Палітычны пераслед у Беларусі працягваецца


20 і 19 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Такія тэрміны запрасіла сёння пракурорка для Сцяпана Пуцілы і Яна Рудзіка адпаведна. Суд над гэтымі фігурантамі па справе «НЕХТА» праходзіць завочна. Для Рамана Пратасевіча, які знаходзіўся ў судовай залі, запрасілі 10 гадоў. Яго прапанавалі ўзяць пад варту ў залі суда, да гэтага блогер быў пад хатнім арыштам.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Стваральнікаў і рэдактараў праекту «NEXTA», прызнанага ў Беларусі тэрарыстычнай арганізацыяй, вінавацяць паводле шэрагу крымінальных артыкулаў. Ім інкрымінуюць здзяйсненне не менш чым тысячы пяцісот васьмідзесяці шасці злачынстваў. Рашэнне пракуроркі Наталлі Сакаловай пракаментаваў Сцяпан Пуціла.

«20 гадоў калоніі строгага рэжыму для мяне вынес лукашэнкаўскі суд. У мяне першае пытанне: чаму не 25? Мне сёлета як раз столькі ж, было б сімвалічна, як падарунак. Маё апошняе жаданне. Суд быў завочным, ці можна завочна адсядзець? А ўсім лукашэнкаўскім суддзям, пракурорам ды іншым “адбросам” хачу сказаць: мы з вамі сустрэнемся значна раней, чым праз 20 гадоў. Усё таму што Жыве Беларусь і Слава Украіне», – заявіў заснавальнік праекту «NEXTA» Сцяпан Пуціла.

Днямі Раману Пратасевічу выставілі новае абвінавачанне за адміністраванне тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга». Блогер абвінавачвання не прызнаў, бо фармальна кіраваў каналам два-тры месяцы, калі той не быў занесены ў спіс экстрэмісцкіх рэсурсаў. Пратасевіч таксама часткова прызнаў урон, нанесены «Мінсктрансу» праз спыненне транспарту, але не прызнаў сумы ўрону, каля дваццаці пяці мільёнаў, што нібыта пайшлі на аплату працаўнікам Міністэрстваў унутраных справаў, надзвычайных сітуацыяў і аховы здароўя.

«Яны яго выкарысталі – і ён ім не патрэбны. Ні на волі, ні за мяжой. Навошта? Каб ён выехаў і расказваў, што з ім адбывалася. Калонія – самае бяспечнае для іх месца. Таму, вядома, ён паедзе ў калонію, я не сумняваюся ў гэтым», – заявіў праваабаронца «Human Rights Impact» Раман Кісляк.

А Менскі гарадскі суд разгледзеў апеляцыйныя скаргі ў справе «Вясны» і пакінуў іх без задавальнення. Нагадаем, раней нобэлеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму і ягоным паплечнікам Валянціну Стэфановічу і Уладзіміру Лабковічу былі прызначаныя тэрміны ад сямі да дзесяці гадоў калоніі. Сёння прысуд палітзняволеным праваабаронцам увайшоў у сілу – неўзабаве іх этапуюць у калонію.

«Як правіла, гэтыя ўсе тэрміны прыходзяць з іншых месцаў. Я думаю, гэтыя пытанні вырашаюцца не ў судзе. Суд перастаў быць незалежным, па гэтых справах – так дакладна. Ён не адпавядае крытэрыю незалежнасці, ён выконвае замову органаў улады», – дадаў Раман Кісляк.

У Кобрыне сілавікі прыходзілі да сваякоў былога палітвязня Віталя Жука, які цалкам адбыў паўтарагадовы тэрмін за каментар пра Лукашэнку і выйшаў на волю.

«Быў праведзены ператрус у маці маёй жонкі, у маёй маці. Гэтак жа яны паехалі ў кватэру, ў якой мы пражывалі з жонкай, калі адтуль з’ехалі, праводзілі ператрус там. Яны аглядалі памяшканне, цікавіліся маёмасцю якая ёсць у нас», – паведаміў былы палітзняволены Віталь Жук.

Былы палітвязень паведаміў, што супраць яго могуць пачаць спецыяльнае вядзенне крымінальнай справы. Раней Віталь разам з жонкай пакінуў Беларусь праз пагрозы з боку мясцовага сілавіка.

«На гэты раз мы пасадзім цябе і тваю жонку ўсімі незаконнымі спосабамі. Калі ў той год нам трэба было звяртацца да законных метадаў, то на гэты раз прыму ўсе незаконныя спосабы і я ўстараню цябе і тваю жонку», – сказаў Віталю Жуку намеснік начальніка Кобрынскага РУУС Касяк Аляксандр Міхайлавіч.

Таксама Віталь Жук можа стаць першым беларусам, якога пазбавяць грамадзянства. Прынамсі, акурат пазбаўленнем грамадзянства пагражалі сілавікі, якія прыйшлі здзяйсняць ператрус.

Андрэй Сульжыц «Белсат»