна Скрабунова, «Белсат»